Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Рамановіч: У войску я ўсё адно буду размаўляць па-беларуску


Станіслаў Рамановіч
Станіслаў Рамановіч
Актывіста "Маладога фронту" Станіслава Рамановіча прызвалі ў войска. Служыць ён будзе пад Менскам у войсках спэцыяльнага прызначэньня.

Увесну маладафронтаўца адлічылі з Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Фармальная прычына – нездавальняючыя адзнакі, аднак сам юнак сьцьвярджае, што гэта адбылося з палітычных матываў, бо ён займаўся грамадзкай дзейнасьцю й гэтага не хаваў.


Пасьля адлічэньня з універсітэта Станіслаў Рамановіч зьбіраўся працягнуць навучаньне. Сёлета ён пасьпяхова здаў тэставаньне, аднак неўзабаве пасьля іспытаў атрымаў позву ў войска. Сёньня а 8-й гадзіне раніцы прыйшоў у аддзяленьне прызыву абласнога ваенкамату.

"Я быў адлічаны з унівэрсытэту паводле палітычных матываў і страціў адтэрміноўку для навучаньня. Адразу пасьля адлічэньня я пачаў адчуваць занадта пільную ўвагу з боку ваенкамату. Мне яшчэ не было сямнаццаці год, а ўжо былі рэгулярныя тэлефанаваньні. Пагражалі: калі я не зьяўлюся, то будуць праблемы. Паводле папярэдняй інфармацыі, я буду служыць пад Менскам — войскі сіл спэцыяльных апэрацыяў".

Як кажа Станіслаў Рамановіч, ён не шукаў прычынаў, каб унікнуць службы. Спачатку яго зьбіраліся накіраваць на Віцебшчыну — у інжынэрныя войскі. Пасьля пратэсту актывіста запісалі ў спэцназ. Там ён не зьбіраецца хаваць сваіх перакананьняў і сваёй беларускасьці.
Прымаць прысягу я буду ўсё роўна толькі па-беларуску ...

"У ваенкамаце я заявіў, што мой прызыў незаконны, палітычны, аднак я не зьяўляюся ідэйным праціўнікам службы ў войску. Канечне, я ведаю, што ў ім ёсьць шмат недахопаў. Прымаць прысягу я буду ўсё роўна толькі па-беларуску. Я перакладу тэкст, вывучу й буду прымаць менавіта такі варыянт. Наколькі мне вядома, заканадаўства не забараняе прымаць прысягу на беларускай мове".

Для беларускага войска беларускамоўны вайсковец пакуль рэдкасьць, зазначае малафронтавец. У сувязі з гэтым ён не выключае цяжкасьцяў:

"Я спадзяюся, што з большасьцю аднаслужбоўцаў усё ж такі знайду агульную мову, агульныя тэмы й спосабы кантактаваньня. Бліжэй да прысягі там будзе відаць, што зь сябе ўяўляе гэтая частка і якое стаўленьне будзе да мяне. Я не зьбіраюся правакаваць неяк камандаваньне часткі, аднак калі яны будуць нязгодныя з маёй беларускасьцю, я ўсё адно буду размаўляць па-беларуску".

Сёлета 6 студзеня Станіслава Рамановіча абралі кіраўніком гарадзкой суполкі "Маладога фронту". Напярэдадні зімовай сэсіі да яго ва ўнівэрсытэт прыходзілі прадстаўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і настойвалі, каб хлопец супрацоўнічаў зь імі. Рамановіч адмовіўся. Неўзабаве яго адлічылі з унівэрсытэту.

У рэктараце сьцьвярджаюць, што прычына адлічэньня — кепская вучоба, аднак прызнаюць факт гутаркі з хлопцам супрацоўнікаў КДБ.



Напярэдадні, 29-га ліпеня, з чыгуначных войскаў у Жодзіне быў дэмабілізаваны пасьля заканчэньня тэрміновай службы актывіст "Маладога фронту" Зьміцер Хведарук. Ён быў гвалтоўна забраны ў войска ў 2009 годзе, як і грамадзка-палітычныя актывісты Іван Шыла і Франак Вячорка. Раней Івана Шылу і Франка Вячорку камісавалі паводле стану здароўя.

Грамадзкія актывісты мяркуюць, што практыка палітычнага прызыву ў Беларусі будзе прадоўжаная. І прыклад таму — актывіст "Маладога фронту" Станіслаў Рамановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG