Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У "Доме літаратара" Ірына Багдановіч І Анатоль Сідарэвіч



КНІГАГЛЯД

ІРЫНА БАГДАНОВІЧ: “ПАЭТЫЧНЫ ТАЛЕНТ КАЗІМЕРА СВАЯКА РОЎНЫ КУПАЛАВАМУ”


У чырвонай сэрыі выдавецтва “Кнігазбор” выйшаў том выбраных твораў Казімера Сваяка. Гэта першая спроба сабраць пад адной вокладкай усю вядомую на сёньня творчую спадчыну заходнебеларускага паэта-сьвятара, якому сёлета споўнілася 120 гадоў. Том уклала, пракамэнтавала і напісала прадмову да яго літаратуразнаўца і паэтка Ірына Багдановіч. Пра ўнікальнасьць асобы Казімера Сваяка і прычыны яе невядомасьці шырокай публіцы з укладальніцай гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак:
“Спадарыня Ірына, сваю прадмову вы заканчваеце словамі пра тое, што постаць Казімера Сваяка – унікальная постаць у гісторыі беларускай літаратуры. У чым яе ўнікальнасьць?”

Ірына Багдановіч: “Мне бачыцца ўнікальнасьць постаці Казіміра Сваяка ў тым, што ён быў пісьменьнік-сьвятар. Яго пакліканьне сьвятарскае адбівалася ў пакліканьні паэтычным”.

Аксак: “Але ж, прабачце, ён не адзін быў такі. На пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі была цэлая пляяда пісьменьнікаў-сьвятароў…”

Багдановіч: “Пляяда была сапраўды, але таленты былі розныя і па-рознаму выяўляліся. Сваяк як паэт у маім уяўленьні сягае ўзроўню нашых клясыкаў. Ягоны паэтычны талент мне бачыцца роўным Купалаваму, проста ў яго менш часу было для таго, каб выявіцца. А яго сьвятарства, тое, што ён быў пакліканы менавіта як беларускі сьвятар, надало спэцыфічную глыбіню і тэматычную дамінанту яго творчасьці. Калі гаварыць яшчэ пра адметнасьць Сваяка, то ўсё ж такі менавіта вакол яго постаці разгарнулася надзвычайная палеміка пра яго творчасьць і пры жыцьці, і ў першыя гады па сьмерці. Ніякі іншы сьвятар-пісьменьнік такой палемікі не выклікаў у друку. Гэта значыць, што асоба Казімера Сваяка была ў цэнтры заходнебеларускай літаратуры, прынамсі ў 20-я гады, бо ў 30-я яму ўжо проста не давялося жыць – ён памёр у 1926 годзе. А ў 20-я, паўтаруся, імя Сваяка бясконца прысутнічае на старонках газэтаў. Гэта ўсё ставіць яго на асобную палічку ў гісторыі нашай літаратуры”.

Аксак: “Пры жыцьці ў Казімера Сваяка выйшла толькі адна маленькая паэтычная кніжачка “Мая ліра”. І вось нарэшце маем складзены вамі том. Чаму так доўга яго творчая спадчына заставалася ня толькі ня выдадзенай, але нават і не сабранай?”

Падчас збору матэрыялаў для артыкула мяне ўразіла глыбіня таленту гэтага паэта, нэрвовасьць яго твораў, непахісная беларускасьць
Багдановіч:
“Гэта пытаньне вельмі няпростае, і ў той жа час адказ на яго відавочны. Пасьля вайны, калі Беларусь стала адзіным дзяржаўным утварэньнем, савецкім утварэньнем, то ў ім творчасьць пісьменьніка-сьвятара проста не была запатрабаваная, прынамсі, афіцыйным літаратуразнаўствам. Таму ніхто яе не зьбіраў, ніхто не вывучаў, хаця ў 80-я ўвагу Сваяку надаваў такі наш выбітны літаратуразнаўца як Уладзімер Калесьнік. Але ўсё ж такі ў яго ацэнках пераважае тагачасны афіцыйны савецкі погляд, хаця ён, у прынцыпе, даніну таленту Сваяка аддаваў, ніяк пры гэтым не пагаджаючыся са сьвятарствам паэта. Сьвятар – гэта было ў часы ваяўнічага атэізму чалавечаю заганаю. Як гэта так можна было з пункту гледжаньня вяршэнства і велічыні Бога глядзець на ўсе зямныя справы? Гэта лічылася ідэалягічнай памылкай. Разгляданая паводле гэткага прынцыпу творчасьць не магла знайсьці свайго месца на старонках падручнікаў, літаратурна-крытычных выданьняў і гэтак далей. Але прыйшлі 90-я, калі ў нас пачалося адраджэньне, і духоўнага жыцьця ў тым ліку, тады ўзьнялася цікавасьць да творчасьці Казімера Сваяка. Якраз ў 1990-м было ягонае стагодзьдзе, што абудзіла вяртаньне да творчасьці Сваяка. У Акадэміі навук выдаваўся тады біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменьнікі”, і мне пашчасьціла напісаць для яго артыкул пра Казімера Сваяка. Падчас збору матэрыялаў для артыкула мяне ўразіла глыбіня таленту гэтага паэта, нэрвовасьць яго твораў, непахісная беларускасьць. Усё гэта захапіла мяне, і я пачала шукаць творы Сваяка па заходнебеларускім пэрыядычным друку. Складзеная мной бібліяграфія, магчыма, не зусім поўная, і яшчэ штосьці будзе адкрывацца, бо прэсы ў 20-я гады ў Заходняй Беларусі было поўна, і штосьці зь яе мы не змаглі адшукаць”.

Аксак: “На пачатку сваёй творчасьці ў 1913 годзе Казімер Сваяк запісаў у дзёньніку: “Па-польску пішуць усе. Беларус – сірата: сьмяюцца зь яго мовы. Я люблю бедных, апушчаных… Буду пісаць па-беларуску”. І крышку далей чытаем: “Скуль бярэцца гэта нізкая пагарда да нашай роднай мовы?” Ці знайшоў Казімір Сваяк адказ на гэтае пытаньне, і вы як дасьледчыца ягонай творчасьці ці знайшлі гэты адказ для сябе?”

Багдановіч:
“Ён шукаў, але я думаю, што кропкі тут няма як паставіць. Жыў ён сярод простага люду, які гаварыў гэтай мовай, які цягнуўся да гэтай мовы. Але ў адным месцы ў дзёньніку ён запісаў, што людцы прывыклі толькі клясьці долю па-беларуску, а ўсё астатняе, думаюць, няможна выразіць гэтай мовай. Гэта яго заўсёды зьдзіўляла, напружвала. Думаю, што адказ на пытаньне заглыбляецца ў вякі. Гісторыя, выхаваньне, мэнтальнасьць беларуская такая дзіўная, ці што гэта? Але трэба чытаць Сваяка, каб бачыць магчымыя вэрсіі адказу на гэтае пытаньне”.


АЎТАР І ТВОР

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ: “ЛІРЫЧНЫ ТВОР ЗАЎСЁДЫ СУЧАСНЫ”

Гісторык літаратуры, публіцыст і крытык Анатоль Сідарэвіч засвоіў яшчэ адно творчае амплюа – на старонках “Дзеяслова” выступіў з “нататкамі зацікаўленага чытача”. Пра модны апошнім часам жанр кароткай рэфлексіі, лірычнага запісу, пра яго пачынальнікаў і прадаўжальнікаў з Анатолем Сідарэвічам паразмаўляў Міхась Скобла.

Міхась Скобла:
“Бясспрэчным клясыкам у жанры “прачытаў чужое – напісаў сваё” быў Янка Брыль, хоць нехта лічыў гэта несур’ёзным заняткам. Падумаеш – прачытаў кнігу і запісаў некалькі рэфлексій. А вам які Брыль бліжэй – аўтар клясычных апавяданьняў, ці аўтар лірычных мініятураў?

Анатоль Сідарэвіч: “Усё залежыць ад настрою. Калі я хачу парагатаць, бяру “Ніжнія Байдуны” і чытаю брылёўскія выдумлянкі. Але, з другога боку, калі я бяру яго мініятуры, – там таксама ёсьць з чаго парагатаць. Напрыклад, жанчыны пераходзяць уброд Нёман, паднялі свае спадніцы, дарослыя мужыкі ляжаць на беразе і глядзяць. А адна падняла спадніцу вышэй ды пытаецца: “Хараша?” Паварочваецца задам, пляскае і кажа: “Дык на і барыша!” Ну як тут не зарагатаць? Падгледжанае – выдатна. Каб пісаць у такім жанры, трэба пісаць неадкладна, пад першым уражаньнем, бо калі ты не запісаў пад першым уражаньнем, па сьвежых сьлядах, што называецца, то потым пачынаецца нейкая выдумлянка”.

Скобла: “А каго ў беларускай літаратуры можна лічыць пачынальнікам жанру лірычнай мініятуры, у якім так плённа працаваў Брыль?”

Сідарэвіч:
“Першым пачаў пісаць у жанры абразка Зьмітрок Бядуля. Пачытайце яго імпрэсіі, настраёвыя запісы. Можа, мы ня надта надавалі ім увагі, але я памятаю з размоваў зь Іванам Антонавічам, што ён вельмі цаніў Бядулю менавіта за гэтыя творы. Потым зьяўляюцца запісы Максіма Лужаніна, іншых аўтараў. Дарэчы, беластоцкія аўтары, калі не памыляюся, таксама нямала ў гэтым жанры працавалі. Я ўспамінаю сваё незабыўнае ўражаньне, калі скончыў дзевяць клясаў і прачытаў ці то “Рамонкавы россып”, ці то “Жменю сонечных промняў” Брыля. Акурат там я чытаў і пра таго барыша, і пра тое, як дзядзька, прывёз на малаказавод калгаснае малако, якое па дарозе скісла. Ён ідзе да сакратара райкаму і пытаецца: “Якім малаком Амэрыку даганяць будзем, кіслым ці салодкім?”

Скобла: “Калі я прачытаў у 46-м “Дзеяслове” вашы “Нататкі чытача”, то падумаў: “Вось і Сідарэвіч ня будзе мець ад чытаньня радасьці і асалоды, бо чытае з адным прыцэлам – знайсьці зерне для ўласнай рэфлексіі, для ўласнага твору.” Ці ж ня так?”

Сідарэвіч:
“Гэта ня так. Калі твор ня будзіць аніякай эмоцыі, аніякай думкі, то паводле яго аніякага запісу ня зробіш. Калі твор ня хочацца цытаваць, калі ён не прыносіць табе радасьці, не штурхае цябе да роздуму, што ты запішаш? У багатай спадчыне Янкі Брыля, у яго запісах не называюцца дзясяткі сябраў Саюзу пісьменьнікаў, творы якіх ён чытаў. Брыль чытаў кепскія творы, і магчыма, запісы пра іх мы знойдзем у ягоных дзёньніках, да якіх пакуль няма доступу. Гэта амаль пяць тысячаў старонак. Я, напрыклад, раблю свае запісы ў кампутары, а ў Брыля заўсёды была з сабою запісная кніжка, у якой ён натаваў свае ўражаньні. Потым ён браў гэтую запісную кніжку і перадрукоўваў на машынцы тое, што ў яго было запісана ад рукі. Адны тэксты ён нёс у “Маладосьць” ці “Полымя”, іншыя захоўваў на потым. Засталіся пяць тысячаў старонак ягоных запісаў, якія вяліся пастаянна, з году ў год, якія ляжаць цяпер ў ягоным асабістым архіўным фондзе і якія будуць адкрытыя для дасьледчыкаў у 2011 годзе”.

Скобла:
“Хто сёньня працягвае пісаць, калі можна так сказаць, у фірмовым брылёўскім жанры? Ці лірычная мініятура – не сучасны жанр?”

Сідарэвіч:
Паўстае складаная, вельмі шматгранная фігура камуніста, падпольшчыка, калі не атэіста, дык вялікага скептыка, але разам з тым чалавека, які сам зьбірае лушпайкі з цыбулі, каб на Вялікдзень пафарбаваць яйкі
Лірычны твор не бывае сучасным ці не сучасным. У добрай прозе лірыка заўсёды прысутнічае, нават калі пісьменьнікі пішуць жорсткую праўду жыцьця. Вы чыталі Міхаіла Прышвіна? Скажыце, гэта мова казённа-суконная, ці гэта мова пісьменьніка, надзеленага высокай эмацыйнай культурай? Канешне, ж надзеленага высокай культурай. Калі гаварыць пра нашу літаратуру, то я, напрыклад, у 41-м нумары “Дзеяслова” з задавальненьнем чытаў твор Леаніда Дранько-Майсюка пра Луцкевіча. Чалавека натхніла сама постаць Антона Луцкевіча. Тэкст адкрываецца вершам, а потым працягваецца вандроўкай па тых мясьцінах, дзе жыў Луцкевіч, дзе ён мог быць. З другога боку, Дранько-Майсюк раптам бярэ цытаты з твораў Міхася Машары, з рамана Піліпа Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах”, глядзіць, як гэтыя пісьменьнікі выводзяць вобраз Антона Луцкевіча. І аказваецца, што са старонак гэтых твораў рэвалюцыйных пісьменьнікаў паўстае вобраз арыстакрата думкі, як некалі пра Луцкевіча сказаў сьвятар, мэтадысцкі пастар Ян Пятроўскі”.

Скобла:
“Вартасныя кнігі цяпер выходзяць нячаста. А чые творы апошнім часам вас ня толькі парадавалі як чытача, але і дадалі старонку-другую ў вашы “Натакі чытача”?

Сідарэвіч:
“Апошнім часам я вельмі ўважліва чытаў Якуба Коласа – яго раньнюю прозу, “Казкі жыцьця”. Чытаў таксама дзёньнікі Максіма Танка, 9 і 10 том запар. Паглядзелі б вы, колькі я наставіў птушачак, колькі навыпісваў зьверху словаў для запамінаньня, бо я зьбіраюся нешта напісаць для “Дзеяслова” пра танкаўскія дзёньнікі. Зь іх паўстае складаная, вельмі шматгранная фігура камуніста, падпольшчыка, калі не атэіста, дык вялікага скептыка, але разам з тым чалавека, які сам зьбірае лушпайкі з цыбулі, каб на Вялікдзень пафарбаваць яйкі”.


АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ. НАТАТКІ ЧЫТАЧА

ПАКОЙ БЫКАВА


У Музэі гісторыі беларускай літаратуры адчынялі пакой, прысьвечаны Васілю Быкаву. Сабранай у вэстыбюлі грамадзе ўголас сказалі, што пакой адчыняецца зь ініцыятывы міністра культуры Паўла Латушкі. Ну, вядома, у нас усякая ініцыятыва сыходзіць “зьверху”. І міністрава ня цалкам належыць міністру.

Я так і не зразумеў, гэта мэмарыяльны пакой ці часовая экспазыцыя, бо адкрыцьцё яе прымеркавалі і ўвязалі ў адно з 65-й гадавінай “вялікай перамогі”. З тае інфармацыі, якую пачуў у вэстыбюлі, можна было зразумець: Васіль Быкаў сам па сабе, як грамадзянін і пісьменьнік, не заслугоўвае ўшанаваньня, але як удзельніка вайны і ваеннага пісьменьніка яго можна і ўшанаваць.

І тут начальнічкі не змаглі абысьціся бяз дробненькай подласьці, без таго, каб не “падвярстаць” чалавека пад сваю ідэалягему.

Вялікая перамога? Ну, правільна, аплачаная вялікаю крывёю. Дзеля дурасьці Сталіна, ягонага народнага камісара Цімашэнкі і начальніка генэральнага штабу Жукава, дзеля дурасьці ўсяе сыстэмы.

Перамога мо й была б сапраўды вялікаю, калі б пераможцы жылі ня горш за пераможаных.

Запомніўся выступ Генадзя Бураўкіна. Галоўная думка: Нямеччыну перамаглі, але фашызм не пераможаны.


ДЗЕНЬ ПАЭЗІІ


Добра, калі кніга добрага паэта выходзіць у добрым афармленьні. Гэта я пра кнігу Алеся Салаўя. На мінулым тыдні даведаўся, што яна выйшла з друку. І вось Аляксандар Фядута адарваў ад сэрца адзін асобнік мне.

Добра аформленая кніга добрага паэта натхняе. Пра яе хочацца пісаць.

Кнігу я атрымаў ад Фядуты пасьля літургіі. А на літургіі, калі сьпяваў разам з усімі “Ойча наш”, то пасля словаў “Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня” зьбіўся, бо на імгненьне ў галаву заляцела думка, што Максім Танк любіў Вялікдзень і пад канец жыцьця амаль штогод у сваім дзёньніку натаваў: “Сёньня Вялікдзень”.

Якраз учора я скончыў чытаць 10-ты том твораў Максіма Танка, ягоныя дзёньнікі. Ёсьць пра што падумаць, пра што паразважаць. Нават на літургіі думка заляцела. А ўвечары чытаў кнігу Алеся Салаўя. У мяне сёньня Дзень паэзіі.


КАЛІ ДЭБЮТАВАЛА НАТАЛЬЛЯ АРСЕНЬНЕВА?


Антон Адамовіч у прадмове да кнігі Натальлі Арсеньневай “Між берагамі” (Нью-Ёрк, 1979) напісаў, што паэтка дэбютавала 8 верасьня 1921 году ў газэце “Наша думка” (верш “Восень”). Тое, што першы яе надрукаваны верш – “Восень” (“Як не любіць мне восень залатую...”), напісала і сама Натальля Арсеньнева ў сваім “Аўтабіяграфічным нарысе”, апублікаваным у кнізе “Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі” (Нью-Ёрк, 1999). Мала таго, яна сьцьвярджала, што ўвосень 1920 году “ў Вільні не выходзіла беларуская газэта, і вершаў не было дзе друкаваць”.

8 лютага 2002 году, публікуючы ў “Нашай ніве” матэрыялы пра “Нашу ніву” 1920 году, я ўдакладніў, што насамрэч Натальля Арсеньнева дэбютавала ня ў “Нашай думцы”, а ў першым нумары “Нашае нівы” за 1920 год (28 кастрычніка). І дэбютны верш меў загаловак “Мой родны край”.

Дарэчы, гэты факт быў улічаны яшчэ ў 1-м томе біябліяграфічнага даведніка “Беларускія пісьменьнікі” (1992). Толькі там чамусьці на першае месца пастаўлены ня верш “Восень”, а надрукаваныя пазьней “Я ішла...”, “Ураньні” і “Зімовае сонца”. На гэтае выданьне спасылаліся і камэнтатары грунтоўнага тому твораў Антона Адамовіча “Да гісторыі беларускае літаратуры” (2005).

Факт сапраўднага дэбюту Натальлі Арсеньневай быў зафіксаваны і ў кнізе выбраных твораў паэткі (“Беларускі кнігазбор”, 2002). У камэнтары да верша “Мой родны край” так і напісана: “Першы надрукаваны твор Н. Арсеньневай”. Але, на жаль, перадрукоўваючы ў той самай кнізе “Аўтабіяграфічны нарыс”, выдаўцы належным чынам не пракамэнтавалі выказваньне паэткі, што ейны дэбют ня мог адбыцца ў 1920 годзе.

Памылковае выказваньне Натальлі Арсеньневай, упершыню распаўсюджанае Антонам Адамовічам, у 2003 годзе “ўвекавечана” ў манаграфічным артыкуле пра паэтку ў “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя” (том 4, кніга 2). І многія выкладчыкі будуць спасылацца на гэты артыкул. Добра, калі некаторыя зь іх зазірнуць у кнігазбораўскі том або ў том Антона Адамовіча “Да гісторыі беларускае літаратуры”.

І ЗНОЎ ПРА ЯКУБА КОЛАСА


Рэцэнзуючы на на Радыё Свабода першы том Збору твораў народнага паэта ў 20 тамах, я зьвярнуў увагу, што некаторыя ягоныя вершы надрукаваныя ў савецкім варыянце. Так, рыхтуючы верш “Усход сонца” (1908) да друку ў савецкіх выданьнях 1920-х гадоў, Якуб Колас мусіў пад ідэалягічным ціскам выкінуць зь яго радкі “паліць сьвечку дарагую прад алтарам Бога”. У вершы ж “Першы гром” (1910), які пачынаўся радком “голасам Бога, ціха і важна”, замест Бога было ўстаўлена “моцы”. Зусім зразумела, што гэтыя зьмяненьні нельга было прымаць пад увагу, калі рыхтаваўся да друку першы том Збору твораў.

Чытаючы нядаўна ў пятым томе апавяданьне (а хутчэй абразок) Якуба Коласа “Недаступны”, я натрапіў на такую рэпліку: “А Божухна! А матухна!” Вырашыў праверыць, як было ў першапублікацыі (“Наша ніва”, № 8 за 1912 год). А там напісана гэтак: “А Божухна! а Матухна!”

Якуб Колас ведаў, што пісаў. Цётка Грыпіна ў апавяданьні “Недаступны” зьвярталася і да Бога, і да Маці Божай. Таму і напісана “Матухна”. Тыя, хто рыхтаваў том да друку, мусіць, не здагадаліся пра гэта.

Дарэчы, у савецкіх выданьнях замест “А Божухна!” было ўстаўлена “А бацюхна!” Якуб Колас, змушаны рабіць такую праўку, знайшоў адэкватную замену. Адно толькі, што яму было нельга напісаць слова “бацюхна” зь вялікае літары. Як і слова “матухна”.


ВЫБРАНАЕ І ВЫБРАНАЕ


Некалі я казаў (а тыя словы цытавалі), што з усіх тамоў Петруся Броўкі можна скласьці адну кніжку прыстойных вершаў. Гэта зрабіў Рыгор Барадулін. У сэрыі “Беларуская паэзія ХХ стагодзьдзя” ён выдаў зборнік Броўкавых твораў “Крыніца з-пад Вушачы”.

Побач з гэтаю кнігаю ў мяне на паліцы стаяць і іншыя зборнікі з сэрыяў “Беларуская паэзія ХХ стагодзьдзя” і “Беларуская проза ХХ стагодзьдзя”.

Гляджу на кнігі Міхася Лынькова, Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава. У томіках, бадай, усё паўнавартаснае і больш-менш вартае, што засталося з творчае спадчыны гэтых народных пісьменьнікаў і народнага паэта, людзей, без сумневаў, таленавітых, але бальшавіцкаю сыстэмаю, “жданаўскай эстэтыкай” (Ніл Гілевіч) змушаных пісаць на патрэбу дня, палітычнай кан’юнктуры, вымяркоўваць (асабліва ў прозе, у раманах) дадатнае і адмоўнае, паказваць кіроўную ролю камуністычнай партыі, дружбу савецкіх народаў і г. д.

Ёсьць выбранае і выбранае. Жартуючы, Максім Танк некалі казаў Янку Брылю, што Максім Багдановіч адразу пісаў выбранае.

На адной паліцы з кнігамі выбраных твораў Міхася Лынькова ды Івана Чыгрынава стаіць томік Міхася Стральцова, таксама з сэрыі “Беларуская проза ХХ стагодзьдзя”. Кніжку прэзэнтавала мне Вераніка, дачка пісьменьніка. У гэтым томіку сабрана, бадай, усё, што напісана Стральцовым-празаікам: апавяданьні, аповесьці, эсэ. Упэўнены, што амаль усе паэтычныя творы Міхася Стральцова трапяць і ў кнігу, якая, трэба спадзявацца, выйдзе ў сэрыі “Беларуская паэзія ХХ стагодзьдзя”. Магчыма, так я займею двухтомнік Стральцова, які пісьменьніку не далі выпусьціць у 1987 годзе, бо ў тагачаснае ўлады ён гэтага не заслужыў: ні табе вершаў пра КПСС, ні апавяданьняў пра посьпехі калгасаў...

Міхась Стральцоў, як і Максім Багдановіч, адразу пісаў выбранае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG