Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чорны сьпіс" іранскіх кампаній


Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала сьпіс 21 кампаніі з 6 краінаў, якія належаць ці кантралююцца Тэгеранам. Амэрыканскім грамадзянам і кампаніям забараняецца весьці бізнэс з гэтымі кампаніямі. У сьпісе – два банкі, якія месьцяцца ў Беларусі.


Пра санкцыі абвясьціў сёньня Сьцюарт Леві, намесьнік міністра фінансаў у пытаньнях фінансавай разьведкі і барацьбы з тэрарызмам. Акрамя двух беларускіх банкаў “чорны сьпіс” уключае ў сябе 9 нямецкіх фірмаў, а таксама кампаніі ў Японіі, Люксэмбургу, Італіі і Іране. Спадар Леві адзначыў, што ўзмацняецца ізаляцыя ўладаў Ірану ад міжнароднай фінансавай і камэрцыйнай сыстэмаў, таму Тэгеран будзе працягваць намаганьні пазьбегнуць санкцыяў, выкарыстоўваючы па ўсім сьвеце кампаніі, якія цяжка ідэнтыфікаваць як іранскія.

Паводле амэрыканскага чыноўніка ідэнтыфікацыя іранскіх партнэраў зьменшыць рызыку таго, што іх выкарыстоўваюць для незаконных апэрацый.

Сьцюарт Леві назваў Іран самым эфэктыўным спонсарам тэрарызму ў сьвеце. Шэраг краінаў, у тым ліку і ЗША, абвінавачваюць Іран у распрацоўцы ядзернай зброі. Тэгеран абвяргае абвінавачваньні і заяўляе, што яго ядзерная праграма мае выключна мірны характар.

Санкцыі ЗША ляжаць у рэчышчы апошніх крокаў ААН і Эўразьвязу. Рада бясьпекі ААН 9 чэрвеня прыняла рэзалюцыю, якой былі ўведзеныя санкцыі адносна Ірану, які адмаўляецца спыніць працу па ўзбагачэньні ўрану. Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Філіп Кроўлі заявіў сёньня журналістам, што санкцыі ААН, ЗША і Эўразьвязу робяць уплыў на Іран.

"Мы лічым, што гэта робіць уплыў. Рабіць бізнэс у Іране робіцца ўсё больш складана, яго выдаткі растуць. І мы з задавальненьнем адзначаем гэта. Зразумела, можна зрабіць і болей. Таму прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ў пытаньні нераспаўсюду і кантролю над узбраеньнямі быў у Паўднёвай Карэі, зараз знаходзіцца ў Токіё і наведае яшчэ некалькі краінаў на гэтым тыдні".

Іран заяўляе, што санкцыі не прымусяць яго зьмяніць курс.
Сёньня ж адміністрацыя прэзыдэнта Абамы адхіліла прапанову прэзыдэнта Ірана Махмуда Ахмадзінэжада правесьці тэледэбаты з прэзыдэнтам ЗША па сусьветных праблемах.

Афіцыйны прадстаўнік Белага дому Робэрт Гібс заявіў: “Мы заўсёды казалі, што гатовыя сесьці і абмеркаваць незаконную ядзерную праграму Ірану, калі Іран гатовы да сур’ёзнай размовы. На сёньняшнім дзень сур’ёзнага настрою на такія перамовы з боку Ірану няма”.

Злучаныя Штаты рэгулярна папаўняюць сьпіс кампаній, да якіх ужываюцца аднабаковыя санкцыі. Апошні раз сьпіс абнаўляўся 17 чэрвеня – тады Міністэрства фінансаў ЗША уключыла ў гэты пералік 30 новых кампаній.
XS
SM
MD
LG