Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заплаціце 10 тысяч даляраў і забярыце працоўную кніжку”


У Гомелі звольненыя за недавер прадаўцы сэкцыі «Посуд» прадпрыемства «Аблгандальсаюз» падалі ў суд на дырэкцыю. У пазове яны просяць прызнаць звальненьне незаконным і аднавіць іх на працы з выплатай сярэдняга заробку за вымушаны прагул.

Прадаўцоў звольнілі пасьля інвэнтарызацыі. Адміністрацыя цьвердзіць, што недалічылася тавараў на 160 мільёнаў рублёў. Гэта прыкладна траціна ўсіх таварных запасаў гандлёвай сэкцыі, якая непасрэдна падпарадкоўваецца аптова-розьнічнай базе «Электрагасгандаль».

Прадаўцы сьцьвярджаюць, што ніхто па сутнасьці не разьбіраўся ў прычынах такой астранамічнай нястачы. Дырэкцыя вымушала прадаўцоў унесьці ў касу па 28 мільёнаў рублёў.

Звольненая прадавачка: «Калі даведалася адміністрацыя, якая сума нястачы, нас проста пасадзілі ў кабінэт і сказалі: пішыце расьпіскі, цягам якога часу вы ўнесяце 28 мільёнаў. Мы вам вызначаем тэрмін, і вы яго трымайцеся — і ўносьце, уносьце гэтую суму. І ўсё. Ім болей ад нас нічога не патрэбна было».

Адна з прадавачак сплаціла прапанаваную суму, і яе звольнілі па згодзе бакоў. Астатнія заўпарціліся: заплаціць амаль 10 тысячаў даляраў пры месячным заробку блізу 150 даляраў прадаўцы ня ў стане. Прычым ня ведаючы, на якой падставе яны абавязаныя сплачваць такую суму.

У выніку чатыром працаўніцам адміністрацыя даслала дамоў па пошце тэлеграмы, каб яны забралі свае працоўныя кніжкі — іх акурат і звольнілі за недавер.

Трое са звольненых накіравалі пазовы ў суд па абарону сваіх правоў:

«Мы хочам дамагчыся хоць якой-кольвечы справядлівасьці. Трэба ж, мусіць, даказаць, што нас звальняюць за недавер. Усе мы ў гандлі працуем даўно. І вось так перакрэсьліць усё, усю працоўную кніжку…
Усе мы ў гандлі працуем даўно. І вось так перакрэсьліць усё, усю працоўную кніжку…
А кім жа гэта даказана, што нам нельга давяраць?»

У афіцыйны прафсаюз звольненыя прадаўцы не пайшлі — не адчувалі ягонай падтрымкі на працы.

Зьвярнуліся яны ў Гомельскае прадстаўніцтва незалежнага Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці.

Прававы інспэктар гэтага прафсаюзу Леанід Судаленка апавёў:

«Працаўнікі крамы зьвярнуліся ў наш прафсаюз па дапамогу. Яны лічаць неабгрунтаваным звальненьне паводле недаверу. Наш прафсаюз дапамог падрыхтаваць прадаўцам пазоў у суд на прызнаньне звальненьня незаконным.

Вядома, наймальнік можа звольніць работніка за недавер, але ў такім разе ён павінен даказаць віну кожнага ў недастачы».

Адначасова звольненыя захацелі стаць сябрамі незалежнага прафсаюзу — яны напісалі заявы на ўступленьне ў прафсаюз РЭП, каб ягоныя юрысты маглі адстойваць іхнія інтарэсы ў судзе.

Падобная сытуацыя ўжо мела месца ў Гомелі ў гандлёвым акцыянэрным таварыстве «Цэнтар», якое гамузам звольніла за недавер з прычыны нястачы каля трох дзясяткаў прадаўцоў крамы № 14.

З дапамогай юрыдычнай службы прафсаюзу РЭП звальненьне прызнана незаконным. Наймальнік сплаціў прадаўцам звыш 30 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за вымушаны прагул і нанясеньне маральнай шкоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG