Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мінулы чацьвер Гаспадарчы суд Менску задаволіў другі пазоў Менгарвыканкаму аб прызнаньні дамовы арэнды паміж "Рухам наперад" і адкрытым акцыянэрным таварыствам "Tina Vlati" юрыдычна няважнаю. Іншымі словамі, суд прызнаў, што ад самага пачатку адукацыйная ўстанова "Рух наперад" ня мела юрыдычнага адрасу, так што рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ўстановы "Руху наперад" павінна быць адменена. Ці працягне ў такіх умовах дзейнічаць грамадзянская кампанія "Гавары праўду", заснавальнікам якой выступае "Рух наперад"?

Рашэньне суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу, цягам 15 дзён яго можна абскардзіць, тлумачыць праваабаронца Раіса Міхайлоўская:
Ня можам мы падстаўляць людзей праз працу ад імя незарэгістраванай арганізацыі, таму што гэта ход наўпрост за краты


"Пакуль нічога не зьмянілася: ні іх прававы статус, ні тое, што суд прызнаў іх прававы статус няважным. Гэтае рашэньне будзе абскарджана. "Рух наперад" будзе падаваць касацыйную скаргу ў Гаспадарчы суд на рашэньне суду першай інстанцыі. На дадзены момант нічога не памянялася".

Лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" паэт Уладзімер Някляеў кажа, што разгубленасьць і няўпэўненасьць прыходзяць тады, калі нейкія падзеі адбываюцца зьнянацку, нечакана:

"Што да суду над кампаніяй "Гавары праўду!" і пазбаўленьня яе юрыдычнага права працаваць у рэчышчы закону, то мы гэтага чакалі — ну, калі не ад самых першых дзён, то празь месяц-паўтара гэта ўжо было відавочна па тых захадах, якія ўлады рабілі. Ня можам мы падстаўляць людзей праз працу ад імя незарэгістраванай арганізацыі, таму што гэта ход наўпрост за краты. Таму мы, канечне, прынялі контрамеры. Яны, зрэшты, падобныя да тых контрамер, якія прадпрымаліся іншымі партыямі, арганізацыямі. Так што ніякай разгубленасьці, ніякай панікі ў нас няма. Мы ў суботу і нядзелю правялі канфэрэнцыю актывістаў, сабраўшы іх з усіх гарадоў Беларусі, слухалі ўважліва, што яны нам казалі. І ніхто зь іх не панікаваў, не крычаў, што трэба разьбягацца. Усе казалі, што будзем стаяць да канца. Вось з гэтым рашэньнем і паехалі мы зноў працаваць".

Прэсавы сакратар кампаніі Юлія Рымашэўская кажа, што актывісты, валянтэры па-ранейшаму працуюць:

Юлія Рымашэўская (у цэнтры)
"Усе праекты, якія былі — яны працягваюцца. Мы трымаем на кантролі акцыю па зборы подпісаў за вуліцы Быкава. Сёньня мы распачынаем збор подпісаў за дэлегаваньне лідэра кампаніі Ўладзімера Някляева на Ўсебеларускі сход. Гэтая акцыя таксама вельмі маштабная, вялікая і нялёгкая. Таму што людзям давядзецца тлумачыць, што такое Ўсебеларускі сход. Таму што гэта даволі "мёртвая" зьява і шмат хто да яе скептычна ставіцца. Таму перад нашымі валянтэрамі будзе стаяць даволі складаная задача — патлумачыць, навошта гэта трэба і ў чым сэнс".

Магчыма, будзе зарэгістраваная іншая арганізацыя, але "Гавары праўду!" будзе працаваць у прававым полі, падкрэсьліў лідэр кампаніі Уладзімер Някляеў. Бо прэцэдэнтаў прымяненьня артыкула 193 Крымінальнага кодэксу ў Беларусі нямала — можна згадаць судовы перасьлед актывістаў "Партнэрства" ў 2006 годзе альбо кіраўнікоў "Маладога фронту", якія пэўныя тэрміны правялі за кратамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG