Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух “За Свабоду” судзіцца за прададзены архітэктурны помнік


Ад імя кіраўніка руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча ў суд Ленінскага раёну Берасьця накіраваная заява з просьбай прызнаць продаж архітэктурнага помніку нікчэмным. Справа вядзецца пра капітальны будынак, выведзены з жылога фонду, які месьціцца ў абласным цэнтры па вуліцы Савецкая, 57. Ён быў прададзены напрыканцы мінулага году жыхару Расеі Мікалаю Бурносу, перадае прэсавая служба руху.

Чыноўнікі не зьвярнулі ўвагі на тое, што 10 ліпеня 2009 году на паседжаньні Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны будынку другой паловы ХІХ стагодзьдзя быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. І хаця продаж помніка адбыўся з умовай яго рэканструкцыі, рашэньне пра гэта не было ўзгодненае, як таго патрабуе закон, зь Міністэрствам культуры. На думку заяўнікаў, ацэнка была праведзена з парушэньнем заканадаўства, што зьяўляецца важкай падставай для ануляваньня зьдзелкі.

Актывісты Руху «За Свабоду» мяркуюць, што продаж гісторыка-культурнай каштоўнасьці безь яе адпаведнай ацэнкі і без узгадненьня зь Міністэрствам культуры парушае правы ўсіх грамадзян Беларусі на гісторыка-культурную спадчыну і цягне за сабою зьбядненьне нацыянальнай культуры і самабытнасьці беларускага народу.

Інтарэсы Руху «За Свабоду» у судзе будзе прадстаўляць актывіст руху, старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG