Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ратуюцца ад сьпёкі хто як можа


Цэхі Менскага аўтамабільнага заводу

Цэхі Менскага аўтамабільнага заводу

Калі на слупку тэрмомэтра за 30, на асобных прадпрыемствах Беларусі гарачыня на працоўных месцах сягае за 40 градусаў. Як у такіх умовах працуюць людзі?

Акцыянэрнае прадпрыемства «Лёс» у пасёлку Барань Віцебскай вобласьці. Сёньня на самых «гарачых» участках заводу працаваць пачалі а 6-й раніцы, калі на вуліцы тэрмомэтар паказваў 22 градусы. Адпаведна было і ў цэхах. А ўжо ўдзень тэмпэратура паднялася да 31 градуса на вуліцы, а там, дзе льюць алюміній, — значна больш за 30. Адзіны, яшчэ дзедаў сродак паратунку ў такіх умовах — піць шмат вады. І яе п’юць, але звычайную водаправодную, бо пра адмысловую бутэляваную адміністрацыя не паклапацілася, распавёў кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў:

«Якасьць вады дрэнная. Яна пастаіць — і становіцца такой, як іржавай. Таго, што трэба — каб была сэпаратарная ўстаноўка, якая б газавала ваду, ды каб яе яшчэ і падсольвалі, — гэтага няма. Усё абяцалі-абяцалі кіраўнікі, але так і не зрабілі. Я ўжо ім казаў, што, пэўна, дачакаюцца, калі рабочыя прыйдуць да іх з манціроўкамі ў руках».
Якасьць вады дрэнная. Яна пастаіць — і становіцца такой, як іржавай.


На прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно», па словах актывіста свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава, на ўчастку запраўкі печаў тэмпэратура сягае за 54 градусы. Нядаўна з адным рабочым здарыўся цеплавы ўдар, выклікалі хуткую дапамогу. Адміністрацыя заводу распарадзілася выдаваць рабочым штодзень па палове літра мінэральнай вады, але незалежны прафсаюз патрабуе больш рашучых захадаў — часовага зьмяншэньня працоўных нормаў на 20%. Адміністрацыя пакуль думае.

Старшыня кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа пра вынікі маніторынгу на прадпрыемствах Беларусі, дзе ёсьць суполкі незалежных прафсаюзаў:

«Калі ў двух словах, то сытуацыя на ўсіх прадпрыемствах складаная. Дзесьці нейкія захады робяцца, дзе больш адказныя кіраўнікі, але па-сапраўднаму гэтая праблема не вырашаецца».

У Працоўным кодэксе няма нормаў, якія б вызначалі парадак працы пры экстрэмальным тэмпэратурным рэжыме. У выніку на адных заводах ня робяць нічога, а на іншых сытуацыя больш-менш прымальная. Справа залежыць яшчэ і ад таго, ці багатае прадпрыемства. У незалежных прафсаюзах адзначаюць, што на Менскім заводзе аўтаматычных ліній рабочыя працуюць пра 35-градуснай сьпякоце і нічога не мяняецца. А вось на МАЗе адміністрацыя дазволіла працаўнікам пры фізычным недамаганьні сыходзіць з працы на 2 гадзіны раней. І расшчодрылася на дадатковае абсталяваньне, распавяла прэсавы сакратар Натальля Сакалоўская:

«У ліцейцы паўсюль усталявалі апараты з газаванай вадой, а на аўтобуснай вытворчасьці ва ўсіх буфэтах усталявалі апараты дзеля ахалоджваньня напояў».
Калі ўсталяваць кандыцыянэры, то яны могуць зьнізіць тэмпэратуру больш як на 10 градусаў, і людзі проста пачнуць хварэць.

Лічыцца, што, акрамя як вадой, ад гарачыні можна ўратавацца сьвежым паветрам. На менскім аб’яднаньні «Атлант», дзе вырабляюць славутыя лядоўні, штучнаму холаду ня надта давяраюць, а аддаюць перавагу вэнтылятарам. Найперш з мэдыцынскіх прычын, распавядае намесьнік дырэктара Аляксандар Машко і спасылаецца на адмысловы ліст Міністэрства аховы здароўя, атрыманы напярэдадні яшчэ ліпеньскай сьпякоты:

«Бо ахалоджваць паветра ў памяшканьні можна ня больш як на 5 градусаў, інакш гэта шкодна для здароўя. А калі ўсталяваць кандыцыянэры, то яны могуць зьнізіць тэмпэратуру больш як на 10 градусаў, і людзі проста пачнуць хварэць. Мы ва ўсіх цэхах правялі адмысловую інфармацыйную працу, каб людзі разумелі, як сябе паводзіць ва ўмовах гарачыні».

Паводле Аляксандра Машко, летась на «Атланце» ад сьпякоты не было пацярпелых.

Для звычайнага спажыўца праблема — дзе цяпер набыць вэнтылятар, нават самы звычайны? Як паведамілі мне ў менскай краме «Карона», дзе актыўна гандлююць самай рознай побытавай тэхнікай, ужо больш як месяц ніякай «ахаладжальнай » апаратуры няма:

«Відаць, няма адкуль заказваць. Пустыя склады. Мяркую, гэта зьвязана са сьпякотай. А калі што будзе — невядома. Нам ня кажуць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG