Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ф.Лук’янаў: “Гульцы з абодвух бакоў вельмі азартныя і нязломныя”


Фёдар Лук’янаў

Фёдар Лук’янаў

Заяву прэзыдэнта Расеі Д. Мядзьведзева наконт таго, што прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка абяцаў прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі пракамэнтаваў у інтэрвію нашаму радыё рэдактар часопіса “Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў.

Радыё Свабода: Што азначае гэтая апошняя заява Мядзьведзева? І ўзьнікае ўсё тое ж пытаньне – чаго гэтым дамагаюцца? Паколькі ў гульню ўступае прэзыдэнт, а ня нейкія журналісты, то гэта ў пэўным сэнсе спальваньне мастоў.

Лук'янаў: Мне здаецца, што ў адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй спальваньня мастоў не адбываецца. Бо ўдзельнікі канфлікту – людзі, як бы гэта мякчэй сказаць, вельмі практычныя, і пэрсанальныя крыўды зразумела ёсьць, але ў рэшце рэшт усё вызначаецца выгадамі і вельмі канкрэтнымі эканамічнымі інтарэсамі.

Пры гэтым гульцы з абодвух бакоў, асабліва зь беларускага, вельмі азартныя і нязломныя. Прэзыдэнт Лукашэнка сьмела апошнія месяцы ідзе наперад і не прапускае ўдараў. Паказалі "Хроснага бацьку" – атрымайце інтэрвію з Саакашвілі, паказалі яшчэ аднаго "Хроснага бацьку" – атрымайце Нямцова на старонках афіцыйнага друку.

І гэта пры тым, што Нямцоў – пэрсона нон-грата ў Беларусі. Сам ён – каму патрэбны ў Менску, а вось ягоны твор спатрэбіўся нечакана. Адпаведна тут казаць пра пункт незвароту нельга, бо бакі вельмі адзін ад аднаго залежаць і ў палітычным, і ў эканамічным пляне.

Што да найвышэйшага ўзроўню... Ну што, калі зь беларускага боку ідзе атака на самым найвышэйшым узроўні? Прэзыдэнт Лукашэнка адкрыта кажа і пра Расею ў цэлым, і пра яе канкрэтных кіраўнікоў. Выклік прыняты.

Я мяркую, што Мядзьведзеў сказаў праўду. Я ня памятаю, каб Лукашэнка публічна абяцаў прызнаць, але танальнасьць яго заяваў дазваляла разьлічваць, што Беларусь на гэта пойдзе. Па меншай меры дазваляла разьлічваць расейскаму кіраўніцтву. Калі словы, на якія спасылаецца Мядзьведзеў, гаварыліся, то атрымліваецца, што Лукашэнка Расею папросту "кінуў" – абяцаў і не зрабіў. Такое ў палітыцы здараецца, але як правіла пасьля гэтага наступае нейкае дзеяньне ў адказ. Вось адказ мы і назіраем.

Што да мэты, то мне здаецца, што яна не зьмянілася. Хаця Менск фармальна далучыўся да мытнага саюзу, але галоўныя пытаньні па-ранейшаму неўрэгуляваныя - наконт шчыльнасьці гэтага мытнага саюзу, ці трапляюць у сфэру яго дзейнасьці энэрганосьбіты. Эканамічна зразумелыя пазыцыі і Масквы, і Менску. Але паколькі гэта выйшла на ўзровень палітычнага супрацьстаяньня, то павінен быць нейкі вынік. Яго пакуль няма.

Радыё Свабода: А якую ролю гэтая інфармацыйная вайна можа адыграць падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія, як выглядае, будуць абвешчаныя бліжэйшым часам?

Лук'янаў: Інтрыга будзе вельмі напружанай і цікавай. З аднаго боку, па шчырасьці, у Расеі няма фігуры, якую яна гатовая была б падтрымаць у супрацьвагу Лукашэнку. Калі яе няма сёньня, я ня ўпэўнены, што яна можа зьявіцца ў бліжэйшыя 2-4 месяцы. І з гэтага гледзішча Лукашэнка можа пачувацца дастаткова спакойна.

З другога боку ў Аляксандра Рыгоравіча няма досьведу выбарчай кампаніі ў сытуацыі востра нэгатыўнага інфармацыйнага асяродзьдзя з Расеі. З заходнім ціскам яму мець справу не ўпершыню. А вось як будзе разьвівацца выбарчы працэс, калі канфлікт ня будзе ўрэгуляваны і Расея працягне выкарыстаньне супраць Лукашэнкі ўсіх сродкаў "мяккай сілы", якія яна мае – такога досьведу ў яго няма. Магчыма, гэтых інструмэнтаў і ня хопіць. А можа і хопіць. Бо калі верыць таму, што паведамляюць у нас, гэтых "Хросных бацькаў" паглядзела ледзьве ня чвэрць насельніцтва Беларусі.

Інфармацыйны расейскі рэсурс, хаця ён і стаў слабейшым, але гэта моцны рычаг узьдзеяньня. Некалькі месяцаў таму ў гэтым мог пераканацца прэзыдэнт Бакіеў, які яшчэ да свайго скіданьня патрапіў у надзвычай нэгатыўную "хвалю" расейскіх СМІ. Тым больш гэта будзе дзейнічаць у выпадку Беларусі.

Але мне здаецца, што калі выбары будуць абвешчаныя, беларускі бок паспрабуе неяк вырашыць. Як кажуць, "береженого Бог бережет", пераабрацца на чарговы тэрмін, які выходзіць за ўсе межы канстытуцыйных прынцыпаў, маючы неспрыяльнае асяродзьдзе на захад ад сваіх межаў і рэзка нэгатыўнае стаўленьне на ўсход ад межаў, гэта сьмела і можа быць пераможна, але гэта вельмі цяжка.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG