Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"The Heritage Foundation", адзін зь вядучых дасьледна-адукацыйных цэнтраў ЗША, засьцерагае прэзыдэнта ЗША Барака Абаму, каб ён не сьпяшаўся з ратыфікацыяй дамовы аб узаемным скарачэньні ядзерных арсэналаў з Расеяй, які Абама і прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісалі ў красавіку сёлета.

"The Heritage Foundation" лічыць, што Расея не зьяўляецца надзейным партнэрам у міжнародных адносінах і што ратыфікацыя згаданай дамовы Сэнатам ЗША ня мае сэнсу. "The Heritage Foundation" падае 10 прычынаў, дзеля якіх Вашынгтону ня варта давяраць Маскве.

  • 1. У мінулым Расея шматразова парушала ранейшую Дамову аб абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (START), якая была дзейнай у 1991-2009 г.г.
  • 2. Расея і надалей разглядае ЗША і НАТО як галоўнага ваеннага праціўніка ў сьвеце. Нядаўняе выкрыцьцё расейскай шпіёнскай сеткі ў ЗША сьведчыць аб тым, што Расея захавала сваю мэнтальнасьць часоў "халоднай вайны".
  • 3. Паводле дадзеных амэрыканскай выведкі, Расея парушае міжнародныя дамовы аб нераспаўсюджаньні ўзбраеньняў, перадаючы тэхналёгіі, зьвязаныя з балістычнымі ракетамі, Ірану і Паўночнай Карэі.
  • 4. Расея па-ранейшаму праектуе, вырабляе і мадэрнізуе ядзерную зброю. Новая ваенная дактрына Расеі вызначае нізкі парог для першага ядзернага ўдару. Масква можа выкарыстаць тактычную ядзерную зброю ў Эўропе ў звычайным, няядзерным канфлікце. У 2009 годзе Расея правяла ваенныя вучэньні, якія мадэлявалі ядзерную атаку на Польшчу.
  • 5. Расея не выконвае Канвэнцыі аб біялягічнай зброі і Канвэнцыі аб хімічнай зброі.
  • 6. Расея неаднаразова парушала свае абяцаньні вывесьці войскі з Малдовы і Грузіі. Нападаючы на Грузію ў 2009 годзе, Расея па сутнасьці адмовілася ад Хэльсынскага акту 1975 году, які гарантуе непарушнасьць межаў у Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны.
  • 7. Расея пагражала разьмясьціць ракеты "Іскандэр" на межах саюзьнікаў ЗША ў адказ на амэрыканскі плян збудаваньня ва Ўсходняй Эўропе сыстэмы абароны ад ракетных атакаў зь Ірану.
  • 8. Расея разьвівае сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі ХАМАС і "Хезбала" ды дае вайсковую і дыпляматычную падтрымку такім па-антыамэрыканску настроеным краінам як Сырыя, Іран і Вэнэсуэла.
  • 9. Крэмль выкарыстоўвае залежнасьць сваіх суседзяў і эўрапейскіх краінаў ад паставак расейскага газу як элемэнт палітычнага ціску.
  • 10. У Расеі Уладзіміра Пуціна і Дзьмітрыя Мядзьведзева ўсталяваўся аўтарытарны рэжым і зь цягам часу аўтарытарныя тэндэнцыі ў краіне ўсё паглыбляюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG