Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога ўчастковага будуць судзіць у верасьні


Справу аб замаху на забойства 22-гадовай жыхаркі Рагачоўскага раёну, па якой абвінавачваецца былы ўчастковы мясцовага РАУС, у верасьні плянуюць перадаць у суд.

Пра гэта паведаміў начальнік сьледчага аддзелу па найважнейшых справах пракуратуры Гомельскай вобласьці Юры Дзям'янчык, перадае БЕЛТА.

Трагедыя здарылася ў купальскую ноч з 6 на 7 ліпеня.

30-гадовы ўчастковы, які знаходзіўся падчас дзяжурства ў нецьвярозым стане, з табэльнай зброі стрэліў у жыхарку вёскі Журавічы. Ад раненьня ў галаву дзяўчына, не апрытомнеўшы, памерла ў рэанімацыі, не апрытомнеўшы.

Паводле Ю. Дзям'янчыка, падчас выстаўленьня канчатковага абвінавачаньня артыкул можа быць перакваліфікаваны на “наўмыснае забойства”. Цяпер сьледзтвам адноўлена карціна злачынства.

Участковы, які быў абавязаны несьці службу па ахове грамадзкага парадку, і тры яго калегі – супрацоўнікі праваахоўчых органаў – адпачывалі разам са знаёмымі. Сярод іх была і ахвяра злачынства. Канфлікт, які ўспыхнуў паміж імі, скончыўся стрэлам. Злосны намер у дзеяньнях участковага яшчэ трэба ўстанавіць падчас сьледзтва, якое маюць намер завяршыць на пачатку верасьня.

Падчас сьледзтва будзе праведзена праверка адносна нядбайнасьці ў дзеяньнях кіраўніцтва РАУС.

Сваякі загінулай ад кулі міліцыянта дзяўчыны зьвярнуліся ў праваабарончы цэнтар “Вясна”. Яны заявілі, што ня вераць у афіцыйную вэрсію трагедыі, што міліцыянт выпадкова стрэліў у галаву.

Праваабаронцы лічаць, што неабходна правесьці грамадзкае назіраньне за ходам расьсьледаваньня гэтай крымінальнай справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG