Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць выстава сатырычных партрэтаў Лукашэнкі


Студэнтка Акадэміі мастацтваў у Познані Цэліна Скшэбчак вырашыла прадэманстраваць сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі і намалявала 13 партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі. Выстава ўжо пабывала ў Баранавічах, зараз яна дэманструецца ў Менску, ва Ўправе БНФ.

Яраслаў Грышчэня, адзін з арганізатараў выставы, распавёў, што Цэліна Скшэбчак — 21-гадовая студэнтка Акадэміі мастацтваў у Познані. Яна сябруе зь беларускім студэнтамі-каліноўцамі і вельмі занепакоеная праблемамі Беларусі, двойчы пабывала тут:

«Яна чалавек — якога насамрэч турбуюць праблемы блізкай да яе краіны, чалавек, усхваляваны тым, што палякі ведаюць, што ў Беларусі дыктатура, але нічога ня робяць, таму што ўсім „пофіг“, груба кажучы. У мінулым годзе яна паглядзела нашу Плошчу і вырашыла зрабіць сэрыю карцін, прысьвечаную Беларусі. Яна намалявала 13 карцін, якія прыехалі на Беларусь».


Упершыню маладая мастачка паказала гэтыя карціны ў сваёй акадэміі ў Познані ў канцы навучальнага году і прысьвяціла выставу сваім сябрам-студэнтам, якія навучаюцца ў акадэміі па праграме Каліноўскага. Пасьля зьявілася ідэя паказаць іх і ў Беларусі. Карціны правозілі ў Беларусь кантрабандай. Спачатку выставу паказалі ў Баранавічах, распавёў Яраслаў Грышчэня:

У Баранавічах выстава прашла ў падпольных умовах, то бок на прыватнай кватэры, куды папросту запрашаліся людзі, іх вялі нейкімі вакольнымі шляхамі, каб не было ніякай міліцыі..
«У Баранавічах яна прайшла ў стопрацэнтова падпольных умовах, то бок на прыватнай кватэры, куды папросту запрашаліся людзі, іх вялі нейкімі вакольнымі шляхамі, каб не было ніякай міліцыі. Ну проста як у 1937 годзе. Дэманстраваліся карціны цягам тыдня, каля 300 чалавек іх пабачылі».

Вобразы палітыкаў, лідэраў краінаў заўсёды былі ў цэнтры ўвагі карыкатурыстаў, мультыплікатараў. Беларускія мастакі — не выключэньне. Тут можна згадаць творчасьць Алеся Пушкіна або Артура Клінава сярэдзіны 1990-х. Выдавец газэты «Навінкі» Павал Канавальчык кажа:

«Тэма палітычных дзеячаў заўжды, ва ўсіх краінах была тэмай нумар адзін у сатырыкаў, карыкатурыстаў. Бо ўсё, што адбываецца ў грамадзка-палітычным жыцьці кожнай краіны, не застаецца па-за ўвагай сатырыкаў. Тут можна прыгадаць славутага дацкага карыкатурыста Бідструпа».

Што да партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі ў прадстаўленьні Цэліны Скшэбчак, арганізатар выставы Яраслаў Грышчэня так ацэньвае іх і іх значэньне для беларускага гледача:

«Карціны насамрэч зьяўляюцца двухсэнсоўнымі. З аднаго боку, там намаляваны прэзыдэнт, а з другога — прэзыдэнт ва ўсіх ягоных абліччах. Бальшыня людзей павінна зразумець, хто кіруе гэтай краінай і хто тут правіць баль».

Карэспандэнтка: «На каго яна разьлічана ў Менску?»

«У асноўным на моладзь, якая ня мае ніякага разуменьня, што адбываецца ў краіне. Так, ёсьць прэзыдэнт і ёсьць апазыцыя. А што робіць апазыцыя і што робіць прэзыдэнт — ніхто толкам ня ведае. То бок гэтая выстава — пачатак руху, які будзе адбывацца да самых прэзыдэнцкіх выбараў».


У Менску выстава будзе дэманстравацца да 13 жніўня. Далей плянуецца паказаць яе ў Віцебску і Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG