Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бадай, большасьць з нас хоць аднойчы адчулі на сабе, што такое лекарская памылка. Камусьці запозна аказалі кваліфікаваную мэдычную дапамогу — і ў выніку хвароба з вострай ператварылася ў хранічную. Камусьці падчас выдаленьня зуба ці яшчэ пры якой хірургічнай працэдуры занесьлі інфэкцыю, якая выклікала ўскладненьні. Камусьці няправільна склалі косьці пасьля пералому. Камусьці пералілі няякасную кроў. Камусьці, паставіўшы ня той дыягназ, без патрэбы выдалілі малочную залозу ці матку. Наступствы такіх памылак бываюць самыя розныя. Паводле статыстыкі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), ад лекарскіх памылак гіне больш людзей, чым у дарожна-транспартных здарэньнях. Так, у ЗША ад няслушнай дыягностыкі штогод цярпяць 1,5 мільёна чалавек (зь іх паміраюць 80—100 тысяч), у Вялікабрытаніі — амаль 850 тысяч, у Аўстраліі — 400 тысяч, у Канадзе — прыблізна 185 тысяч.

Як сьведчыць эўракамісар па пытаньнях аховы здароўя Андрула Васіліў, у краінах ЭЗ лячэньне наносіць шкоду прыкладна кожнаму дзясятаму пацыенту. Прычым найвышэйшыя паказчыкі назіраюцца ў маладых краінах Зьвязу, найніжэйшыя — у такіх краінах, як Нідэрлянды, Данія, Люксэмбург, Швэцыя, Нямеччына.

У Беларусі афіцыйнай статыстыкі лекарскіх памылак не існуе


Калі браць постсавецкую прастору, то ў Расеі, паводле афіцыйных зьвестак, штогод ад няякаснай мэдычнай дапамогі паміраюць 50 тысяч чалавек, яшчэ болей з гэтай прычыны робяцца інвалідамі. У Беларусі тэму лекарскіх памылак можна назваць закрытай. Тым ня менш пра яе актуальнасьць можна меркаваць, зыходзячы з дадзеных, якія час ад часу публікуе Дзяржаўная служба мэдычных судовых экспэртыз Беларусі. Згодна зь імі, ад пачатку стагодзьдзя колькасьць судовых экспэртызаў, прызначаных праваахоўнымі органамі ў справах аб неналежным аказаньні мэдычнай дапамогі, узрастае на 15—20% штогод. У 2000 годзе такіх расьсьледаваньняў было праведзена 65.

У сваёй публікацыі на старонках спэцыялізаванага выданьня "Медицинский вестник" адзін зь вядучых мэдычных экспэртаў Андрэй Фаменка выказаў думку, што афіцыйнай статыстыкі лекарскіх памылак не існуе, а даступныя зьвесткі пра іх "разрозьненыя і недакладныя". Разам з тым, паводле экспэрта, "кожны кіраўнік шпіталя і паліклінікі ведае, што памылкі і неспрыяльныя сытуацыі ў роднай мэдыцыне — ня рэдкасьць".

Паводле дадзеных, на якія абапіраецца экспэрт Фаменка, "у судовыя інстанцыі зьвяртаюцца, як правіла, менш за 5% пацярпелых, таму можна чакаць, што рэальная колькасьць неспрыяльных выпадкаў у ахове здароўя Беларусі значна большая".

У краінах СНД першую пазыцыю сярод галін мэдыцыны па колькасьці грамадзянскіх пазоваў займае стаматалёгія. На другім месцы — акушэрства і гінэкалёгія (нярэдка лекарскія памылкі тут могуць прыводзіць да сьмерці або інваліднасьці), далей ідуць анэстэзіялёгія і рэаніматалёгія, плястычная хірургія, экстраная апэрацыйная хірургія, сасудзістая хірургія, афтальмалёгія, кардыялёгія.

У якасьці прычынаў гэтай трывожнай зьявы экспэрты называюць недахоп высокакваліфікаваных мэдычных кадраў.
Найбольш прэтэнзіяў хворыя і іх блізкія маюць да стаматолягаў, акушэраў-гінэколягаў, анэстэзіёлягаў, экстраных, плястычных, сасудзістых хірургаў, афтальмолягаў, кардыёлягаў.
У Беларусі ў апошнія некалькі гадоў з аховы здароўя штогод сыходзіць 1,5—1,7 тысячы чалавек. Тэмпы падрыхтоўкі лекараў, нягледзячы на павелічэньне прыёму ў мэдыцынскія ВНУ, не адпавядаюць адтоку спэцыялістаў і іх недахопу ў сыстэме Міністэрства аховы здароўя. У Беларусі патрэба ў лекарскіх і правізарскіх кадрах складае каля 5 тысяч чалавек, зь якіх 1737 — профільныя адмыслоўцы.

Высокую колькасьць мэдычных памылак можна патлумачыць і недастатковым фінансаваньнем мэдыцыны. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, дзеля пасьпяховага разьвіцьця гэтай галіны на яе трэба выдаткоўваць 7—8% ВУП. У Беларусі гэтая лічба роўная 4,2% (для параўнаньня: у ЗША выдаткі складаюць 14%, у Малдове — 1,6% ВУП).

Тым часам маскоўскі экспэрт Аляксандар Саверскі з расейскай Лігі абароны пацыентаў называе і іншыя прычыны: "У нас узьнік такі эфэкт у сыстэме, якія мы называем "індустрыяй інвалідызацыі грамадзтва".

Атрымаць эфэктыўную дапамогу ў паліклініцы вельмі цяжка, запісвацца да спэцыялістаў трэба за месяцы наперад.

"У гэтых умовах чалавек працягвае працаваць, не наведваючы паліклінікі. Па сутнасьці, яго даводзяць да стацыянару, дзе яго пачынаюць не лячыць, а ратаваць. Так чалавек становіцца інвалідам", – кажа Саверскі.

Паводле адмыслоўцаў, дасягнуць высокай якасьці мэддапамогі без рашэньня праблемаў бясьпекі пацыентаў немагчыма. У сваю чаргу, беларускі экспэрт Андрэй Фаменка лічыць мэтазгодным распрацаваць і стварыць у краіне эфэктыўную сыстэму справаздачнасьці, "якая будзе спалучаць у сабе функцыі кантролю і навучаньня ўсіх, хто стаіць на службе здароўя".

Што павінен ведаць пацыент

Не апошнюю ролю адыгрывае і такі фактар, як мэдычная культура пацыентаў, веданьне імі сваіх правоў. Так, хворы мае права разьлічваць на тое, што лекар цалкам праінфармуе яго пра захворваньне і яго магчымыя ускладненьні, варыянты лячэньня хваробы, магчымую рызыку, а таксама пра наступствы, калі ён адмовіцца ад прапанаванай тэрапіі.

Акрамя таго, пацыент павінен ведаць, што яго нельга лячыць супраць волі. Зразумела, калі гэта не псыхічна хворы, чыё знаходжаньне ў грамадзтве стварае небясьпеку. Па сутнасьці, у гэтых пунктах правы беларускіх хворых мала чым адрозьніваюцца ад правоў хворых шэрагу разьвітых заходніх краін. Іншая справа — што ў беларускага пацыента больш абмежаваны выбар у атрыманьні мэдычнай дапамогі. Напрыклад, ён можа трапіць у стацыянар выключна па месцы прапіскі, тым часам як жыхары краін ЭЗ маюць права на свабодны выбар лекара — хоць побач з домам, хоць у іншым горадзе.

Кожны пацыент мае таксама права паглядзець сваю гісторыю хваробы і зрабіць зь яе копію. Пры гэтым ён адзіны, за выключэньнем лекара, хто мае доступ да такой інфармацыі. Разгалошваньне асабістых дадзеных пацыентаў, іх перадача трэцім асобам, напрыклад, працадаўцу, не дапускаецца і можа карацца ў судовым парадку.

Таксама пацыенты краін ЭЗ маюць права на паважлівае стаўленьне з боку мэдычнага пэрсаналу: напрыклад, лекар і мэдсёстры абавязаныя ўлічваць рэлігійныя патрэбы пацыента. Наведаць хворага ў тым жа нямецкім шпіталі можна практычна ў любы час сутак, калі, вядома, гэты пацыент не ў рэанімацыі.

У сваю чаргу, той жа нямецкі лекар адказвае за сваю дзейнасьць і, паводле закону, нясе адказнасьць за магчымую шкоду здароўю свайго пацыента. Хворы мае права патрабаваць ад лекара сатысфакцыі за нядбайнасьць, няслушны дыягназ ці няправільную тэрапію. Пры гэтым сума кампэнсацыі бывае даволі значнай: яе складаюць і выдаткі на дадатковае лячэньне, і кампэнсацыя страчаных магчымасьцяў, і маральная кампэнсацыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG