Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацьстаяньне ў Ошы: выпрабаваньне для ўлады ў Бішкеку


Надпіс на агароджы ў Ошы, 15 ліпеня

Надпіс на агароджы ў Ошы, 15 ліпеня

Лідэр Кіргізстану Роза Атунбаева едзе ў Ош – горад па поўдні краіны, які ў чэрвені стаў арэнай этнічных забурэньняў. Тады 300 чалавек былі забітыя і каля 400 тысяч сталі ўцекачамі. Пра карані канфлікту і магчымыя шляхі яго вырашэньня піша аглядальнік нашага радыё Джэймз Кірчык.

Нават сёньня, амаль праз 2 месяцы, вытокі гвалту застаюцца невядомымі. Але шмат хто паказвае на мэра Ошу Меліса Мірзатыкава як натхняльніка і арганізатара. Прызначаны былым прэзыдэнтам Курманбекам Бакіевым, ён захаваў пасаду і пасьля скіданьня Бакіева ў красавіку сёлета, захаваўшы таксама кантроль над гарадзкімі сіламі правапарадку і, магчыма, над войскамі і сіламі бясьпекі, дысьлякаванымі ў Ошы. Калі ўрад Атунбаевай мае намер адбудаваць Ош і стабілізаваць сытуацыю ў краіне напярэдадні кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбараў, ён павінен уступіць у двубой з тым, хто жалезнаю рукой кіруе другім паводле велічыні горадам Кіргізстану.

Пасьля чэрвеньскіх пагромаў два былыя віцэ-мэры Ошу казалі ў інтэрвію радыё “Свабода”, што мэр адыгрываў у іх важную ролю. Адзін зь віцэ-мэраў, Цімур Камчыбекаў, мяркуе, што Мірзатыкаў быў зацікаўлены ў дэстабілізацыі і арганізоўваў дывэрсіі супраць новай улады. Сам кіраўнік гораду заявіў, што ягоныя былыя намесьнікі – хворыя на галаву.

Аргумэнтам на карысьць таго, што Мірзатыкаў наўпрост ці ўскосна меў дачыненьне да забурэньняў, стала нядаўняя заява вярхоўнай камісаркі ААН у пытаньнях правоў чалавека Наві Пілэй, што сілы бясьпекі, якія падпарадкоўваюцца мэру, катуюць этнічных узьбекаў і практыкуюць адвольныя затрыманьні.

Адным з галоўных апанэнтаў стаў мэр Мірзатыкаў

Яшчэ адным пунктам сутыкненьня можа стаць рашэньне аб разгортваньні ў Ошы паліцэйскай місіі АБСЭ. 52 міжнародныя паліцыянты бяз зброі будуць назіраць за падтрыманьнем парадку і законнасьці ў горадзе. На гэта пагадзіўся Бішкек, гэтага прагнуць этнічныя ўзьбекі, якія маюць сумны досьвед камунікацыі зь мясцовай паліцыяй. Адным з галоўных апанэнтаў гэтай меры стаў мэр Мірзатыкаў. 26 ліпеня некалькі соцень кіргізаў мітынгавалі ў цэнтры Ошу супраць прыбыцьця паліцэйскай місіі АБСЭ. Каля будынку прадстаўніцтва АБСЭ яны спалілі пудзіла паліцэйскага.

Нягледзячы на паводзіны мэра, цэнтральныя ўлады не сьпяшаюцца прымаць дзеяньні супраць яго. 27 ліпеня Атунбаева на прэсавай канфэрэнцыі скрытыкавала Мірзатыкава, але не сказала ні пра якія рашэньні адносна яго. Я спытаўся ў яе, ці ведае яна пра тое, што зачысткі ў Ошы працягваюцца, прычым тычацца выключна этнічных узьбекаў. Я спаслаўся на словы некаторых зь іх пра тое, што кіргіскія сілы бясьпекі захоплівалі іхных маладых сыноў і патрабавалі выкуп. “Вы маеце рацыю, ёсьць некаторыя новыя тэндэнцыі, мы ўважліва разьбіраемся ў кожным канкрэтным выпадку”, – сказала прэзыдэнт Атунбаева. Калі я спытаў наўпрост, ці давярае яна Мірзатыкаву, яна адказала: “Гэта вельмі складанае пытаньне”.

Кіргізы і ўзьбекі ў Ошы ня маюць аніякага жаданьня жыць побач

Да неабходнасьці вырашаць праблему з мэрам Ошу цэнтральныя ўлады можа падштурхнуць яшчэ адзін чыньнік, яшчэ адна сіла – міжнародная супольнасьць донараў. Узьбекі, зь якімі я размаўляў у Ошы, адзначалі жудаснае падабенства плянаў пераплянаваньня гораду, якія прадугледжвалі знос старых будынкаў, і актаў гвалту супраць узьбекаў, якія ў гэтых дамох жылі. Мірзатыкаў у размове з намі не адмаўляў, што мае амбітныя пляны перабудовы гораду, зносу старых аднапавярховых будынкаў і пабудовы на іх месцы шматкватэрных дамоў, дзе кіргізы і ўзьбекі жылі б разам.

Гэты шэдэўр “сацыяльнай інжынэрыі” ня толькі практычна немагчымы – кіргізы і ўзьбекі ў Ошы ня маюць аніякага жаданьня жыць побач. Але гэта яшчэ і наўпрост супярэчыць плянам, выпрацаваным на міжнароднай канфэрэнцыі донараў 27 ліпеня. ААН пагадзілася аказваць дапамогу сем’ям вымушаных уцекачоў у адбудове таго жытла, якое яны мелі і страцілі. Гэтая палітыка ўхваленая цэнтральнымі ўладамі, але наўпрост супярэчыць намерам мэра. На карту пастаўлены мільярд даляраў міжнароднай дапамогі, і сутыкненьне Бішкеку зь Мірзатыкавым тут непазьбежнае.

Мэр Ошу – з тых людзей, якія не спыняюцца перад ужываньнем гвалту

Пасьля рэвалюцыі 7 красавіка Атунбаева неаднаразова казала, што новы ўрад кантралюе ўсю краіну і што войска і сілы бясьпекі, акрамя жменькі прыхільнікаў Бакіева, ляяльныя новым уладам. Але гэтае выдаваньне жаданага за існае абрынулася з пачаткам этнічных пагромаў у Ошы, калі Атунбаева прызнала, што ўрад страціў кантроль над поўднем, і абмяркоўвалася магчымасьць замежнай вайсковай дапамогі.

Першае, што давядзецца зрабіць Атунбаевай, каб вярнуць давер ошаўскіх узьбекаў – гэта звольніць Мірзатыкава. Зрабіць гэта будзе няпроста, мэр Ошу – з тых людзей, якія не спыняюцца перад ужываньнем гвалту супраць тых, хто стаіць у іх на шляху.

Калі ў Бішкеку скінулі Бакіева, Мірзатыкаў склікаў у Ошы шматлюдны мітынг, на якім узброеныя людзі запатрабавалі захаваць яго на пасадзе.

Роза Атунбаева стаіць перад сур’ёзнымі выклікамі ў Ошы. Гуманітарны крызіс працягваецца – застаецца каля 75 тысяч уцекачоў і 37500 чалавек, пазбаўленых жытла. Узаемны недавер кіргізаў і ўзьбекаў лёгка можа спарадзіць новую хвалю гвалту зь любой нагоды. У Ошы Атунбаевай таксама давядзецца сустрэцца з чалавекам, у якім многія бачаць корань праблемаў – зь Мелісам Мірзатыкавым.
XS
SM
MD
LG