Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Свастыка ўсё часьцей выступае як агульны сымбаль нянавісьці – пра гэта, спасылаючыся на зьвесткі амэрыканскай Лігі па абароне гонару і годнасьці (Anti-Defamation League), піша “International Herald Tribune”. У сваёй справаздачы аб злачынствах, учыненых на глебе нецярпімасьці да габрэяў, памянёная Ліга ўжо не трактуе аўтаматычна ўсіх фактаў выкарыстаньня свастыкі як праяўленьне антысэмітызму.


“Свастыка ператварылася ва ўнівэрсальны сымбаль нянавісьці”, – цытуе газэта Абрагама Фоксмана, дырэктара базаванай у Нью-Ёрку Габрэйскай праваабарончай арганізацыі. Фоксман падкрэсьлівае, што сёньня свастыка можа быць скіраваная як супраць афраамэрыканцаў, лацінаамэрыканцаў і гомасэксуалістаў, так і супраць габрэяў. “Гэта сымбаль, які застрашвае”, – дадае Фоксман.

Свастыка (роўнабаковы крыж з загнутымі канцамі, іначай – крывакрыж) мае традыцыю выкарыстаньня ў сусьветных рэлігіях, зьяўляецца важным культавым сымбалем у будызьме, індуізьме і джайнізьме. У шматлікіх старажытных народаў крывакрыж быў сымбалем руху, Сонца, сьвятла, дабрабыту. У традыцыйных беларускіх арнамэнтавых узорах свастыка найбольш распаўсюджаная як элемэнт вясельных строяў.

“Мы палічылі свастыку на Плімуцкім камені сымбалем нянавісьці да Амэрыкі, магчыма, да імігрантаў. Але лічыць гэтую свастыку антысэміцкай праяваю было б няправільна”
У XX стагодзьдзі гітлераўскі рэжым зрабіў свастыку сваім сымбалем. У выніку шырока ў сьвеце крывакрыж пачаў устойліва асацыявацца з нацызмам і злачынствамі супраць чалавечнасьці, у прыватнасьці з Галакостам.

Сёньня, аднак, назіраючы за тэндэнцыямі ў выкарыстаньні свастыкі, амэрыканская Ліга па абароне гонару і годнасьці робіць выснову, што ў шэрагу выпадкаў свастыка не скіраваная супраць габрэяў.

У інтэрвію “International Herald Tribune” Абрагам Фоксман нагадаў, што год назад свастыку нанесьлі на Плімуцкі камень – скалу, да якой, згодна з паданьнем, прычалілі ў 1620 годзе Ўільям Брэдфард і іншыя айцы-пілігрымы, запачаткаваўшы тым самым гісторыю ЗША. “Мы палічылі свастыку на Плімуцкім камені сымбалем нянавісьці да Амэрыкі, магчыма, да імігрантаў. Але лічыць гэтую свастыку антысэміцкай праяваю было б няправільна”, – сказаў Фоксман.

У Беларусі прыняты на пачатку 2010 году закон прадугледжвае арышт і штраф да 200 базавых велічыняў за прапаганду або публічную дэманстрацыю, а таксама выраб і распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі. Нацысцкай атрыбутыкай, згодна зь беларускім законам, лічацца сьцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны або іх копіі.
XS
SM
MD
LG