Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура апраўдала арышт міліцыянтамі "Вольнага гораду"


Пракуратура Крычаўскага раёну не знайшла падстаў для крымінальнага перасьледу супрацоўнікаў мясцовага аддзелу ўнутраных спраў. Выдавец незалежнай крычаўскай газэты "Вольны горад" Уладзімер Кудраўцаў вінаваціў трох міліцыянтаў у крадзяжы 297 асобнікаў свайго выданьня і перашкодзе прафэсійнай дзейнасьці журналістаў.

У лісьце Кудраўцаву за подпісам раённага пракурора Ўладзімера Трывайлы гаворыцца, што незарэгістраванае выданьне "Вольны горад" друкуецца з парушэньнем закону Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", таму падстаў для правядзеньня праверкі й узбуджэньня крымінальнай справы супраць міліцыянтаў няма.

Уладзімер Кудраўцаў сьцьвярджае, што 9 чэрвеня міліцыянты без пратаколу канфіскацыі забралі ў кур’ера 297 асобнікаў газэты. У лісьце ж з пракуратуры называецца 374 асобнікі. Згодна з законам аб СМІ незарэгістраванае выданьне павінна друкавацца накладам, які не перавышае 299 асобнікаў.

"У торбе, якую захапілі ў кур’ера міліцыянты, было 297 асобнікаў дваццатага нумару, 31 асобнік — дзевятнаццатага й сорак сем асобнікаў — васямнаццатага нумару. Пракурор гэта ўсё склаў і атрымаў лічбу, якая перавышае дапушчальную паводле закону. Гэта юрыдычны абсурд, бо лічыць трэба наклад кожнага нумару асобна. Міліцыянты нават не складалі пратаколу канфіскацыі. Абмежаваліся толькі пратаколам правапарушэньня. Там міліцыянты запісалі, што кур’ера Мікалая Федарэнку затрымалі з прычыны падазрэньня на зьдзяйсьненьне правапарушэньня. Самі ж газэты адправілі ў пракуратуру на экспэртызу", зазначае Уладзімер Кудраўцаў.

Пры канцы мінулага тыдня Ўладзімер Кудраўцаў зьвярнуўся ў суд, каб спагнаць з раённага аддзелу ўнутраных спраў 5 мільёнаў рублёў за парушэньне асабістых немаёмасных правоў, замацаваных у Канстытуцыі: права на свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, права на распаўсюджваньне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі.

Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул "НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзыдэнта Лукашэнкі" з камэнтаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм расейскай тэлекампаніі "Хросны Бацька".

Супраць выдаўца газэты "Вольны горад" Кудраўцава не заведзена ні адміністрацыйнай, ні крымінальнай справы па факце незаконнага распаўсюджваньня сродкаў масавай інфармацыі.
XS
SM
MD
LG