Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш


9 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.





Як быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш


За савецкім часам у Саюзе пісьменьнікаў дзейнічала цьвёрдае правіла: пасьля сьмерці літаратара стваралася адмысловая камісія па ягонай творчай спадчыне. Сябры тае камісіі пераглядалі архіў калегі, рыхтавалі да публікацыі нявыдадзеныя творы.

Пасьля сьмерці Ларысы Геніюш, якая хоць і не ўваходзіла ў пісьменьніцкі саюз, але сябравала зь ягоным старшынём Максімам Танкам, камісію па спадчыне стварыць не пасьпелі.

Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 году, а ўжо 11 красавіка ў апусьцелай хаце Геніюшаў быў учынены — сіламі мясцовых уладаў — ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не пасьпеў апрытомнець пасьля сьмерці маці, не спынілі старшыні пасялковага савету і яго памагатых, якіх прыслалі «дасьледаваць» архіў паэткі і знойдзеную (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць у спэцкабінет на спэцпрагляд.

Ларыса Геніюш і Адам Мальдзіс. Зэльва, 1968 г. Публікуецца ўпершыню
Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Менск Адаму Мальдзісу — на той час супрацоўніку Інстытуту літаратуры Акадэміі навук. Той — Алесю Адамовічу, які меў сувязі ў ЦК КПБ. Сакратар ЦК па ідэалёгіі Аляксандар Кузьмін распарадзіўся: архіў Ларысы Геніюш захаваць у цэласьці і вывезьці ў больш бясьпечнае месца. Імгненна была арганізаваная выратавальная экспэдыцыя ў Зэльву, дзе Мальдзісу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых «геніюшазнаўцаў». Тыя не сьпяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое зьвязвалася зь Менскам… Нарэшце старшыня пассавету быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: «Товарищ Мальдис — тоже исследователь, но с большими, чем у нас, полномочиями»…

Надвячоркам таго ж дня ад дому № 7 па вуліцы Савецкай у Зэльве ад’ехаў рафік, пад завязку наладаваны пакаўнымі мяхамі. Валюхаючыся на брукаванцы яшчэ польскіх часоў, нясьпешна прамінуў старыя могілкі, аўтастанцыю і схаваўся, як за бруствэрам, за высокай насыпной дамбай, што мелася неўзабаве запыніць хуткаплынную Зальвянку.

На слонімскай шашы сталічную экспэдыцыю спынілі міліцыянты. Прымусілі зьехаць з дарогі ў лес, доўга распытвалі пра характар грузу, правяралі дакумэнты. Паспрабавалі зазірнуць у мяхі, але яны нечакана аказаліся апячатанымі. Старэйшы па званьні міліцыянт доўга круціў у руках прад’яўленае яму чырвонае пасьведчаньне з надпісам «Саюз пісьменьнікаў СССР», зьвязваўся з кімсьці па рацыі. Нарэшце атрымаў каманду адпусьціць затрыманых.

Так быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш, які яшчэ пры жыцьці паэткі не даваў спакою пільнавокім і чуйнавухім таварышам. Сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Менск і здадзеныя ў Акадэмічную бібліятэку. Сёньня Геніюшаўскі фонд 31 — адзін з самых багатых пісьменьніцкіх архіваў у Беларусі, які па колькасьці неапублікаваных тэкстаў, відаць, ня мае сабе роўных. У гэтым фондзе, як у залатых капальнях, дасьледчыкі знаходзяць усё новыя і новыя скарбы, якім канца-краю няма.

Як жа памыляўся Барыс Пастарнак, калі кідаўся ў вершаваную дыдактыку: «Ня трэба нам зьбіраць архівы, над рукапісамі дрыжаць». Архівы заводзіць трэба. І рукапісы зьберагаць неабходна. Яны — дакумэнты часу, ягоныя мэтрыкі і пашпарты.


Ларыса Геніюш. "Яснай памяці маладосьць…"
Яснай памяці маладосьць,
Што на крылах дарогі мерала,
Вокал – роднай зямлі прыгажосьць,
Вір змаганьня, ў якое я верыла.

Воляй лёсу заўжды адна.
Зь юнай сілай, са сьмехам звонкім
Вылятала мая вясна
Ўсё зь вятрамі наперагонкі.

Час быў дзіўны ля нашай мяжы,
Увабранай шыпшынай і верасам.
Так часамі хацелася жыць,
А часамі нат жыць не хацелася.

Трудна вочы было адарваць
Ад вясны, ад зямлі прынаднае,
Цяжка людзям было дараваць,
што яны да людзей неспагадныя.

Ўсё адныя гуляюць і п’юць,
А другія – сьлязамі плюскаюць.
І я выбрала сьцежку тваю,
Маці-доля мая беларуская.

Ці прыходзіў ў пакутах адчай?
Я такога пакуль ня знаю,
Толькі сьлёзы віруюць ў вачах,
Калі моладзь на шлях той ступае.

Калі горда стае у рад
Стража зямлі неадроднае,
Калі цьвёрда пытае праўд
Для забытае долі народнае.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG