Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары папярэджваюць аб небясьпецы харчовых інфэкцыяў у сьпёку


Інфармацыю пра рост харчовых інфэкцыяў гэтым гарачым летам са спасылкай на прадстаўнікоў нямецкага Міністэрства аховы здароўя перадае агенцтва DPA.


Паводле мэдыкаў, у сьпёку патрабуецца асьцярожнасьць што да цэлага шэрагу прадуктаў — і мясных, і малочных, і нават хлеба.

Адна з найбольш распаўсюджаных праяваў харчовых інфэкцыяў — дыярэя (панос). Лекары раяць ня ставіцца да яе абыякава — маўляў, няма бяды лішні раз схадзіць у прыбіральню, усё пройдзе само сабой.

Згодна з сучаснымі поглядамі адмыслоўцаў, само сабой у гэтым выпадку нічога не праходзіць, а зьмены ў арганізьме, выкліканыя паносам, могуць стварыць небясьпеку для жыцьця. Спачатку дыярэя прыводзіць да абязводжваньня арганізму ды страты мікраэлемэнтаў. Хранічная ж дыярэя вядзе да нястачы вітамінаў і мінэралаў, што можа мець вынікам іншыя захворваньні, напрыклад, анэмію. У краінах трэцяга сьвету дыярэя — частая прычына дзіцячай сьмяротнасьці. Штогод ад яе памірае больш за 1,5 мільёна дзяцей.

Адмыслоўцам вядома больш за 2000 тыпаў інфэкцыяў, якія могуць выклікаць дыярэю. Гэта найперш сальманэлі, кампілябактэры, стафілякокі ды іншыя.

Палігонам размнажэньня сальманэляў могуць быць самыя розныя прадукты

Сальманэлёз — адно з найбольш распаўсюджаных захворваньняў у цяперашні гарачы час. Для старых, дзяцей і цяжарных жанчын хвароба, якая паражае пераважна органы страваваньня (страўнік ці кішэчнік), можа мець самыя сур’ёзныя наступствы, аж да заражэньня крыві.
Інфэкцыяністы раяць у сьпёку рэзка абмежаваць ужываньне мясных і малочных прадуктаў, яек, рыбы, маянэзу, дэсэртаў з крэмамі або зусім выключыць гэтыя прадукты і перайсьці на лёгкую вэгетарыянскую дыету...


Сальманэлёз пачынаецца зь ліхаманкі — высокай тэмпэратуры, а потым дрыжыкаў. Далей зьяўляюцца болі ў жываце, млосьць, ваніты, а празь некалькі гадзін — панос. У выніку далейшага абязводжваньня арганізму ў хворага западаюць вочы, друзьне скура, зьніжаецца артэрыяльны ціск, пачынаюцца сутаргі.

Як перасьцерагаюць мэдыкі, палігонам размнажэньня сальманэляў могуць быць самыя розныя прадукты. Гэта ў першую чаргу мяса, прыгатаванае на грылі, кілбасы (галоўным чынам вараныя), рознага кшталту малочныя прадукты, яйкі, рыба. Паводле інфэкцыяністаў, самым разумным было б рэзка абмежаваць такія прадукты ў сьпякоту, а то і зусім іх выключыць, перайшоўшы на лёгкую вэгетарыянскую дыету.

Вельмі небясьпечна ў такі час ужываць маянэз. Свайго роду бактэрыяльнай бомбай можна назваць пірожныя і тарты з крэмам, а таксама марозіва, ёгурты, розныя салодкія сыркі ды тварожныя дэсэрты. Усе яны ў сьпякоту імгненна псуюцца, і ў іх заводзяцца стафілякокі, чые таксіны імгненна ўсмоктваюцца ў сьценкі страўніка.

Трапіўшы ў арганізм, атрута можа застацца ў ім надоўга і даць пра сябе знаць праз шмат гадоў

Апошнім часам кішэчныя захворваньні нярэдка правакуюцца папулярнымі экзатычнымі стравамі. Такімі, як, напрыклад, ласунак з сырой рыбы — сушы. На радзіме сушы, у Японіі і Карэі, такія стравы прынята есьці ў рэстарацыях, дзе іх гатуюць высокакваліфікаваныя кухары, сапраўдныя знаўцы рыбы і морапрадуктаў. І ядуць іх адразу, як толькі прыгатавалі. У летні час японскія і карэйскія кухары ўстрымліваюцца ад гатаваньня пэўных відаў рыбы, у якой гэтаю парою можа прысутнічаць вялікая канцэнтрацыя так званага сыгуатаксіну. Трапіўшы ў арганізм чалавека, атрута можа застацца ў ім надоўга і даць пра сябе знаць праз шмат гадоў. На мове мэдыкаў гэта будзе "цэлы комплекс нэўралягічных, страўнікава-кішэчных і сардэчна-судзінных сымптомаў", якія зь вялікай цяжкасьцю паддаюцца лячэньню.

У "японскіх" рэстарацыях Усходняй Эўропы, дзе сушы часам гатуюць нават з тухлай рыбы, да атручэньня сыгуатаксінам дадаецца цяжкая паразытарная інфэкцыя. Атручэньне нясьвежай рыбай лічыцца адным з найцяжэйшых харчовых захворваньняў. Яно можа прывесьці і да лятальнага выніку.

Надзвычайную ўвагу ў сьпёку трэба аддаваць і вадзе, якую мы п'ем

Яшчэ адзін небясьпечны харчовы таксін — патулін. Грыбкі, якія яго прадукуюць, найчасьцей прысутнічаюць у садавіне ці гародніне, калі тыя ў гарачыню хоць крыху прымятыя. Можна яго знайсьці і ў прыпсаваным хлебе. Адмыслоўцы раяць пазбаўляцца такіх прадуктаў цалкам, а не абразаць пашкоджаныя плесьняю ўчасткі і потым есьці гэты прадукт. Гэтаксама ня раяць яны гатаваць з падгнілых ягад, садавіны (асабліва яблыкаў) сокі, хатнія віны.

Трапіўшы ў страўнік, патулін можа справакаваць рост плесьні на самых розных участках страўнікава-кішэчнага тракту.

Надзвычайную ўвагу ў сьпёку, лічаць мэдыкі, трэба аддаваць і вадзе, якую мы п'ем. Ваду лепш ужываць гатаваную ці разьлітую ў бутэлькі на фабрыцы. Цяжкія захворваньні можа выклікаць вада, якая трапляе ў наш арганізм выпадкова, калі мы купаемся на дзікіх пляжах ці ў фантанах. Гэта самыя розныя стафілякокавыя і стрэптакокавыя інфэкцыі, а таксама грыбковыя захворваньні скуры ды полавых органаў. Ня выключаная і верагоднасьць сухотаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG