Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія міратворцы паляцяць у Лібан


Адпаведны ўказ падпісаў 2 жніўня Аляксандар Лукашэнка, перадае прэсавая служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

Дзевяць беларускіх вайскоўцаў у складзе Часовых сілаў ААН будуць дапамагаць падтрымліваць міжнародны мір і бясьпеку ў Лібане. Яны будуць служыць у якасьці афіцэраў штабу місіі, лекараў шпіталяў, а таксама спэцыялістаў па вайскова-цывільным ўзаемадзеяньні.

Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, рашэньне аб накіраваньні беларускіх спэцыялістаў у Лібан прынятае на базе забавязаньняў Менску, якія вынікаюць з далучэньня Беларусі ў 2001 годзе да сыстэмы Рэзэрвовых пагадненьняў ААН, а таксама нацыянальнага заканадаўства. Рэзэрвовыя пагадненьні ААН рэгулююць удзел дзяржаваў-удзельніц ААН у міратворчай дзейнасьці.

Між тым былы амбасадар ЗША ў Ізраілі і Эгіпце Дэніэл Керцэр у справаздачы, зробленай для амэрыканскага Савету міжнародных справаў, прадказвае на працягу бліжэйшых 18 месяцаў Трэцюю Лібанскую вайну.

Ён робіць такія высновы зь дзьвюх прычынаў: росту засьцярогаў Ізраілю з нагоды колькасьці і якасьці ўзбраеньняў «Хезбалы», якая, як указваецца ў справаздачы, ператварылася ў сур'ёзную пагрозу для Ізраілю, і ваяўнічую рыторыку, якой абменьваюцца кіраўнікі «Хезбалы» і габрэйскай дзяржавы.

Раней генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заяўляў, што апасаецца новай ізраільска-лібанскай вайны, якая можа мець катастрафічныя наступствы. Пан Гі Мун абвінаваціў абедзьве краіны ў парушэньні рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН аб спыненьні агню. Генсек абвінаваціў тэрарыстычную групоўку «Хізбала» ў захаваньні значнага арсэналу зброі і заклікаў гэтую арганізацыю раззброіцца. У сваю чаргу ён абвінаваціў Ізраіль у сыстэматычным парушэньні паветранай прасторы Лібану.
XS
SM
MD
LG