Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст "Маладога фронту" Зьміцер Хведарук дэмабілізаваны з чыгуначных войскаў у Жодзіне пасьля заканчэньня тэрміновай службы. Ён стаўся апошнім з трох палітычных прызыўнікоў, якія былі гвалтоўна забраныя ў войска ў 2009 годзе. Аднак грамадзкія актывісты мяркуюць, што практыка палітычнага прызыву ў Беларусі будзе прадоўжаная.

Зьмітра Хведарука вызвалілі з вайсковай часткі а 9-й раніцы — роўна праз паўтара года службы ў званьні яфрэйтара. Гэтае званьне даецца за выдатную службу, хоць у войска Зьмітра і забіралі гвалтоўна. Пра адчуваньні першых цывільных гадзін Зьміцер Хведарук сказаў наступнае:
Не асабліва верыцца, што насамрэч скончылася гэтае казарменнае жыцьцё


"Не асабліва верыцца, што насамрэч скончылася гэтае казарменнае жыцьцё. А так — безумоўна, вельмі рады пабачыць маму, дом і зразумець, што ёсьць нармальнае жыцьцё. Магчыма, што для маёй маці гэтыя паўтара года былі яшчэ большым стрэсам, чым для мяне. І, безумоўна, хачу схадзіць у царкву, падзякаваць за ўсё Богу, пабачыць сяброў і разабрацца з далейшым навучаньнем ці працаўладкаваньнем".

Зьмітра Хведарука даставілі ў вайсковую частку ў кайданках у студзені 2009 году. Перад гэтым яго двое сутак трымалі ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна, а мэдычнае абсьледаваньне перад службай было зробленае за 40 хвілін. У выніку палітпрызыўнік увесь час меў праблемы са здароўем і нават перанёс апэрацыю. Таму ў праўдзівасьць чаканай дэмабілізацыі цяжка было паверыць да апошняй хвіліны, кажа маці Зьмітра Ірына Хведарук:

"Да апошняга моманту, пакуль не ад'ехалі ад часткі, заставаўся недавер. Як гэта ўсё пачыналася, калі нельга было паверыць, што праз турму, без абсьледаваньня можна забраць у войска, калі гэта ўсё так гучна адбывалася, і каб гэтак усё бессэнсоўна завяршалася, што вось так возьмуць і аддадуць чалавека назад, то адчуваньне нейкай магчымай правакацыі заставалася да апошняй хвіліны".
Пакуль нішто не паказвае на тое, што маладых актывістаў ня будуць прызываць паводле палітычных матываў


Ірына Хведарук
кажа, што ўвесь час службы разам з сынам адчувала падтрымку сяброў і актывістаў беларускага грамадзка-палітычнага руху. Нават у дзень вызваленьня каля вайсковай часткі ў Жодзіне Зьмітра разам зь ёй сустракалі некалькі актывістаў. Сярод іншых — адзін з заснавальнікаў БХД Аляксей Шэін, які ня верыць, што з вызваленьнем Зьмітра Хведарука палітпрызыў у Беларусі будзе завершаны:

"Я мяркую, што пакуль нішто не паказвае на тое, што маладых актывістаў ня будуць прызываць паводле палітычных матываў. Пра гэта не было ніякіх заяваў ці намёкаў. Таму мне падаецца, што ўлада "абкатала" гэты варыянт і мае яго ў запасе на любыя актыўныя палітычныя кампаніі".

Зьміцер Хведарук разам зь яшчэ двума грамадзка-палітычнымі актывістамі — Іванам Шылам і Франкам Вячоркам — быў гвалтоўна прызваны ў войска ў 2009 годзе. Пазьней Івана Шылу і Франка Вячорку камісавалі паводле стану здароўя.

Тым часам 30 ліпеня старшыня Магілёўскага Маладога Фронту Станіслаў Рамановіч мае накіравацца ў вайсковую частку пад Менскам. Ён будзе прымаць прысягу праз некалькі тыдняў.

Раней Рамановіча адлічылі з ВНУ з фармулёўкай за "акадэмічную непасьпяховасьць". Сам ён кажа, што гэта адбылося з палітычных прычынаў — пасьля таго, як ён адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ.

Нядаўна хлопец перанёс апэрацыю на правай руцэ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG