Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Івашчанка – пра 5 найлепшых беларускіх кніг для кіроўцаў таксі


Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка

Крытэры нашага экспэрта літаратуразнаўцы Анатоля Івашчанкі ў гэтым ягоным прыватным рэйтынгу відавочныя. Кніга для кіроўцаў таксі не павінна быць дужа “загрузьлівай”, тамака мусіць быць займальны дынамічны сюжэт, паболей экшну (эротыка ды крымінал пажаданыя, але не абавязковыя, бо гаворка ўсё ж не пра “шырспажыў”) – словам, усё, што трымае ўвагу. Яе можна адкласьці ў любы момант. І, вядома ж, гэтая кніга мусіць стацца важкім канкурэнтам такім архетыповым для таксёра рэчам, як карты, нарды ці даміношка.


Някляеў. Лабух. Менск, 2003.


Гэтая рэч Някляева напісана нібыта спэцыяльна для таксёраў. Там ёсьцека ўсе складовыя пасьпяховага твору для аматараў радыё “Шансон”: жанчыны і мужчыны лёгкіх паводзінаў, бабкі, разборкі, цёркі і, вядома ж, процьма адкрытых эратычных сцэнаў. І, поруч з гэтым, фірмовыя для някляеўскай прозы складнікі – дынамізм, напружаны сюжэт, жывая мова пэрсанажаў. Словам, – чытэльнасьць. Прынамсі, свайму прыяцелю, што, хаця й мае дзьве вышэйшыя, змушаны бамбіць, каб карміць сям’ю, нейк падклаў “Лабуха” рэйс . Казаў, што зайшло.



Адам Глобус. Літары. Менск, “Харвест”, 2006.


Мне падаецца, Адам Глобус любіць таксістаў. У сэнсе – прафэсію. Кіроўцы таксі часам стаюцца героямі яго мініятураў. Падазраю, спадару Глобусу было б прыемна ведаць, што сярод таксістаў ёсьць ягоныя заўзятыя чытачы. Думаю нават, што яны сярод іх і ёсьць…

Абраная кніга – складанка ўсіх друкаваных на сёньня “дамавікамэронаў” – ад амаль цнатлівых раньніх да найноўшых і часам брутальных “sexэвалюцыйных” і “mienckiх”.


Уладзіслаў Ахроменка, Максім Клімковіч. Янкі, альбо Астатні наезд на Літве. Менск, “Медысонт”, 2007.


Кніга “Янкі, альбо астатні наезд на Літве”, відавочна, запоўніла вялізны жанравы прагал у авантурна-прыгодніцкай літаратуры па-беларуску і выклікала супярэчлівую рэакцыю на беларускіх форумах і ў блогах. Ацэнкі палюсаваліся ад выказваньняў захаленьня і патрабаваньняў працягу да называньня плёну творчага тандэму Ахроменкі – Клімковіча парнаграфіяй.
Калі б спраўдзіліся мары адраджэнцаў пачатку 90-х і “апошняя самадайка” загаварыла па-беларуску, шаноўныя буржуазныя літаратары, з пэўнасьцю, трымаліся б у топах продажаў. Покуль жа, нягледзячы на ня раз дэкляраваны аўтарамі пасыл да люду паспалітага, іх беларуская пісанка, пэўна, мае адрасатам люд выкшталцона-прасунуты, да якога залічаем і адрасатаў нашага пяцікніжжа.


Наталка Бабіна. Рыбін горад. Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2007


Усё часьцей па Менску сустракаюцца кіроўцы-жанчыны (то бок таксісткі). Але раман Наталкі Бабінай ня толькі для таксістак. І ня толькі для жанчынаў. Кніга, што руйнуе шматлікія стэрэатыпы. Асабіста мне хацелася б, каб ён калі-небудзь патрапіў у школьныя праграмы…

Калі параўноўваць плён працы Н. Бабінай з кулінарнай стравай, кніга зроблена смачна, зь вялікай колькасьцю ўнутраных складнікаў-інгрэдыентаў, што задаволіць досыць разнастайныя густы. Зь лёгкасьцю даруецца аўтарцы пэўная штучнасьць і заўважнасьць дэкарацыяў дзеля напружанасьці сюжэту ды чытэльнасьці. Што да апошняй, то твор напраўду з тых, што чытаецца на ўздыху і трымае-не адпускае да апошняга сказу.


Артур Клінаў. Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца. Менск, выдавец І.Логвінаў, 2008.


Падаецца, для кіроўца таксі ня лішнім будзе ведаць, што гэты вялізны-ненавісны горад, дзе ён ведае кожную вулачку-сьцежачку, насамрэч ёсьць Горадам Сонца. А, мажліва, прачытаўшы сынкрэтычны раман Клінава, які, як заўважыў Валянцін Акудовіч, спалучыў у сабе суплёт самых розных жанраў – ад лірычнай споведзі хлопчыка да гісторыясофскага трактату і экскурсійнага даведніка – распавядзе пасажырам што-колечы з гісторыі ці міталёгіі Менску/Мінску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG