Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шукаюць новыя падставы для ліквідацыі "Гавары праўду"


На 29 ліпеня ў Гаспадарчым судзе гораду Менску былі прызначаныя адразу два судовыя паседжаньні па пазовах Менгарвыканкаму да адукацыйнай установы "Рух наперад", якая заснавала кампанію "Гавары праўду".

Меркавалася, што раніцай пачнецца разгляд апэляцыі Менгарвыканкаму на рашэньне Гаспадарчага суду Менску. Тым рашэньнем было пастаноўлена не задавальняць пазоў аб прыпыненьні дзейнасьці асьветніцкай установы "Рух наперад", якая заснавала кампанію "Гавары праўду". Але адразу ж пасьля прадстаўленьня складу судовай калегіі прадстаўнік Менгарвыканкаму зьвярнуўся з хадайніцтвам. Сэнс яго ў тым, што ў адпаведнасьці з артыкулам 145 Гаспадарча-працэсуальнага кодэксу Менгарвыканкам хадайнічае аб прыпыненьні разгляду справы па апэляцыйнай скарзе да прыняцьця рашэньня па другім пазове Менгарвыканкаму. Гэты другі пазоў да таварыства з абмежаванай адказнасьцю "Tina Vlati" і ўстановы "Рух наперад" патрабаваў прызнаць несапраўднай дамову арэнды.

Аргумэнтацыя чыноўніка Менгарвыканаму — нібыта абедзьве справы ўзаемазьвязаныя. Намесьнік дырэктара ўстановы "Рух наперад" Ніна Пахлопка не пагадзілася з гэтым. Судовая калегія ўзяла перапынак, каб прыняць рашэньне, і літаральна праз 5 хвілін судзьдзя Аляксандар Карамышаў абвясьціў, што разгляд апэляцыйнай скаргі адкладаецца.

Прадстаўнік упраўленьня юстыцыі адмовіўся камэнтаваць, чаму ён папрасіў адкласьці разгляд сваёй жа апэляцыі:

"Пакуль жа рашэньне не прынятае, і таму камэнтаваць нічога мы ня маем права".

А разгляд другога пазову быў прызначаны на гэты ж дзень а 16-й гадзіне.

Намесьнік дырэктара Ніна Пахлопка кажа:

Ніна Пахлопка
"Гэта зусім іншая справа, яна ня тычыцца апэляцыйнай скаргі. Таму я лічу, што гэта ўсё сплянаваная акцыя — прызнаць у першую чаргу, што дамова арэнды несапраўдная, і потым на гэтай падставе яшчэ раз зьвярнуцца ў суд, каб прызнаць рэгістрацыю несапраўднай".

7 ліпеня Гаспадарчы суд пад старшынёўствам судзьдзі Андрэя Аляшкевіча не задаволіў першага пазову Менгарвыканкаму аб ліквідацыі "Руху наперад". Таму цяпер Менгарвыканкам, які фактычна прайграў, падаў апэляцыю і адначасова яшчэ адзін пазоў. Сутнасьць другога пазову ў тым, што "Рух наперад" быццам бы арандуе пад офіс памяшканьне, прызначанае пад гандлёвую залю. Але паводле дакумэнтацыі паўпадвальнае памяшканьне на праспэкце Машэрава, 54 — адміністрацыйнае, з уваходам з двара. Раней яго арандавалі пад офісы тры фірмы, і да іх падобных прэтэнзій не было.

Праваабаронца Раіса Міхайлоўская такім чынам тлумачыць дзеяньні Менгарвыканкаму:

"Калі яны прызнаюць дамову арэнды несапраўднай, то атрымліваецца, што ва ўстановы "Рух наперад" няма юрыдычнага адрасу. То бок і ў момант рэгістрацыі яго не было. Адпаведна, прызнаньне дзяржаўнай рэгістрацыі несапраўднае паводле гэтых падставаў".

Праваабаронца Раіса Міхайлоўская лічыць, што Менгарвыканкам, прайграўшы першы пазоў, шукае іншыя прычыны, каб зьліквідаваць "Рух наперад" і кампанію "Гавары праўду".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG