Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісаньне беларуска-літоўскай дамовы аб спрошчаным перамяшчэньні замарудзілася


Прычына гэтаму ў спробе ўзаконіць падвойныя стандарты: беларусы хочуць без усялякіх абмежаваньняў перамяшчацца па Літве, але пры гэтым хочуць, каб літоўцы ў Беларусі рэгістраваліся, паведамляе тэлеканал LNK.

Дамову паміж Беларусьсю і Літвой, па якой жыхары абедзьвюх краінаў, якія жывуць у 50- кілямэтровай зоне ля мяжы, маглі б свабодна перамяшчацца па гэтай тэрыторыі, узгадняюць цягам ужо больш двух гадоў. Прапануецца выдаваць дазволы на пяць гадоў. Такі дазвол дасьць магчымасьць людзям знаходзіцца на тэрыторыі іншай краіны ня больш за 90 дней кожныя паўгода, перадае DELFI.
Істотная пазыцыя Літвы – каб да грамадзянаў абедзьвюх краін аднолькава ставіліся як на адным, так і на другім баку


Літоўскі бок спадзяваўся, што дамова будзе падпісана падчас візыту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Літву, які адбыўся ў верасьні мінулага года, аднак Беларусь адмовілася яго падпісаць, матывуючы адмову тэхнічнымі прычынамі.

"Істотная пазыцыя Літвы – каб да грамадзянаў абедзьвюх краін аднолькава ставіліся як на адным, так і на другім баку, не павінна быць ніякай дыскрымінацыі ні з таго, ні з другога боку", – сказаў кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

Паводле неафіцыйных зьвестак, Беларусь хоча, каб беларусы бесперашкодна перамяшчаліся па тэрыторыі Літвы, аднак хочуць, каб літоўцы, якія прыехалі ў Беларусь больш чам на 5 дзён, рэгістраваліся. Некаторыя пункты рэгістрацыі знаходзяцца далей за 50 кілямэтраў ад мяжы, таму літоўцы, якія ехалі б туды рэгістравацца, парушалі б умовы дамовы, за што іх каралі б.

Сьцьвярджаюць, што з-за спрошчанага візавага рэжыму зь Беларусьсю, Літве штогод наносілася б страта ў 70 мільёнаў літаў: літоўцы куплялі б у Беларусі больш танны бэнзын, алькаголь і цыгарэты.

Беларуская амбасада ў Літве сытуацыю не камэнтуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG