Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму не атрымліваецца выбраць адзінага кандыдата ад апазыцыі?


Рада беларускай інтэлігенцыі прызнае сваё бясьсільле ў вызначэньні адзінага апазыцыйнага кандыдата. Чаму не ўдалося паўтарыць сцэнар 2006 году? Ці магчымая адзіная стратэгія дэмакратычных сілаў? Якой яна можа быць?


Удзельнікі: старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і намесьнік галоўнага рэдактара «Белгазеты» Віктар Марціновіч.

Віктар Івашкевіч
Віктар Марціновіч
Валер Карбалевіч

Чаму не ўдалося паўтарыць сцэнар 2006 году?


Валер Карбалевіч: «У 2006 годзе апазыцыі ўдалося ажыцьцявіць сцэнар вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. І ўсе палітычныя актары і незалежныя экспэрты прызналі гэта вялікім дасягненьнем апазыцыі.

Гэтым разам, калі, здавалася б, сытуацыя для апазыцыі больш спрыяльная, гэта не ўдаецца. Чаму? Чым у гэтым сэнсе цяперашні палітычны момант адрозьніваецца ад сытуацыі пяцігадовай даўніны?»

Віктар Івашкевіч: «Год таму АДС была распрацавана працэдура вылучэньня адзінага кандыдата. Але „Рух за свабоду“ і тыя арганізацыі, якія арыентаваліся на Мілінкевіча, адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым працэсе, праект ня быў рэалізаваны. Больш за тое, разваліўся ня толькі АДС, але і Беларускі незалежніцкі блёк, які гуртаваўся вакол Мілінкевіча.

Таму тыя палітыкі, які прэтэндуюць на пасаду прэзыдэнта, не маглі сядзець і чакаць, калі адбудзецца такое вылучэньне. Думаю, адзіны кандыдат вызначыцца пасьля этапу збору подпісаў. Ужо цяпер пачаўся адсеў кандыдатаў. Думаю, па меры набліжэньня да выбараў іх будзе станавіцца ўсё менш».

Карбалевіч: «Баюся, што наадварот — па меры набліжэньня да выбараў іх будзе станавіцца ўсё больш».

Бракуе веры ў перамогу


Віктар Марціновіч: «У 2006 годзе было адчуваньне магчымасьці перамогі, хоць падставаў для гэтага не было. Цяпер, наадварот, рэжым слабы як ніколі. Бо існуе ціск Расеі, вялікая колькасьць эканамічных праблем. І на гэтым фоне ў апазыцыі няма веры ў перамогу. Гэта галоўны чыньнік адсутнасьці адзінага кандыдата.

У апазыцыі няма веры ў перамогу. Гэта галоўны чыньнік адсутнасьці адзінага кандыдата...
Тут трэба асобна адзначыць нэгатыўную дэмаралізуючую ролю Мілінкевіча. Чым далей, тым больш ён выконвае ролю папа Гапона. Мілінкевіч кажа, што перамагчы немагчыма, але ж я ўсё роўна буду ўдзельнічаць у выбарах. Навошта? У такім разе адыдзі ўбок, дай дарогу тым, хто верыць і змагаецца за перамогу. Складаецца ўражаньне, што цяпер Мілінкевіч зьбіраецца змагацца не з рэжымам, а з прамаскоўскім кандыдатам, то бок на баку Лукашэнкі».

Івашкевіч: «Не магу адказваць за ўсіх кандыдатаў. Але каманда Саньнікава, якую я прадстаўляю, верыць у перамогу».

Карбалевіч: «На мой погляд, першае, што павінен рабіць кандыдат, які імкнецца да перамогі, — гэта стварыць вакол сябе шырокую кааліцыю прыхільнікаў. А каманда Саньнікава катэгарычна адмаўляецца весьці любыя перамовы пра аб’яднаньне і вылучэньне адзінага кандыдата».

Івашкевіч: «Засядалаўкі ня ёсьць форма аб’яднаньня. Гэтае аб’яднаньне павінна быць у дзеяньні. Вось мы прапануем супольныя акцыі вакол тэмы зьніклых палітыкаў. Гэта будзе кааліцыя тых, хто супраць Лукашэнкі. Бо цяпер ствараецца кааліцыя супраць прамаскоўскага кандыдата. Фактычна гэта кааліцыя ў падтрымку Лукашэнкі».

Карбалевіч: «Магчыма, адна з прычын разьяднаньня апазыцыі палягае ў тым, што памянялася пазыцыя Захаду. Менавіта заходнія палітыкі падштурхоўвалі апазыцыю да кансалідацыі. Цяпер Захад махнуў рукой на беларускую апазыцыю, рэзка скараціў яе падтрымку».

Марціновіч: «Ня трэба пераацэньваць ролю донараў. На маю думку, тыя кандыдаты, якія абвешчаны экспэртнай і палітычнай супольнасьцю прамаскоўскімі, насамрэч зьяўляюцца празаходнімі і рэсурсы атрымліваюць з Захаду.

Цяпер адбываецца псэўдадыскусія, якая навязаная звонку, на тэму, што лепш: кандыдат ад Масквы ці Лукашэнка. Калі б быў адзіны апазыцыйны кандыдат, то могуць зьявіцца сацыялягічна зафіксаваныя падставы для другога туру. А ў другім туры будзе перамога апазыцыйнага кандыдата».

Ці магчымая адзіная стратэгія?


Карбалевіч: «Прэзыдыюм АДС прапаноўвае распрацаваць і прыняць адзіную стратэгію дзейнасьці апазыцыйных сілаў, стратэгію перамогі. Ці магчыма гэта?»

Івашкевіч: «Генэральная кампанія апазыцыі магла б насіць лёзунг „Беларусь без Лукашэнкі“. Трэба стварыць сытуацыю, каб большасьць грамадзтва ведала, што яна не галасавала за Лукашэнку. У гэтым сэнсе няважна, колькі будзе апазыцыйных кандыдатаў. І калі Ярмошына абвесьціць, што за Лукашэнку прагаласавала 98%, гэта будзе супярэчыць адчуваньню большасьці. Тады можна выводзіць людзей на плошчу супраць фальсыфікацый, за правядзеньне свабодных выбараў».

Карбалевіч: «Баюся, што калі ў бюлетэнях будзе тры апазыцыйныя кандыдаты, то праціўнікі Лукашэнкі проста ня пойдуць на выбары, лічачы, што гэта бессэнсоўна. І тады на плошчу выйдзе столькі пратэстоўцаў, колькі іх выходзіла на вясновых вулічных акцыях апазыцыі. Бо вуліца — гэта фінал моцнай выбарчай кампаніі. Калі такой кампаніі ня будзе (а пры адсутнасьці адзінага кандыдата гэта малаверагодна), то людзі ня ўбачаць сэнсу выходзіць на плошчу».

Марціновіч: «Ня можа быць эфэктыўнай адзінай стратэгіі без адзінага кандыдата. Той, хто ня ўдзельнічае ў выбарах адзінага кандыдата, хто кажа, што пойдзе да канца, зьяўляецца здраднікам, ён працуе на Лукашэнку».
Кандыдаты ня могуць вызначыць мацнейшага, бо няма відавочных аргумэнтаў, што той ці іншы палітык самы моцны».


Івашкевіч: «Я ня супраць вылучэньня адзінага кандыдата. Але сёньня няма працэдуры яго вызначэньня. І кандыдаты ня могуць вызначыць мацнейшага. Бо няма відавочных аргумэнтаў, што той ці іншы палітык самы моцны».

Карбалевіч: «Няма працэдуры, бо няма палітычнай волі. Калі такая воля зьявіцца, то зьявіцца і працэдура. Хачу адзначыць, што ў 2005 годзе таксама не было відавочнага лідэра. Тым ня менш адзінага выбралі».

Марціновіч: «А палітычнай волі няма таму, што няма веры ў перамогу. Я таксама спадзяюся на тое, што пасьля збору подпісаў, калі застанецца ня больш за тры апазыцыйныя кандыдаты, дамовіцца наконт вылучэньня адзінага будзе прасьцей. Але на той момант часу для агітацыі на карысьць адзінага ўжо не застанецца».

Карбалевіч: «Самае непрыемнае, што можа здарыцца — гэта тое, што ніводзін з апазыцыйных кандыдатаў не зьбярэ неабходныя 100 тыс. подпісаў. Таму што апазыцыйныя сілы расколатыя, расьцярушаныя».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG