Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Зьяўленьне новага кліпу даўно любімага мною гурту Ляпіс Трубяцкой “Купляй беларускае!” змусіла мяне стаць дзяўчынкай для біцьця асьцярожна далучыцца да дыскусіі вакол маркетынгавай палітыкі Свабоднага тэатру, якая днямі разгарнулася ў беларускай благасфэры – найперш тут і тут. Уласна мяне зацікавіла пытаньне, як стварэньне “адмоўнага вобразу Радзімы”, выкарыстаньне брэндаў “дыктатура”, “Лукашэнка” і падобных у маркетынгавых мэтах, успрымаецца беларускай публікай.



Гэтаму кліпу далёка да “Буревестніка” і “Капітала”, хаця і з “Belarus Freedom” стваральнікі асабліва не замарочваліся. Сьціпласьць мастацкіх сродкаў і заганы арыентацыі на канкрэтную мэтавую групу з лішкам кампэнсуюцца ідэйнасьцю матэрыялу і ўдзячнасьцю аўдыторыі. Безумоўна, ня гэтыя песьні сталі асновай камэрцыйнага посьпеху “Ляпісаў”, але даўно і добра знаёмы, шчыры і прафэсійны гурт цалкам можа дазволіць сабе “выканаць грамадзянскі абавязак”.

“Купляй беларускае” – вобраз беларускай рэальнасьці, у якой мы не проста жывем, але адказнасьць за якую падзяляем.
Між тым “Купляй беларускае” – канцэнтраваны і агрэсіўны вобраз беларускай рэальнасьці, у якой мы не проста жывем, але адказнасьць за якую падзяляем. Між людзьмі, што бадзёра нясуць пакункі з беларускай прадукцыяй, можа аказацца і твая бабуля, а хлопец, які спускае штаны, каб прадэманстраваць сваё стаўленьне да камэры, напэўна чыйсьці малодшы брат, які проста не разьлічыў свае сілы ў змаганьні зь “зялёным зьмеям”.

Тое мазахісцкае захапленьне, з якім “Купляй беларускае” успрымаецца большасьцю менавіта “сьвядомай” публікі, якая старанна рэклямуе і рассылае спасылкі на кліп паўсюль, дзе магчыма, прымушае задумацца, чаму мы ня проста не саромеемся ўсяго гэтага, а наадварот -- выстаўляем напаказ.

“Купляй беларускае” -- своеасаблівы сродак барацьбы, але прызначаны менавіта для ўнутранага карыстаньня. Гэта такі сабе “камень пралетарыяту”, даступны ўсім. Голасам “беларускага супэр-патрыёта” могуць аднолькава таленавіта сьпяваць і унівэрсытэцкі прафэсар, і школьнік. Папулярнасьць “Ляпісаў “ ад гэтага безумоўна расьце, але і аўдыторыі перападае вялікая частка дывідэндаў. Слухачы, чульлівыя да ідэі, выкарыстоўваюць папулярнасьць гурту для свайго маральна-эстэтычнага задавальненьня і яднаньня. Па веданьні такіх “песень свабоды” пазнаеш “свайго” -- добра адпачнеш з сябрамі, згуртуесься на мітынгах пратэсту, падтрымаеш змагарскі дух. Да таго ж “Ляпісы” ад нашай рэальнасьці ніяк не дыстанцуюцца. Таму публіка дазваляе і нат заахвочвае дэманстраваць язвы свайго грамадзтва, не саромеючыся блізкіх суседзяў, у якіх “Ляпісы” таксама папулярныя.

Прадукт, створаны адзінкавымі пасьпяховымі за мяжою праектамі, занадта складаны, каб належаць усім, тым больш – усім разам.
Інакш са Свабодным тэатрам ды іншымі творцамі, якія дасягнулі той ці іншай ступені замежнага посьпеху. Ім ніяк не даруецца выкарыстаньне нэгатыўнага іміджу Беларусі ў мэтах самапапулярызацыі, нават калі гэтыя асобы, як, напрыклад, Вальжына Морт ці Альгерд Бахарэвіч, працуюць у інтарэсах беларускай культуры і на мясцовым мастацкім полі. Аднак прадукт, створаны адзінкавымі пасьпяховымі за мяжою праектамі, занадта складаны, каб належаць усім, тым больш – усім разам. Груба кажучы, яны не дзеляцца. Нам ад іхнага посьпеху ні горача, ні холадна...

“Публічная” крытыка маркетынгавай палітыкі Свабоднага тэатру збольшага зводзіцца да простай ідэі: “СТ разабраў усе шматразовыя шэнгенскія візы, і мне не хапіла”. Наўрад ці нехта ўяўляе сабе асаблівасьці ўсясьветнай тэатральнай індустрыі -- нашмат прасьцей заявіць, што яны банальна “гандлююць Радзімай”. У адсутнасьці патрэбы для культуры выжываць самастойна, мы ўсё яшчэ перакананыя, што мастацтва мусіць выглядаць як Белая Каралева ў новым фільме Ціма Бёртана.

Да таго ж посьпех людзей, з якімі ты яшчэ нядаўна піў піва, разьдзірае душу ня горш за “Чорны квадрат” Малевіча. На які можна доўга глядзець і слухаць, як ён крычыць табе так, што чуюць усе: “Ну, змагі!”

Разам зь “Ляпісамі” мы ўжо добра навучыліся “купляць беларускае”, але яшчэ слаба сабе ўяўляем, як гэта -- “прадаваць беларускае”.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG