Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі візыту патрыярха Кірыла ва Ўкраіну


Патрыярх Кірыл
Патрыярх Кірыл
Завяршыўся візыт ва Ўкраіну патрыярха маскоўскага і Ўсяе Русі Кірыла. Гэта другі афіцыйны візыт ва Ўкраіну кіраўніка РПЦ пасьля ягонай інтранізацыі, калі не лічыць удзелу ў інаўгурацыі прэзыдэнта Януковіча. Якія асноўныя пасланьні ўстрымліваліся ў выступах патрыярха Кірыла падчас цяперашняга візыту ва Ўкраіну? Якой была рэакцыя ўкраінскага грамадзтва і палітычнай эліты? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да аглядальніка нашага радыё Віталя Портнікава.

Дракахруст: Якія былі вузлавыя моманты візыту патрыярха Кірыла, якія пасланьні накіраваў ён "гораду і сьвету"?

Портнікаў: Гэта, безумоўна, вельмі важныя рэчы, якія патрыярх казаў і напярэдадні візыту, і падчас візыту – заявы ня толькі царкоўныя, але і палітычныя, тое, што ён казаў пра "русский мир". На гэта зьвярнулі ўвагу ня толькі ў царкоўных колах. Ён таксама казаў пра сытуацыю ў праваслаўі, ён вельмі жорстка паставіўся да Ўкраінскай царквы Кіеўскага патрыярхату, паставіўшы пад сумнеў самую магчымасьць перамоваў. Паказальна, што патрыярх Кірыл намагаўся выглядаць фактычным кіраўніком Украінскай праваслаўнай царквы маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП), кіраўніком непасрэдна. Гэта было настолькі выразна прадэманстравана, што напрыканцы візыту яму давялося тлумачыць, зь якой павагай ён ставіцца да аднаго з самых аўтарытэтных герархаў Украінскай і Рускай праваслаўных цэркваў, мітрапаліта Кіеўскага і Ўсяе Ўкраіны Ўладзімера. Склалася ўражаньне, што патрыярх Кірыл рыхтуецца да больш шчыльнага кантролю над Украінскай праваслаўнай царквой маскоўскага патрыярхату пасьля зьмены мітрапаліта, бо мітрапаліт Уладзімер чалавек сталага веку і вельмі хворы.
Віталь Портнікаў

Мяркуецца, што ў будучыні УПЦ МП будзе пад жорсткім кантролем Чыстага завулку (рэзыдэнцыі Маскоўскай патрыярхіі ў Маскве) і наўрад ці будзе весьці самастойныя кансультацыі з Украінскай праваслаўнай царквой Кіеўскага патрыярхату і Ўкраінскай праваслаўнай аўтакефальнай царквой пра магчымасьць аб'яднаньня.

Патрыярху Кірылу непатрэбная аб'яднаная ўкраінская праваслаўная царква, яму патрэбная ўкраінская праваслаўная царква ня проста пад ягоным амафорам, а пад прамым кіраўніцтвам.

Падчас візыту гэтая пазыцыя была дакладна вызначаная, патрыярх маліўся на гістарычнай катэдры кіеўскіх мітрапалітаў у Сьвятой Сафіі і ўсім сваім выглядам даводзіў, што ён ня толькі маскоўскі, але і кіеўскі патрыярх.

Дракахруст: А якой была рэакцыя на візыт украінскай улады, іншых палітычных сілаў?

Портнікаў: Прасьцей за ўсё было б сказаць, што ўкраінская апазыцыя была непрыхільная да візыту патрыярха Кірыла, а ўлада прыхільная. Але насамрэч ўсё значна больш складана. Супраць візыту патрыярха пратэставала невялічкая, маргінальная частка ўкраінскай апазыцыі. Некаторыя з гэтых сілаў экспэрты падазраюць у патаемнай змове з уладай з мэтай стварэньня радыкальнага вобразу ўкраінскай апазыцыі.

Тая сіла на чале зь Віктарам Юшчанкам, якая даволі сур’ёзна ставілася да ідэі стварэньня ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, зьнікла з украінскай палітычнай арэны. Юлія Цімашэнка ставіцца да царкоўных праблем больш асьцярожна, чым Віктар Юшчанка.

Цяперашняя ўкраінская ўлада сапраўды прыхільная да Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Але падкрэсьлю – да Ўкраінскай, і ў сувязі з гэтым спробы патрыярха Кірыла прадстаўляць сябе кіраўніком і ўкраінскай царквы выклікалі пэўнае раздражненьне ў цяперашняй украінскай ўлады. Гэта публічна не гаворыцца, але гэта ўсім вядома.

Зараз Віктар Януковіч не наведаў ніводнага з гарадоў, у якіх быў з пастырскім падарожжам патрыярх Кірыл. І патрыярху давялося мяняць парадак візыту, уключаць у яго Крым, каб сустрэцца зь Януковічам.

Такой сустрэчы магло б і ня быць, сустрэчаў было дастаткова і ў Кіеве, так і лічылі. Але РПЦ так створаная, што патрабуе кантактаў з найвышэйшай уладай. Патрыярх, які наведаў нейкую краіну і не сустрэўся з кіраўніком гэтай дзяржавы, як бы і не патрыярх ужо. Таму маскоўская патрыярхія дамагалася, каб гэтая сустрэча адбылася, і дамаглася свайго, перамогшы супраціў адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны і нежаданьне Віктара Януковіча перарываць свой адпачынак.

Дракахруст: І апошняе пытаньне – наконт выбуху ў праваслаўным храме ў Запарожжы. Гэта можа быць і звычайны крымінал, і нейкія сатаністы, і хтосьці яшчэ. Але выбух здарыўся ў дзень новага сьвята – дня хрышчэньня Русі, у апошні дзень візыту патрыярха Кірыла. Ці ня можа гэтае злачынства пахіснуць канфэсійны мір ва Ўкраіне, ці не гучаць абвінавачаньні на адрас іншых канфэсіяў?

Портнікаў: Пакуль наконт гэтага злачынства няма ніякай інфармацыі, акрамя паведамленьня праваахоўных органаў.Такія выпадкі ва Ўкраіне бываюць нячаста. Нават палітычная рэакцыя на гэтыя падзеі нефарматызаваная. Застаецца толькі спадзявацца, што ва ўкраінскім грамадзтве такія выпадкі ня будуць выклікаць міжканфэсійных супярэчнасьцяў паміж праваслаўнымі розных цэркваў, бо гэтага, магчыма, і дамагаюцца людзі, якія гэта зрабілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG