Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня вуліца Быкава, а вуліца Корбут?


Улады Горадні не сьпяшаюцца зацьвердзіць назву вуліцы Васіля Быкава. Новую вуліцу так прапанавала назваць гарадзкая тапанімічная камісія. Што дазваляе мясцовым чыноўнікам цягнуць час?

На новай вуліцы будуюцца вялікія жылыя гмахі, адзін дом звонку амаль гатовы. На думку некаторых удзельнікаў тапанімічнай камісіі, у гэтай фазе дамам трэба надаваць паштовы адрас, пакуль не пачалося засяленьне. Я зьвярнуўся ў агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру.

Спадар: "Паповіча? А цяпер — Васіля Быкава — ёсьць такая інфармацыя. У нас паводле інструкцыі наданьне паштовых адрасоў жылым дамам будзе праходзіць праз нашую арганізацыю. Яны, выканкам, прымуць рашэньне правесьці перайменаваньне і завулак Паповіча зрабіць вуліцай Васіля Быкава. Калі будзе рашэньне, то будзе падстава нам праводзіць дзяржаўную перарэгістрацыю нерухомасьці, што разьмяшчаецца на гэтай новай, не — "старой новай" вуліцы. Пакуль ня будзе рашэньня выканкаму аб зацьверджаньні новай назвы вуліцы, то будуць карыстацца старой".

Адзін з апошніх баракаў у завулку Паповіча


Я паехаў на будоўлю, каб высьветліць на месцы. Па-першае, ад старых барачных дамкоў у завулку Паповіча, пра які ўзгадваў супрацоўнік агенцтва дзяржрэгістрацыі, амаль нічога не засталося. Па-другое, будаўнікі сказалі мне, што новыя дамы маюць адрас — на Паповіча.

Пашпарт будоўлі

Калі я зірнуў у пашпарт будоўлі, то выявілася, што гэтыя дамы лічацца на вул. Паповіча, якая знаходзіцца непадалёк. Завулак Паповіча нават ня ўзгадваецца. А трэба сказаць, што з аднаго боку гмахаў — завулак, з другога, крыху на адлегласьці, — новапракладзеная вуліца, якую прапануецца назваць прозьвішчам Васіля Быкава. Прычым адзін дом будуецца ўпоперак завулка Паповіча, які, як выглядае, папросту перастае існаваць.

Новая вуліца цалкам гатовая — дарожныя знакі, разьметка, прыпынкі, даўно ходзіць транспарт, нават маршрутны аўтобус. Але калі ёй дадуць імя народнага пісьменьніка Беларусі — невядома. Мясцовая прэса паведамляе, што дэпутаты гарсавету тым часам абмяркоўвалі пытаньне аб тым, каб надаць адной з вуліц імя ўраджэнкі гораду, вядомай гімнасткі Вольгі Корбут. Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў быў адным з тых, хто галасаваў на тапанімічнай камісіі за вуліцу Быкава. Яго меркаваньне:

"Не было такога, каб імя Вольгі Корбут прысвоіць адной з вуліц Горадні, на камісіі тапанімічнай такога пытаньня ніколі не стаяла. Увогуле імёнамі жывых людзей вуліцы яшчэ ні разу не называлі. Быў толькі прыклад у Сапоцкіне з вуліцай Яна Паўла ІІ, і ўсё. Мы столькі гадоў на камісіі хацелі назваць вуліцу Васіля Быкава, і пакуль што не атрымліваецца".

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG