Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Рэкордная сьпякота і суш выклікалі вялікія пажары ў Расеі. Украінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч прапанаваў суседзям дапамогу ў тушэньні пажараў. Зь беларускага боку такіх прапаноў пакуль не паступала.

Надзвычайная сытуацыя з пажарамі склалася ў 14 рэгіёнах Расеі. Усяго выгарала 558 тысяч гектараў лясоў і тарфянікаў, паводле стану на 2 жніўня гарэла 228 тысяч гектараў. Агонь ахоплівае і паселішчы. Ад пажараў загінулі 34 чалавекі, больш за дзьве тысячы расейцаў засталіся без жыльля. Трэці тыдзень Масква ў смогу. Лясныя пажары атачылі ядзерны цэнтар у Сарове пад Ніжнім Ноўгарадам.

Прэзыдэнт Расеі Дз. Мядзьведзеў накіраваў на тушэньне пажараў армію. Маскоўскі патрыярх Кірыл заклікаў вернікаў маліцца за дажджы.
Мясцовае насельніцтва арганізавана так, што калі заўважаюць невялікае загараньне — яно адразу ліквідуецца. Сур'ёзнай небясьпекі пакуль няма


Прычынай пажараў сталася найвялікшая за апошнія сто гадоў сьпёка, якую перажывае Расея. Паводле цэнтру "Антыстыхія" МНС Расеі, прагноз неспрыяльны, чакаюцца новыя пажары. Шкода ад пажараў ужо склала 4,6 мільярда расейскіх рублёў.

Паводле МНС Беларусі, памежныя зь Беларусьсю расейскія вобласьці ад пажараў не цярпяць, таму верагоднасьць таго, што пажар перакінецца на захад, няма. У самой Беларусі сытуацыя стабільная, сур'ёзных пажараў няма. Гэтаму спрыяюць частыя дажджы.

За мінулыя суткі ў Беларусі здарылася 7 пажараў, у розных рэгіёнах выгарала па некалькі сотак тарфянікаў і кустоўя. Гаворыць прадстаўнік МНС Беларусі Сяргей Нікінка:

"І авіяцыю задзейнічаем для патруляваньня, і лесьнікі дапамагаюць, адразу апэратыўна паведамляюць. У асноўным яны ж самі і ліквідуюць. Мясцовае насельніцтва арганізавана так, што калі заўважаюць невялікае загараньне — яно адразу ліквідуецца. Сур'ёзнай небясьпекі пакуль няма".

Сяргей Нікінка зазначыў, што запытаў з Расеі наконт дапамогі ў тушэньні пажараў не было, як не было і адпаведных распараджэньняў ураду, які можа накіраваць беларускіх пажарнікаў на дапамогу расейскім калегам. Прэсавы сакратар старшыні беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка таксама паведаміў, што рашэньня аб дапамозе Расеі няма.

Між тым прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч абяцаў Расеі дапамогу ў тушэньні пажараў, лячэньні і рэабілітацыі пацярпелых. Януковіч даручыў ураду, МНС Украіны, Мінабароны, іншым цэнтральным органам улады і адміністрацыям сумежных з Расеяй абласьцей зрабіць усе неабходныя захады, каб дапамагчы Расеі ў пераадоленьні стыхійнага бедзтва. Хаця ў самой Украіне пачалі гарэць тарфянікі вакол Кіева, пажаранебясьпечная сытуацыя склалася і ў Крыме.

Мечыслаў Грыб, які ў свой час працаваў у пажарнай службе, лічыць лясныя і тарфяныя пажары ў Расеі вельмі небясьпечнымі. Ён ня ўпэўнены, што ў выратавальнікаў гэтай краіны хопіць сваіх сіл і сродкаў. Дапамога з боку Беларусі тут была б дарэчы, — перакананы спадар Грыб:

"Беларусь, на мой погляд, магла б і павінна была б прапанаваць Расеі такую падмогу. Мы павінны заўсёды як добрыя суседзі, як хрысьціяне, дапамагаць сваім суседзям. Тады мы можам разьлічваць і на іх дапамогу. А калі ў суседа бяда, а мы адварочваемся, убок глядзім, той сусед так можа зрабіць, калі бяда здарыцца ў нас".

Беларусь раней накіравала два пажарныя гелікоптэры ў Грэцыю і Турэччыну. Заробленыя экіпажамі грошы ідуць на абнаўленьне авіяпарку МНС Беларусі. Яшчэ тры пажарныя гелікоптэры застаюцца на баявым дзяжурстве ўнутры краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG