Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ва Ўкраіне адзін чалавек загінуў і як найменей восем было паранена ў выніку выбуху самаробнай бомбы, закладзенай у царкве ў Запарожжы.

Царква, у якой здарыўся выбух належыць Украінскай праваслаўнай царкве, што адносіцца да Маскоўскага патрыярхату і мае напружаныя стасункі з аўтакефальнай украінскай царквой.

Тэракт адбыўся ў апошні дзень візыту патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ва Ўкраіну.

Скрутак з самаробным выбуховым прыстасаваньнем быў закладзены на ўваходзе Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабору, што знаходзіцца на тэрыторыі гарадзкога рынку.

80-гадовая манашка, якая найбольш пацярпела ад выбуху, памерла ў шпіталі на апэрацыйным стале. Яшчэ 8 чалавек атрымалі адносна лёгкія траўмы; частка зь іх адмовілася ад шпіталізацыі або, атрымаўшы першую дапамогу, пайшла дадому.

Выбух адбыўся падчас вечаровага набажэнства.

Разбурэньняў будынку царквы няма, у ёй выбітыя шыбы. Прадстаўнікі УПЦ (МП) кажуць, што пашкоджаная сьцяна і частка іканастасу.

На месцы здарэньня працуюць крыміналісты. Сьледзтва сваіх вэрсіяў пакуль не агучвае.

Ачольнік Запароскай абласной адміністрацыі Барыс Пятроў адзначыў, што самаробная бомба не была "абалонкавай". Выбух такога прыстасаваньня не стварае асколкаў. "Можна дапусьціць што ў тых, хто гэта зрабіў мэты забіць людзей - не было", -- мяркуе Пятроў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG