Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 29 ліпеня ў Гаспадарчым судзе гораду Менску былі прызначаныя адразу два судовыя паседжаньні па пазовах Менгарвыканкаму да адукацыйнай установы "Рух наперад", якая заснавала кампанію "Гавары праўду". Першае — разгляд апэляцыі — было перанесенае паводле хадайніцтва прадстаўнікоў Менгарвыканкаму. А ўвечары па другім пазове Гаспадарчы суд вынес пастанову аб прызнаньні дамовы арэнды памяшканьня нядзейнаю. А гэта азначае, што ў "Руху наперад" няма юрыдычнага адрасу, і дзяржаўная рэгістрацыя "Руху наперад" таксама нядзейная.

Меркавалася, што раніцай пачнецца разгляд апэляцыі Менгарвыканкаму на рашэньне Гаспадарчага суду Менску прыпыніць разгляд справы па апэляцыйнай скарзе да прыняцьця рашэньня па другім пазове Менгарвыканкаму. Гэты другі пазоў да таварыства з абмежаванай адказнасьцю "Tina Vlati" і ўстановы "Рух наперад" патрабаваў прызнаць нядзейнаю дамову арэнды. А разгляд гэтага другога пазову быў прызначаны на 16-ю гадзіну.
Толькі "Руху наперад" выстаўляюцца прэтэнзіі, што яно арандавала памяшканьне, якое не адпавядае функцыянальнаму прызначэньню. Тут цалкам зразумела, што справа палітычная


Старшыняваў на паседжаньні судзьдзя Андрэй Аляшкевіч, які тры тыдні таму вынес рашэньне не задавальняць першы пазоў Менгарвыканкаму аб ліквідацыі "Руху наперад". Але сёньня ён вынес рашэньне задаволіць другі пазоў Менгарвыканкаму і прызнаць дамову арэнды нядзейнай.

"Атрымліваецца, што з самага пачатку ўстанова "Рух наперад" ня мела юрыдычнага адрасу і ня мела месца знаходжаньня. Адпаведна, рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі "Руху наперад" павінна быць адменена", – пракамэнтавала пастанову суду праваабаронца Раіса Міхайлоўская.

Юрысты Менгарвыканкаму настойвалі на тым, што нежылое памяшканьне плошчай 999 квадратных мэтраў, якім валодае таварыства з абмежаванай адказнасьцю "Tina Vlati", — гандлёвае, а не адміністрацыйнае. І таму "Tina Vlati" ня мела права здаваць яго не па прызначэньні — пад офіс.

Прадстаўнікі арандадаўцы, фірмы "Tina Vlati", і арандатара, "Руху наперад", спрабавалі пераканаць, што на пляне ізаляванае памяшканьне ў цокальным паверсе, з асобным уваходам з двара плошчай 150 мэтраў, якое здымае "Рух наперад", было пазначанае "для разьмяшчэньня кіроўчага апарату", то бок для адміністрацыі, а не для гандлю. Раней яго арандавалі пад офісы тры фірмы, і да іх падобных прэтэнзіяў не было. Яшчэ адно памяшканьне ў "Tina Vlati" здымае ў арэнду "Дэльта-банк", да якога таксама няма прэтэнзій. Цяпер атрымліваецца, што ў "Руху наперад" няма юрыдычнага адрасу і яго не павінны былі рэгістраваць ад самага пачатку.

"Складана цяпер казаць, хто вінаваты. Таму што раней гэтыя памяшканьні здаваліся ў арэнду, прычым пад адміністрацыйныя мэты, для працы адміністрацыйнага апарату. Аднак толькі "Руху наперад" выстаўляюцца прэтэнзіі, што яно арандавала памяшканьне, якое не адпавядае функцыянальнаму прызначэньню. Тут цалкам зразумела, што справа палітычная", – заявіла Міхайлоўская.

Прадстаўнікі арандадаўцы, фірмы "Tina Vlati", і арандатара, "Руху наперад", маюць намер падаць апэляцыю і абскардзіць рашэньне Гаспадарчага суду аб прызнаньні дамовы арэнды нядзейнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG