Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўводзяць санкцыі супраць зарэгістраваных у Беларусі іранскіх банкаў


Размова ідзе пра разьмешчаныя ў краіне два банкі іранскага паходжаньня - Onerbank і "Банку гандлёвага капіталу".

Як паведамілі журналістам у Дзярждэпартамэнце ЗША, у аўторак міністэрства фінансаў ЗША агучыла сьпіс з 21 іранскіх фірмаў, зь якімі ўсім амэрыканскім грамадзянам і кампаніям рэкамэндуецца спыніць усялякія зьдзелкі. 13 кампаніяў з гэтага сьпісу разьмешчаныя ў Эўропе. У прыватнасьці, 9 зь іх знаходзяцца ў Нямеччыне, па адной у Люксэмбургу і Італіі, а таксама 2 банкі іранскага паходжаньня ў Беларусі - Onerbank і Гандлёвы капітал. Дагэтуль аднабаковыя амэрыканскія санкцыі былі ўжытыя ў дачыненьні да 17 іранскіх банкаў у розных краінах сьвету.

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Філіп Кроўлі заявіў сёньня журналістам, што санкцыі ААН, ЗША і Эўразьвязу робяць уплыў на Іран.

"Мы лічым, што гэта робіць уплыў. Рабіць бізнэс у Іране робіцца ўсё больш складана, яго выдаткі растуць. І мы з задавальненьнем адзначаем гэта. Зразумела, можна зрабіць і болей. Таму прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ў пытаньні нераспаўсюду і кантролю над узбраеньнямі быў у Паўднёвай Карэі, зараз знаходзіцца ў Токіё і наведае яшчэ некалькі краінаў на гэтым тыдні".



Афіцыйны прадстаўнік Белага дому Робэрт Гібс заявіў: “Мы заўсёды казалі, што гатовыя сесьці і абмеркаваць незаконную ядзерную праграму Ірану, калі Іран гатовы да сур’ёзнай размовы. На сёньняшнім дзень сур’ёзнага настрою на такія перамовы з боку Ірану няма”.

Злучаныя Штаты рэгулярна папаўняюць сьпіс кампаній, да якіх ужываюцца аднабаковыя санкцыі. Апошні раз сьпіс абнаўляўся 17 чэрвеня – тады Міністэрства фінансаў ЗША уключыла ў гэты пералік 30 новых кампаній

Як падаюць амэрыканскія СМІ, новыя санкцыі прынятыя ў сувязі зь іранскай ядзернай праграмай ў дачыненьні да фірмаў, якія лічацца падстаўнымі і кантралююцца іранскім урадам.

Напярэдадні кіраўнік Нацбанку Беларусі Пётр Пракаповіч заявіў журналістам, што не чакае распаўсюджваньня санкцыяў ЭЗ і ЗША на дзеючыя ў Беларусі банкі іранскага паходжаньня.

"Санкцыі ЭЗ і ЗША ў дачыненьні да Ірану носяць мэтавы характар і зьвязаныя з фінансаваньнем вытворчасьці ядзернага паліва, нафтахімічнага комплексу. Гэтыя апэрацыі кантралююцца. Калі нашы банкі (іранскага паходжаньня) працуюць ў іншых галінах - закупляюць іншую прадукцыю, харчаваньне і мірную прадукцыю ў цэлым, то санкцыяў у дачыненьні да іх не павінна быць ", -- падкрэсьліў Пракаповіч.

Даведка: "Онэрбанк" (Onerbank) належыць іранскім банкам Рэфах Каргаран, Садэрат, Тасэе Садэрат, а кантрольнай доляй "Банку гандлёвага капіталу" валодае іранскі банк Тэджарат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG