Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў, якія маюць іранскі капітал,— ЗАТ "Онэрбанк" і "Банк гандлёвы капітал" (кароткая назва — "ГК Банк"). Санкцыі ўхваленыя ў сувязі з іранскай ядзернай праграмай. Яны тычацца кампаній, якія кантралююцца іранскім урадам.

Кіраўніцтва і "Онэрбанку", і "Банку гандлёвы капітал" адмовілася камэнтаваць рашэньне ўраду ЗША аб санкцыях. Толькі ў "Банку гандлёвы капітал" неафіцыйна сказалі "Свабодзе", што амэрыканскія санкцыі на іх дзейнасьць не паўплываюць.

Абодва банкі — маладыя невялікія кампаніі, яны ня маюць ні філіялаў, ні прадстаўніцтваў. "Онэрбанк" зарэгістраваны Нацбанкам Беларусі ў 2009 годзе, "ГК Банк" — у 2008-м.

Кіраўнік "Онэрбанку" і ўвесь топ-мэнэджмэнт — грамадзяне Ірану. "ГК Банкам" кіруе беларус.

"Онэрбанк" належыць іранскім банкам "Рэфах Каргаран", "Садэрат", "Тасэе Садэрат", а кантрольнай доляй "ГК Банку" (97,6 працэнта) валодае іранскі банк "Тэджарат".

Да асноўных напрамкаў дзейнасьці "Банку гандлёвы капітал" адносяцца фінансаваньне і ўзаемаразьлікі ў гандлі паміж Беларусьсю і краінамі Блізкага Ўсходу, садзейнічаньне буйнамаштабным інвэстыцыям з гэтага рэгіёну ў Беларусь. Памер нарматыўнага капіталу "ГК Банку" — 11,4 мільёны эўра.

У Нацыянальным банку Беларусі перакананыя, што два названыя банкі з іранскім капіталам ня маюць дачыненьня да ядзернай праграмы. Такую думку некалькі дзён таму выказаў старшыня праўленьня Нацбанку Пётар Пракаповіч. З падобнай заявай сёньня выступіў і афіцыйны прадстаўнік НББ Мікалай Журавовіч:

"Банкі створаныя для разьвіцьця гандлёва-эканамічных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Іранам. Яны падпарадкоўваюцца беларускім законам і працуюць толькі ў гэтай галіне. Як і ўсе банкі, яны дзейнічаюць пад кантролем Нацбанку".

Паводле спадара Журавовіча, замежны капітал прысутнічае ў 25 беларускіх банках. У 7 зь іх статутны фонд мае стопрацэнтнае замежнае паходжаньне.

Менскі эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што пракантраляваць канкрэтныя разьлікі гэтых банкаў Нацыянальны банк ня можа — напрыклад, плату за нейкае абсталяваньне:

"А хто будзе ведаць, для чаго гэтае абсталяваньне, як яно будзе выкарыстоўвацца ў Іране? Вядома, калі гэта разьлікі за ядзерныя матэрыялы, дапусьцім, якіх у нас крыху ёсьць, і дапусьцім, што яны іх куплялі, дык я думаю, што наўрад ці яны так аформяць, каб можна было падкапацца".

Паводле спадара Злотнікава, пэўныя нязручнасьці ад амэрыканскіх санкцыяў беларускія банкі з іранскім капіталам будуць мець, але яны змогуць іх абысьці.

Гэта другі выпадак амэрыканскіх санкцыяў супраць беларускіх банкаў. У 2004 годзе аналягічныя санкцыі былі ўведзеныя супраць "Інфабанку", які ЗША абвінавацілі ў адмываньні грошай Садама Хусэйна. Пазьней "Інфабанк" вымушаны быў нават памяняць назву на "Трастбанк", бо пацярпеў істотныя іміджавыя страты.
XS
SM
MD
LG