Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі шпіянаж як адлюстраваньне ўрадавага мэнталітэту


Праз два дзесяцігодзьдзі пасьля распаду савецкага блёку, расейскія службы актывізуюць сваю дзейнасьць у былых камуністычных краінах, якія цяпер зьяўляюцца сябрамі Эўрапейскага зьвязу і НАТА.

Нядаўна ў Чэхіі выбухнуў найбуйнейшы за апошнія часы шпіёнскі скандал з удзелам расейскага агента, што, на думку чэскіх спэцслужбаў, сьведчыць аб працягу варожай стратэгіі Расеі.

Гэты сьпіс уражвае: кіраўнік Ваеннай канцылярыі прэзыдэнта, ваенны прадстаўнік Чэхіі пры вышэйшым камандаваньні НАТА ў Эўропе, намесьнік начальніка генэральнага штабу. Усе яны былі адпраўленыя ў адстаўку пасьля таго, як высьветлілася, што расейскі агент меў інфарматара ў іх офісе.

Расейскі агент, які працаваў псыхолягам у сыстэме папраўчых установаў Чэхіі, атрымліваў сакрэтную інфармацыю ад сваёй знаёмай – маёра чэскай арміі, якая ў розны час кіравала канцылярыямі трох генэралаў. Агент зьнік летась і, як мяркуецца, знаходзіцца цяпер у Расеі.

Мала каго ў Чэхіі зьдзівіла гэтая навіна – асабліва пасьля нядаўняга скандалу з закансэрваванымі расейскімі шпіёнамі ў ЗША. Былы кіраўнік чэскай ваеннай выведкі Карэл Рандак упэўнены:

– Яны працуюць паўсюль: у ЗША, У Вялікабрытаніі, у Паўднёвай Амэрыцы. Так што я ня зьдзіўлены і мяркую, што Чэская Рэспубліка – не выключэньне.
Для Ўладзімера Пуціна характэрнае такое ўспрыняцьце сьвету, што ўсё, што гаворыцца адкрыта, ад пачатку зьяўляецца няпраўдай.

Пакуль невядома, якую карысную інфармацыю ўдалося – калі наогул удалося – сабраць расейскаму агенту. Паводле чэскіх СМІ, шпіён быў вядомы чэскай контрвыведцы на працягу шэрагу гадоў. Але ягоны выпадак сьведчыць пра ўзмацненьне расейскай шпіёнскай дзейнасьці ў Чэхіі. Паводле ацэнак чэскіх спэцслужбаў, як найменей, траціна расейскага дыпляматычнага корпусу ў Празе – а гэта каля 60 чалавек – займаюцца шпіянажам.

У нядаўнім дакладзе чэскіх спэцслужбаў папярэджваецца, што рускі шпіянаж зьяўляецца агрэсіўным і пастаянна расьце – асабліва ў галіне энэргетычнага бізнэсу.

Маскоўскі ваенны экспэрт Аляксандар Гольц мяркуе, што ўрад Расеі ўсё ў большай ступені залежыць ад інфармацыі, атрыманай праз шпіёнскія сеткі. На ягоную думку, гэта адлюстроўвае мэнталітэт цяперашніх кіраўнікоў краіны:

– Для Ўладзімера Пуціна, мне здаецца, вельмі характэрнае такое ўспрыняцьце сьвету, што ўсё, што гаворыцца адкрыта, ад пачатку зьяўляецца няпраўдай. Праўда схаваная, і яе трэба дастаць і даведацца спэцыяльнымі сродкамі.

На думку чэскага журналіста Яраслава Плесла, «старамодны» шпіянаж, які залежыць ад разьведвальных службаў, зьяўляецца толькі часткай таго, як Масква пашырае свой уплыў у Чэхіі. Кантраляваныя дзяржавай расейскія кампаніі лябіруюць інтарэсы Расеі, пераважна ў энэргетычным сэктары.
Пакуль Нечас знаходзіцца ля ўлады, мы будзем чуць усё больш інфармацыі пра ўплыў Расеі ў Чэхіі.

У Чэхіі кантраляваныя Газпромам кампаніі займаюць 12 % унутранага паліўнага рынку. «Лукойл» купіў сетку заправачных станцыяў і, як лічыцца, імкнецца ўзяць кантроль над нафтаправоднай сеткай краіны.

Але больш, чым проста нафтай і газам, Крэмль зацікаўлены галіной, якая зьяўляецца цэнтральнай для забесьпячэньня энэргетычнай незалежнасьці Чэскай Рэспублікі: ядзернай энэргетыкай. Расейская кампанія, кантраляваная дзяржавай, возьме сёлета ўдзел у тэндэры на будаўніцтва двух ядзерных рэактараў, і, як мяркуюць многія, яна пераможа.

Тым ня менш, прыход сёлета да ўлады новага ўраду ў Чэхіі можа затармазіць рост тут расейскага ўплыву. На думку журналіста Яраслава Плесла тое, што звычайна скрытная чэская выведка апублікавала інфармацыю пра расейскага агента, можа сьведчыць аб тым, што правацэнтрысцкі прэм'ер-міністар Пэтр Нечас – былы намесьнік міністра абароны – можа быць больш сур'ёзным у барацьбе з уплывам Масквы, чым ягоныя папярэднікі.

– Да таго часу, пакуль Нечас знаходзіцца ля ўлады, мы будзем чуць усё больш інфармацыі пра ўплыў Расеі ў Чэхіі. Гэта можа азначаць у будучыні ўсё больш выкрываньняў расейскіх шпіёнаў.
XS
SM
MD
LG