Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваў дзень народзінаў – аштрафавалі за мітынг


Суд Івацэвіцкага раёну аштрафаваў на 700 000 рублёў маладога жыхара гораду "за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня". Такім мерапрыемствам, на думку міліцыянэраў, стала адзначэньне дня народзінаў юнака.

Віталь, жыхар гораду Івацэвічы, ня першы год адзначае свой дзень народзінаў на прыродзе ў вялікай кампаніі. На бераг Шчары сёлета праз інтэрнэт, праз знаёмых запрашаліся ўсе ахвотныя адпачыць і адзначыць дзень народзінаў сябра. Міліцыянты палічылі, што на мерапрыемства сабралася каля 400 чалавек, а гэта размах масавага мерапрыемства, на правядзеньне якога неабходны дазвол. Паводле міліцыянэраў, правапарушэньне заключаецца ў тым, што інфармацыя пра сьвяткаваньне была ў інтэрнэце. Гэта стала падставай для складаньня пратаколу паводле артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу "За парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня":

"Была інфармацыя ў Інтэрнэце пра арганізацыю мерапрыемства. Таму там сабралася шмат людзей. У наш РАУС паступіла адна заява, паводле якой справа перададзена ў падатковую інспэкцыю. Паводле заявы, уваход на мерапрыемства быў платны — у памеры 20 тыс. рублёў. Толькі дзякуючы таму, што на мерапрыемстве прысутнічаў нарад міліцыі, там не адбылося надзвычайных здарэньняў. Увогуле там усе былі п'яныя".

Сам імяніньнік, Віталь, кажа, што ня можа зразумець, чаму яго аштрафавалі. З матэрыяламі, якія сабралі міліцыянэры, ён не пагаджаецца. Што да заявы пра платны ўваход, то гэта недакладная інфармацыя:

"Само мерапрыемства прайшло бязь нейкіх непрыемнасьцяў. Калі былі скрадзеныя тэлефоны, то павінны быць адпаведныя заявы, калі было шмат п'яных, дык тады павінны былі быць складзеныя пратаколы ДАІ. Я пазьней даведваўся ў бальніцы, што на мэдыцынскае асьвядчэньне тады быў завезены толькі адзін чалавек. Але гэта быў нейкі трактарыст СПК, які да мяне ня меў ніякага дачыненьня".

Адзін з удзельнікаў імпрэзы, Валер, кажа, што на самой справе гэтулькі народу не было. Сабралася, штопраўды, даволі шмат людзей, але ўсё прайшло спакойна:

"Было сапраўды і вельмі цікава, і арганізавана прыстойна. Людзі захацелі адпачыць і выехалі за 26 кілямэтраў ад раённага гораду. Сапраўды, там было шмат людзей, але не 400, як сьцьвярджаюць міліцыянэры. Гэта не глядзелася як мітынг ці парад. Не магло ісьці гаворкі і пра нейкую цісканіну".

Валер кажа, што ў раёне складана з адпачынкам для моладзі. Афіцыйныя дыскатэкі на плошчы заўсёды праводзяцца паводле адной і той жа праграмы з году ў год. Арганізатарам дня народзінаў, у тым ліку і Віталю, з аддзелу культуры паступіла прапанова арганізаваць нешта падобнае на прыродзе афіцыйна ад мясцовага Дому культуры. Віталь кажа, што пасьля суду гэтая прапанова проста сьмеху вартая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG