Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым бліжэй прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, тым больш зацятымі робяцца сваркі паміж Масквой і Менскам, адзначаюць заходнія аглядальнікі.

Як піша на старонках расейскага англамоўнага выданьня "The Moscow Times" вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту міжнароднай эканомікі імя Пэтэрсана Андэрс Аслунд, сярод краін бліжняга замежжа найгоршыя дачыненьні ў Масквы — зь Беларусьсю, яе самым трывалым некалі хаўрусьнікам і найбольш аўтарытарнай (акрамя самой Расеі) дзяржавай у Эўропе. Абедзьве краіны нядаўна паўтарылі бессэнсоўную газавую вайну і надалей ваююць на словах у СМІ. Гэта паводзіны, характэрныя для аўтарытарных рэжымаў, якія настройваюць уласныя народы супраць суседзяў, каб захаваць уладу.

"Калі дагэтуль Лукашэнка заўсёды мог разьлічваць на адпрацаваную сыстэму фальсыфікацыі галасаваньня", то цяпер яму няблага было б паклапаціцца наконт непахіснасьці сваёй улады, улічваючы характар абвешчанай Крамлём мэдыйнай вайны", адзначае на старонках нямецкага выданьня "Der Tagesspiegel" журналіст Паўль Флюкігер.

Паводле аўтара, публічныя абвінавачваньні Масквы на адрас беларускага прэзыдэнта, якія былі агучаныя на вядучых расейскіх тэлеканалах, — не навіна. Пяць гадоў таму кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін паведамляў пра падобныя рэчы ў сваім перадвыбарчым выступе на беларускім тэлебачаньні. За што паплаціўся свабодай.

"Цяпер жа беларускую апазыцыю, якая цягам многіх гадоў была няздольная супрацьстаяць рэжыму, не ў апошнюю чаргу з-за сваёй разьяднанасьці, нечакана падтрымалі не абы-адкуль, а з самой Масквы". Цярпеньне Масквы, якая да апошняга часу "з-за адсутнасьці альтэрнатывы мірылася з усімі фальсыфікацыямі вынікаў выбараў", відавочна, лопнула. Наступным крокам Крамля стала запрашэньне ў Маскву чатырох прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Пры гэтым самым правакацыйным, заўважае нямецкі журналіст, выглядае візыт былога намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Саньнікава, які выступае за ўступ краіны ў ЭЗ і шчыльнейшае стратэгічнае партнэрства з Расеяй.

Тым часам аглядальнікі Radio France Internationale (RFI) адзначаюць паранаідальнае нежаданьне Лукашэнкі разьвітвацца з уладай і яго віртуозную здольнасьць эксплюатаваць дзяржаўныя комплексы Масквы з максымальнай выгадай для сябе. На працягу многіх гадоў беларускаму кіраўніку "ўдавалася вадзіць Маскву за нос, абяцаючы хуткае аб'яднаньне з Расеяй, і атрымаць адтуль 52 млрд. даляраў толькі за вымаўленьне словаў, якія цешаць амбіцыі крамлёўскіх насельнікаў. Вымушаны ўступ Беларусі ў трохбаковы Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам практычна нічога не зьмяніў у фрондзе Менску адносна Масквы".

Камэнтуючы нядаўні візыт у Беларусь сірыйскага прэзыдэнта, францускія аглядальнікі адзначаюць "камічныя" заявы Менску адносна будаўніцтва новай геапалітычнай кааліцыі, якая павінна аб'яднаць Беларусь, Сырыю і Вэнэсуэлу ў нейкі "Траісты саюз". Неўзабаве прэзыдэнты гэтых трох краін павінны сустрэцца ў Дамаску, каб канкрэтызаваць асноўныя напрамкі свайго далейшага супрацоўніцтва.

Сярод гэтых напрамкаў фігуруе, у прыватнасьці, такая актуальная праблема, як "дыстанцыйнае зандаваньне Зямлі". Ідэя гэтага праекту, настолькі ж грандыёзнага, як і анэкдатычнага, паводле сьціплага прызнаньня Аляксандра Лукашэнкі, належыць прэзыдэнту Вэнэсуэлы Уга Чавэсу.

"Цьвярозыя людзі, зразумела, могуць выказаць сумнеў у практычнай карысьці, а тым больш — у жыцьцяздольнасьці саюзу трох дзяржаў, якія падзеленыя акіянамі, морамі і тысячамі кілямэтраў. Справа, аднак, у тым, што лідэраў гэтых краін аб'ядноўваюць зусім не геаграфічныя фактары.

Як адзначае RFI, "бутафорскі траісты саюз" — свайго роду спроба траістага шантажу Масквы", бо выклікаць спалох дзе-небудзь у Вашынгтоне ці эўрапейскіх сталіцах "геапалітычныя дзівацтвы трох прэзыдэнтаў наўрад ці змогуць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG