Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебску ва ўзросьце 69 гадоў памёр эколяг Анатоль Дарафееў.

Пра Анатоля Дарафеева я пачуў у 1988 годзе, калі загадчык катэдры Віцебскага пэдінстытуту падтрымаў тых, хто змагаўся супраць будаўніцтва Віцебскай АЭС. Гэта было нечакана: у правінцыі навукоўцы звычайна пазьбягаюць сварыцца з начальствам. АЭС плянавалі разьмяшчаць на радзіме Дарафеева, у Гарадоцкім раёне, і, напэўна ж, у ягонай пазыцыі прысутнічаў і сантымэнт да “малой радзімы”, -- але, канешне, больш было прафэсійнага ўсьведамленьня небясьпекі ядзернага гіганту для экалягічнай сыстэмы Паазер’я.

Такая прынцыповасьць Анатоля Дарафеева прыдалася ў першыя гады беларускай незалежнасьці.

У 1990-ым годзе Васіль Быкаў у адным з інтэрвію, характарызуючы кіраўніцтва Беларусі як пракамуністычнае і рэтраграднае, выказаў спадзяваньне на новага прэм’ер-міністра. Ім быў Вячаслаў Кебіч – і спачатку ён сапраўды рабіў заявы пра неабходнасьць рынкавых пераўтварэньняў і зьмену кіруючай каманды. І, нібыта, пачаў рабіць такія зьмены, прапанаваўшы пасады міністраў некалькім асобам, не абцяжараным вопытам савецкага апаратнага кіраваньня. Але такіх людзей можна пералічыць на пальцах адной рукі. Адным зь іх і быў Анатоль Дарафееў, які ўзначаліў дзяржкамітэт у справе экалёгіі (пазьней пераўтвораны ў міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя).

Хутка стала відавочнай вартасьць слоў прэм’ера і пра рэформы, і пра “абнаўленьне”, а постаць дэмакратычнага навукоўцы Дарафеева дысанавала з той камандай, якая стварыла перадумовы для пазьнейшага ўмацаваньня аўтарытарызму. Але ніколі ня меў жаданьня запытацца ў яго, чаму ён застаецца на пасадзе міністра – бо тое, што рабіў Дарафееў дзеля захаваньня экалёгіі, наўрад ці мог зрабіць гэтак жа прафэсійна нехта іншы. Шмат у чым дзякуючы намаганьням Дарафеева міжнародныя арганізацыі пачалі дапамагаць Беларусі, пацярпелай і ад Чарнобыля, ад міліярацыі, ад гіганцкіх сьвінакомплексаў. Дзякуючы Анатолю Дарафееву Беларусь першай з краінаў былога СССР ратыфікавала Міжнародную канвэнцыю па біяразнастайнасьці. Здаецца, пры фармаваньні кабінэту ў выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Зянона Пазьняка ў 1994 годзе нават не разглядалася мэтазгоднасьць новай кандыдатуры на пасаду “экалягічнага” міністра.

Бясспрэчна, што Дарафееў ніколі ня даў бы згоду на будаўніцтва ў Беларусі АЭС.

Пры Лукашэнку Дарафееў вярнуўся ў Віцебск – у новай улады было сваё разуменьне прыродных рэсурсаў, якія пераўтварыліся ў рэсурсы папаўненьня “нябачнага” бюджэту.

Беларуская мова для Дарафеева была роднай. У апошнія гады ён нечакана для многіх заняўся творчасьцю пісьменьніка Яна Баршчэўскага, шмат зрабіў для ўшанаваньня на Расоншчыне яго памяці і нават быў рэдактарам выдадзенага ў Віцебску зборніка.

Ужо напісаўшы гэты тэкст, я быў вымушаны павыкрэсьліваць зь яго словы – “прафэсар”, “доктар навук”. Аказваецца, Дарафееў не абараняў доктарскую дысэртацыю – хаця на пасадзе міністра экалёгіі для яго гэта было б фармальнай справай (дзесяткі чыноўнікаў на меншых пасадах зрабілі сабе (ці – ім зрабілі) доктарскія ступені).

І гэта, магчыма, адзін з галоўных урокаў, які даў сваім вучням дацэнт Анатоль Дарафееў.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG