Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хэльсынкі-75: прадбачаныя і непрадказальныя наступствы


Падпісаньне пагадненьняў
Падпісаньне пагадненьняў

1 жніўня споўнілася 35 гадоў з дня ратыфікацыі Хэльсынскіх пагадненьняў, якія замацавалі заходнюю і савецкую сфэры ўплыву ў Эўропе, але і далі інструмэнт дысыдэнтам ва ўсёй Усходняй Эўропе супраць таталітарнай улады.


Хэльсынскія пагадненьні 1 жніўня 1975 году падпісалі 35 дзяржаваў – амаль усе дзяржавы Эўропы, а таксама Злучаныя Штаты, Канада і Савецкі Саюз.

У той час пагадненьні разглядаліся як важны крок у зьніжэньні міжнароднай напружанасьці “халоднай вайны”, але таксама як дыпляматычная перамога Савецкага Саюзу, паколькі пагадненьні дэкляравалі непахіснасьць межаў і тэрытарыяльнай цэласнасьці, што ў палітычным вымярэньні азначала прызнаньне падзелу Эўропы на сфэры ўплыву. Дакумэнт прызнаваў межы Эўропы, якімі яны сталі напрыканцы Другой Сусьветнай вайны.

Праўда, прэзыдэнт ЗША Джэральд Форд падпісаў дакумэнт толькі пасьля пацьвярджэньня, што Злучаныя Штаты не прызнаюць прымусовага далучэньня балтыйскіх краінаў да СССР. Напрыканцы нарады ў Хэльсынкі прэзыдэнт Форд сказаў:

“Я прыехаў у Хэльсынкі, як прадстаўнік нацыі, якая заўсёды глядзіць наперад, народа, які заўсёды дамагаўся, каб будучыня была лепш, чым мінуўшчына, і чыёй мэтай было ўмацоўваць мір і прагрэс ня толькі для сябе, але і для ўсяго чалавецтва. Я тут сказаў маім калегам: мы ў даўгу перад нашымі дзяцьмі, перад дзяцьмі ўсіх кантынэнтаў, каб не прапусьціць ніводнай магчымасьці ў пабудове лепшага і больш бясьпечнага сьвету”.

Хэльсынскія пагадненьні прывялі да стварэньня Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе – адной з самых уплывовых міжнародных арганізацый, якія зарыентаваная на абарону правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў.

"Пагадненьне аб прынцыпах, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі ", падпісанае ў Хэльсынкі 35 гадоў таму, ўтрымлівае 10 пунктаў:

1. Сувэрэнная роўнасьць, павага правоў, уласьцівых сувэрэнітэту
2. Устрыманьне ад пагрозы сілай і ад яе ўжываньня
3. Непарушнасьць межаў
4. Тэрытарыяльная цэласнасьць дзяржаваў
5. Мірнае ўрэгуляваньне спрэчак
6. Неўмяшаньне ва ўнутраныя справы
7. Павага правоў чалавека і асноўных свабодаў, у тым ліку
права на свабоду думкі, сумленьня, рэлігіі і перакананьняў
8. Роўныя правы і права народаў на самавызначэньне
9. Супрацоўніцтва паміж дзяржавамі
10. Добрасумленнае выкананьне абавязацельстваў, што вынiкаюць з
міжнароднага права.


Пункт сёмы пагадненьня – наконт правоў чалавека і свабодаў – прывёў да новай якасьці дысыдэнцкіх рухаў за “жалезнай заслонай”. Безумоўна, лідэры СССР і іншых краін савецкага блёку ня мелі намеру прытрымлівацца прынцыпу выкананьня правоў чалавека. Мэтай СССР і яго сатэлітаў было атрымаць палітычнае прызнаньне status quo, законнасьці савецкага панаваньня ва Ўсходняй Эўропе і падзелу Нямеччыны.

Аднак падпісаньне Хэльсынскіх пагадненьняў мела непрадказальныя наступствы для краінаў камуністычнага лягеру. Гуманітарныя і праваабарончыя разьдзелы гэтага дакумэнта (так званы “трэці кошык”) зрабіў натхняльны ўплыў на дысыдэнтаў краінаў Усходняй Эўропы і для СССР. Дысыдэнты атрымалі легітымную магчымасьць патрабаваць ад сваіх урадаў выконваць іх міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека і апэляваць да заходніх урадаў, каб тыя дамагаліся выкананьня гэтых правоў ад краін камуністычнага блёку.

У краінах блёку пачалі ўзьнікаць Хэльсынскія групы і камітэты, мэтай якіх быў маніторынг стану правоў чалавека і барацьба за іх. У рэчышчы гэтага працэсу адбылося і стварэньне Камітэту абароны рабочых у Польшчы і руху “Хартыя-77” у Чэхаславаччыне. “Хартыя-77” узьнікла праз год пасьля падпісаньня Хэльсынскіх пагадненьняў, 242 дысыдэнты падпісалі дакумэнт, які абвінавачваў улады ЧССР у парушэньні правоў чалавека і невыкананьні міжнародных пагадненьняў.

У пэўным сэнсе гэтыя непрадбачаныя наступствы Хэльсынскіх пагадненьняў паспрыялі падзеньню камунізму ў Эўропе праз 15 гадоў пасьля іх падпісаньня.

Прызнаньне, што стан правоў чалавека можа быць прадметам міжнароднага абмеркаваньня, ўмацавала грамадзянскую супольнасьць у краінах Усходняй Эўропы і ў СССР і дала моцную ідэалягічную зброю апанэнтам камуністычных рэжымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG