Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавец недзяржаўнай крычаўскай газэты "Вольны горад" Уладзімер Кудраўцаў сёньня зьвярнуўся ў суд, каб спагнаць з раённага аддзелу ўнутраных спраў 5 мільёнаў рублёў. Кудраўцаў вінаваціць міліцыянтаў у незаконным арышце 297 асобнікаў свайго выданьня.

У пазове зазначаецца, што трое міліцыянтаў у званьні старшых лейтэнантаў — Эдуард Краўцоў, Сяргей Мачульны, Юры Дзюбанаў — ды невядомы супрацоўнік у цывільным 9 ліпеня арыштавалі ўвесь наклад газэты "Вольны горад". Пратакол канфіскацыі газэт не афармляўся.

Пазоўнік лічыць дзеяньні міліцыянтаў незаконнымі. Яны ўжо абскарджваліся ў раённай пракуратуры й міліцыі.

"Сваімі дзеяньнямі адказчык парушыў мае асабістыя немаёмасныя правы, замацаваныя ў Канстытуцыі: права на свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, права на распаўсюджваньне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі. Абмежаваўшы мяне ў канстытуцыйных правах, раённы аддзел міліцыі прычыніў мне маральную школу, якую я ацэньваю ў 5 мільёнаў рублёў", зазначае ў пазове Уладзімер Кудраўцаў.

Раней Уладзімер Кудраўцаў запатрабаваў ад раённай пракуратуры прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці міліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў арышце газэт.

Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул "НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзыдэнта Лукашэнкі" з камэнтаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм расейскай тэлекампаніі "Хросны бацька".

Супраць выдаўца газэты "Вольны горад" Кудраўцава не заведзена ні адміністрацыйнай, ні крымінальнай справы па факце незаконнага распаўсюджваньня сродкаў масавай інфармацыі.

Недзяржаўная газэта "Вольны горад" друкуецца ў Смаленску. Выданьне не зарэгістраванае. Паводле беларускага заканадаўства, у такім статусе газэта павінна выходзіць накладам, ня большым за 299 асобнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG