Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомую ў горадзе апазыцыянэрку, былую старшыню абласной арганізацыі АГП Алену Залескую пахавалі на могілках “Копці” пад Віцебскам.


Разьвітаньне з Аленай Залескай прайшло ў рытуальнай залі абласнога шпіталю. Правесьці актывістку ў апошні шлях прыехалі аднапартыйцы зь Менску і Воршы, мясцовыя прадстаўнікі былі практычна ад кожнай партыі – і ад АГП, і ад Партыі БНФ, і ад стваранай БХД, і ад руху “За Свабоду”, і ад БСДП (Грамада). Разьвітацца з Аленай Залескай прыйшлі Барыс Хамайда, Сяргей Каваленка, экс-палітвязень Сяргей Парсюкевіч, а таксама далёкія ад палітыкі людзі, якія ведалі нябожчыцу як добрую настаўніцу матэматыкі, вядучую танцавальных вечароў у клюбе “Натхненьне”, супрацоўніцу музэя Марка Шагала.

А 14-й гадзіне актывістку пахавалі на могілках “Копці”. Падчас грамадзкай паніхіды аднадумцы казалі, што імя Алены Залескай назаўжды ўвайшло ў гісторыю дэмакратычнага руху Віцебшчыны. Пад яе кіраўніцтвам у горадзе ладзіліся самыя масавыя вулічныя акцыі, яна была ці не самым бескампрамісным назіральнікам падчас выбарчых кампаній, яе неаднаразова затрымлівалі і каралі штрафамі за апазыцыйную актыўнасьць. І каля сотні бел-чырвона-белых сьцягоў, пашытых менавіта яе рукамі, луналі апошнімі гадамі над Віцебскам, наперакор забаронам і затрыманьням.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG