Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зьвярнулася да партнэраў па Мытным саюзе — Беларусі і Казахстану — з просьбай зрабіць захады, каб не дапускаць на расейскую тэрыторыю віна з Малдовы і Грузіі, а таксама грузінскай мінэральнай вады. Выкарыстаньне гэтых тавараў у Расеі абмежаванае. Цяпер расейскі бок разглядае магчымасьць забароны паставак на сваю тэрыторыю віна шэрагу малдаўскіх прадпрыемстваў.

Расейскае ведамства нагляду за спажывецкімі таварамі выявіла больш за 960 тысяч літраў вінаматэрыялаў і каньякоў з Малдовы, якія не адпавядаюць гігіенічным нарматывам. Цяпер расейскі бок разглядае пытаньне пра забарону паставак прадукцыі шэрагу малдаўскіх прадпрыемстваў. У 2006 годзе «Роспотребнадзор» забараніў пастаўкі малдаўскага віна, аднак у 2007 годзе пастаўкі былі адноўленыя з больш чым 40 малдаўскіх прадпрыемстваў, якія прайшлі санітарна-эпідэміялягічную экспэртызу. Новыя праблемы ўзьніклі напрыканцы траўня, калі «Роспотребнадзор» знайшоў у малдаўскім віне шкодныя рэчывы — акурат у той дзень, калі выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Міхай Гімпу выдаў указ, якім 28 чэрвеня абвяшчалася Днём савецкай акупацыі.

У красавіку мінулага году Генадзь Анішчанка паведаміў пра факты рээкспарту празь Беларусь забароненага малдаўскага віна. Маўляў, пацьвярджэньне гэтага рээкспарту пацягне за сабой сур’ёзныя абмежавальныя захады і прэтэнзіі да беларускага боку. Цяпер у зьвязку з Мытным саюзам Генадзь Анішчанка заклікае афіцыйны Менск зрабіць вычарпальныя захады, каб не дапусьціць на расейскую тэрыторыю віна ня толькі з Малдовы, але і з Грузіі. Маўляў, гэта не азначае навязваньня сваёй волі ці абмежаваньня права беларускага боку ў выкарыстаньні гэтых прадуктаў.

Пастаўкі ў Беларусь малдаўскага віна працягваюцца бязь зьменаў. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Міністэрства гандлю Любоў Язэпчык.

На шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, якія займаюцца імпартам малдаўскага віна, сказалі, што ніякіх указаньняў ім не паступала.

Начальнік упраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Берасьцейскай абласной базы «Бакалея» Ігар Галіеўскі сказаў:

Ёсьць добры інструмэнт абароны — акцызная марка, розная ў Беларусі і Расеі.
«Мы ніколі не займаліся пастаўкамі малдаўскіх і грузінскіх вінаў на Расею. Хутчэй за ўсё, гэта можа рабіцца нелегальна. Ёсьць добры інструмэнт абароны — акцызная марка, розная ў Беларусі і Расеі. Прадукцыя, не маркіраваная расейскай акцызнай маркай, ня можа туды паступаць. Відаць, увоз адбываецца, але нелегальна. Таму яны маюць права абмежаваць нелегальны ўвоз. У нас жа такой жорсткай мяжы няма, таму неяк лясамі і палямі, магчыма, і правозяць туды».

Адносна захадаў Расеі і якасьці малдаўскіх вінаў, якія паступаюць у Беларусь, спадар Галіеўскі сказаў:

«Гэта ўсё больш палітычныя моманты, бо прадукцыя недарагая пераважна ідзе, але сэртыфікуецца Беларусьсю і адпавядае ўсім патрабаваньням па бясьпецы. І апошнім часам ніякіх нараканьняў ад спажыўцоў не было, у тым ліку і на грузінскую прадукцыю».

Прадстаўніца «Белдзяржхарчпраму» Людміла Паяркова сказала, што ў Беларусь паступаюць вінаматэрыялы з Малдовы і ніякіх абмежаваньняў пакуль няма. Таксама яна ня памятае, каб з Малдовы паступіла партыя сыравіны, забракаваная беларускім бокам. Яна адзначыла, што шампанскае, якое вырабляецца з малдаўскай сыравіны, паступае і ў Расею.

«Усе вінаматэрыялы, якія паступаюць на тэрыторыю Беларусі, праходзяць поўны комплекс прадугледжаных стандартамі аналізаў. Нараканьняў і прэтэнзій на гэту прадукцыю не было на маёй памяці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG