Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: “Дабаўка да пэнсіі чамусьці ніколі не пасьпявае за цэнамі”


«Ад жніўня пэнсія ў Беларусі падвышаецца на 12 з паловай адсоткаў. На што вы патраціце гэтую дабаўку?» На пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.


Спадар: «Уся гэтая дабаўка патрачана ўжо: цэны ж растуць! Практычна яна незаўважная».

Спадарыня: «Я — пэнсіянэрка, і мне даводзіцца працаваць, таму што не хапае. Лічыце, што гэта не дабаўка, бо ўсё настолькі вырасла, што ня ведаеш, куды гэтую дабаўку падзець. Цэны пастаянна растуць, а дабаўка чамусьці ззаду ідзе. Спачатку кошты, а потым — дабаўка».

Спадар: «Мне гэта ня ў радасьць. Справа ў тым, што пакуль яе абвясьцілі, цэны ўжо два разы падвышалі. І будзе яшчэ адзін афіцыйны варыянт падвышэньня цэнаў пасьля падвышэньня пэнсіяў. Гэтая дабаўка разыдзецца хутка. І атрымаецца так, што мы застанемся на тым жа ўзроўні, што й былі».

Спадарыня: «Ці бачная гэтая дабаўка, калі ўсё даражэе? У крамах растуць кошты на прадукты. А пачнецца ацяпляльны сэзон — камуналка зноў падрасьце. Лепей, каб было ўсё стабільна — і не патрэбныя гэтыя дабаўкі».

Спадар: «Гэтую дабаўку трэба на ноч да галавы прыкласьці! Гэта зь ёю адзін раз у краму сходзіш».

Спадарыня: «Для нас яна неістотная, бо падняліся кошты на прадукты. Пэнсію яшчэ не далі, а кошты падняліся ўжо. Гэтыя грошы й пойдуць на прадукты, якія мы куплялі й купім зараз».

Спадар: «Грабавыя» хіба — ці мала што можа здарыцца«.

Спадар: «Сьмешная, канечне, дабаўка. Дзяржслужбоўцам таксама пэнсію падвышаюць. І ўвесь час разрыў павялічваецца. Яны атрымліваюць па мільёну, а мы — у тры разы меней. Тут трэба падумаць, як зрабіць. Магчыма, дзяржслужбоўцам меншы працэнт дабаўляць».

Спадарыня: «Кажуць, што малочныя харчы зноў падаражэюць. Цукар таксама падаражэе. І што нам гэтыя працэнты?! Што ў нас — пэнсіі вялікія? У мяне, напрыклад, 500 тысяч. А ёсьць у людзей і 350. Мая маці атрымлівае 320 тысяч. Як ёй жыць? Ёй толькі хапае на малочныя харчы, на хлеб, на батон. Што гэтыя 12 працэнтаў? Вось ёй падвысяць: 10 працэнтаў ад 320 — гэта 32 тысячы, і 2 працэнты яшчэ — гэта 6 тысяч. Гэта што — дабаўка?»
XS
SM
MD
LG