Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы дэманструюць сваю “Памяць аб Грунвальдзкай перамозе” ў Менску


Дыскусія ля экспанатаў.

Дыскусія ля экспанатаў.

Сёньня ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры адкрылася выстава «Памяць аб Грунвальдзкай перамозе». У Літве цягам 2010 году ажыцьцяўляецца дзяржаўная праграма ў справе сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы. Выстава «Памяць аб Грунвальдзкай перамозе» падрыхтаваная Мастацкім музэем Літвы сумесна з Міністэрствам замежных спраў Літвы і Варшаўскім нацыянальным музэем. У Менску яна ладзіцца амбасадай Літвы ў Беларусі.

Адкрыў выставу Гедрус Граніцкас, другі сакратар, амбасады, які зараз выконвае абавязкі кіраўніка Амбасады Літвы ў Беларусі:

Гедрус Граніцкас
«Гэта толькі невялікая частка выставы, якая дэманструецца ў Вільні. Гэта своеасаблівая даніна нашым братам, сябрам па зброі, калі мы разам перамаглі 600 гадоў таму.

Цяжка ўявіць, што воіны адчувалі падчас бітвы, калі літоўскія войскі сыходзілі, а беларускія, рускія і ўкраінскія яшчэ стаялі, бо гэта быў такі тактычны манэўр. І нашы літоўскія палкі ўжо выйшлі з гэтага пекла, але яны вярнуліся. Таму што гэта давер, гэта братэрства, добрасуседзтва. І гэта наша агульная перамога. Прайшло ўжо 600 гадоў, але нічога не зьмянілася. Складнікі той перамогі: узаемаразуменьне, дапамога, супрацоўніцтва, палітыка добрасуседзтва, узаемны давер — гэта аснова нашых узаемадачыненьняў».

Сярод наведнікаў — мастак Мікола Купава.

Супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук Аляксей Шаланда заўважыў, што, нягледзячы на тое, што пра Грунвальдзкую бітву выдадзена шмат дасьледаваньняў, застаецца яшчэ шмат загадак:

«Як беларускага гісторыка, мяне больш за ўсё цікавіць унёсак беларускага народу ў гэтую перамогу, менавіта тыя ваяры, якія стаялі пад харугвамі зь беларускіх земляў. І першае, што цікавіць — чаму яны там апынуліся. Вельмі шмат ваяроў былі з тэрыторыяў, якія вельмі далёка ад Грунвальду. Дый сярод асноўных прычын вялікай вайны, якая ўспыхнула паміж Вялікім княствам Літоўскім, Каралеўствам Польскім і тэўтонскім ордэнам, было вяртаньне Жамойці, літоўскай тэрыторыі, якая прымыкала да Балтыйскага мора. Здавалася б, гэта вельмі далёкая ад нас прычына, якая нас быццам бы і не кранала. Тым ня менш, беларускія ваяры знаходзіліся на полі бітвы. Што туды іх прывяло? Мае калегі называлі розныя прычыны: страх перад вялікім князям Літоўскім, хтосьці казаў, што была дамова паміж землямі, якія ўваходзілі ў склад ВКЛ….

Урэшце рэшт, гісторыкі сышліся на думцы, што гэтыя ваяры беларускія аказаліся вернымі свайму слову, вернымі дамове, што была заключана паміж землямі беларускімі і вялікім князем Літоўскім. Са свайго боку, ён абяцаў ім абарону ад зьнешніх ворагаў. А яны абяцалі падтрымку ў ягоных зьнешнепалітычных акцыях. І Грунвальд — гэта ў пэўнай ступені індыкатар праверкі гэтай вернасьці. З другога боку, Грунвальд — паказьнік гонару і мужнасьці ваяроў, якія перамаглі. Ну і, канечне, Грунвальд — гэта наша агульная слава, слава тых, хто перамог».


Выстава «Памяць аб Грунвальдзкай перамозе» ўжо ладзілася ў Маскве, цяпер прыехала ў Менск, пасьля Беларусі яна будзе экспанавацца ва Украіне, Польшчы, Чэхіі і Аўстрыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG