Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан Байковай на гэтым тыдні лепшы


Сьвятлана Байкова

Сьвятлана Байкова

Адвакат Міхаіл Воўчак наведаў у сьледчай турме КДБ сваю падабаронную, былую сьледчую рэспубліканскай пракуратуры Сьвятлану Байкову, якую трымаюць за кратамі ўжо 5 месяцаў паводле абвінавачаньня ў службовых злоўжываньнях.

Міхаіл Воўчак кажа, што Сьвятлана Байкова, чый стан на мінулым тыдні значна пагоршыўся, пачуваецца лепш. Але што да сьледчых дзеяньняў паводле яе справы, то яны зусім не вядуцца, паведаміў адвакат:

"Ані сьледчых дзеяньняў, ані яшчэ чаго — няма. Але я пра дзеяньні з нашым удзелам. А так — ня ведаю. Пэўна, штосьці ж робіцца..."

Карэспандэнт: "Ці атрымала Сьвятлана Байкова адказ на свой ліст да Аляксандра Лукашэнкі?"

Адвакат Воўчак: "Ад Лукашэнкі? А ці бачыў Лукашэнка гэты ліст? Мяркую, ня бачыў. Усё перапраўляюць у пракуратуру, а адтуль ідуць адказы, што няма падстаў для зьмены меры стрыманьня ці спыненьня перасьледу ўвогуле".
Сьвятлану Байкову, якая з 2007 году вяла шэраг спраў на высокапастаўленых карупцыянэраў, у тым ліку ў мытні і памежных войсках, КДБ Беларусі арыштаваў у лютым гэтага году. Байкову абвінавацілі ў тым, што яна нібыта незаконна спыніла перасьлед адных асобаў, а супроць другіх завяла справы, скарыстаўшы службовае становішча.

У адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі, які Сьвятлана Байкова перадала на волю праз два месяцы пасьля арышту, былая сьледчая прасіла заступіцца за яе і нагадвала пра заслугі, за якія атрымала дзяржаўныя ўзнагароды. Цягам 16 дзён Сьвятлана Байкова трымала ў турме галадоўку, якая, аднак, ніяк не паўплывала на яе працэсуальнае становішча.

Былы муж Байковай Зьміцер Пацына лічыць, што адным з вынікаў галадоўкі стала абвастрэньне яе хваробаў. Паводле Зьмітра Пацыны, у Байковай ёсьць захворваньне нырак, а да таго ж адкрыліся іншыя хваробы, якіх раней не было. Былы муж перадаваў для хворай у турму лекі, але частку іх прымаць адмовіліся.

Адвакат Воўчак паведаміў, што разам з Байковай яны рыхтуюць новую скаргу ў пракуратуру, гэтым разам на імя генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча. У скарзе яны зноў будуць патрабаваць спыненьня крымінальнага перасьледу з прычыны невінаватасьці Байковай:

"На наступным тыдні аддамо Васілевічу вялікую паперу, у якой будзе ўсё раскладзена супроць абвінавачаньня.

Зараз у турме КДБ — "амэрыканцы" — вельмі сьпякотна. Вядома, што ў камэры, дзе трымаюць Байкову разам зь яшчэ дзьвюма арыштанткамі, няма нават вэнтылятара. Як перажывае гарачыню Сьвятлана Байкова, запытаў я ў адваката Міхаіла Воўчака:

"Ну як? Трымаецца. Усё перажывае цярпліва".
XS
SM
MD
LG