Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WikiLeaks: Важна ведаць, што насамрэч адбываецца


Джуліян Эсанж

Джуліян Эсанж

У сусьветнай прэсе не сьціхае погалас пасьля публікацыі больш чым 90 тысяч сакрэтных дакумэнтаў аб аўганскай вайне, якую 25 ліпеня зьдзейсьніў сайт міжнароднай мэдыйнай арганізацыі WikiLeaks.org пад назвай "Afghan War Diary, 2004-2010" (Дзёньнік аўганскай вайны, 2004-2010)

Дакумэнты, якія арганізацыя WikiLeaks.org таксама перадала тром вядучым заходнім выданьням, праліваюць сьвятло на некаторыя невядомыя шырэйшай грамадзкасьці моманты аўганскай вайны. Між іншым, матэрыялы даюць падставы падазраваць, што пакістанская выведка дапамагала талібам у Аўганістане ў змаганьні з войскамі ЗША і НАТО.

Прапануем вашай увазе фрагмэнты інтэрвію, якое даў нашаму радыё Джуліян Эсанж (Julian Assange), заснавальнік WikiLeaks.org.

Радыё Свабода: Што вы скажаце на тыя галасы з Пакістану, якія ставяць пад сумнеў праўдзівасьць "Дзёньніка аўганскай вайны", апублікаванага на сайце WikiLeaks.org. У прыватнасьці, Гамід Гуль, былы кіраўнік выведкі Пакістану, сказаў, што гэтыя данясеньні — фальшыўкі.

Джуліян Эсанж: Нам трэба глядзець на гэтыя данясеньні праніклівым вокам. Гэта вялікі аб’ём матэрыялу. У ім 91 тысяча данясеньняў з палявых вайсковых частак і з амбасадаў датычных да Аўганістану, ад афіцэраў выведкі і ад інфарматараў. Інфарматары робяць свае данясеньні за грошы. Амэрыканскі ўрад плаціць ім за дасыланьне сур’ёзнай інфармацыі. А яны робяць гэтыя данясеньні ці то каб пазбыцца нейкага суперніка (нелюбімага суседа ці ворага сям’і), ці то каб фактычна даць патрэбную інфармацыю.

Калі мы глянем на матэрыялы, атрыманыя ад інфарматараў, дык убачым, што амэрыканскія вайскоўцы кожнаму зь іх прыпісалі этыкетку адносна яго верагоднасьці. І мы ўбачым, што вялікая частка данясеньняў датычыць пакістанскай выведкі. Безумоўна, любое зь іх можа быць непраўдзівае, як і любое зь іх можа быць праўдзівае. Але гледзячы якраз на гэтую вялікую колькасьць матэрыялаў адносна вялікай колькасьці розных абставінаў, у якіх усплывае пакістанская выведка, у чалавека ўзьнікаюць моцныя падазрэньні наконт ролі гэтай выведкі ў Аўганістане.

Радыё Свабода: У Пакістане ходзіць чутка, якую падаграваюць некаторыя пакістанскія службовыя асобы, што гэтая ўцечка інфармацыі была арганізаваная амэрыканскім урадам, каб апраўдаць большую вайсковую прысутнасьць у Пакістане ці нават захоп Пакістану.

Джуліян Эсанж: Гэта проста няпраўда. Людзі ж могуць прачытаць гэтыя данясеньні, дазнацца пра розныя дэталі і самастойна зьвязаць розныя абставіны адну з адной. І раней хадзіла чутка, што мы — гэта ЦРУ, але ж WikiLeaks.org абнародавала інфармацыю з інструкцыі па
Мы публікуем усіх, хто мае цяжкасьці з абнародаваньнем свайго матэрыялу.
кіраваньні турмой у затоцы Гуантанама, з электроннай пошты кандыдаткі ў віцэ-прэзыдэнты ЗША Сары Пэйлін, пра сакрэтныя кітайскія брыфінгі адносна цэнзуры, пра забойствы службовых асобаў у Кеніі і Ўсходнім Тыморы. З гэтага ясна вынікае, што мы ставімся да ўсіх непрадузята і публікуем усіх, хто мае цяжкасьці з абнародаваньнем свайго матэрыялу.

Радыё Свабода: Ці WikiLeaks.org атрымлівала пагрозы, што ў адносінах да яе будзе ўжыты гвалт або судовы перасьлед?

Джуліян Эсанж: Што тычыцца гэтага канкрэтнага выпадку, мы не атрымалі паведамленьня аб нейкай судовай пастанове ці юрыдычным дзеяньні ні супраць нас, ні супраць нашых юрыдычных партнэраў.

Ведаеце, паколькі мы зьяўляемся сур’ёзнай арганізацыяй, мы часам атрымліваем сур’ёзныя пагрозы. У адносінах да гэтага пытаньня не было пагрозаў фізычнай расправы. Тут рэч датычыць шпіянажу, і да нас даходзілі пэўныя трывожныя сыгналы з адміністрацыі ЗША месяц таму, у прыватным парадку. Яны, як здаецца, спыніліся, але яшчэ зарана рабіць высновы аб рэакцыі на гэтую публікацыю.

Радыё Свабода: Чаму вы вырашылі падзяліцца гэтай інфармацыяй з New York Times, The Guardian i Der Spiegel?

Джуліян Эсанж: Крыніцам нашай інфармацыі мы абяцаем дзьве рэчы: па-першае, мы зробім усё ў нашай моцы з тэхнічнага і юрыдычнага гледзішча, каб захаваць іхную ананімнасьць; па-другое, мы пастараемся зрабіць як мага большым грамадзкае ўзьдзеяньне перададзенага нам матэрыялу. Мы лічым, што ў гэтым выпадку мы выбралі правільны шлях, каб пабольшыць гэтае ўзьдзеяньне.

Радыё Свабода: Чаму, па-вашаму, так шмат важных крыніцаў вырашыла перадаць сваю інфармацыю вам, а не традыцыйным СМІ?

Джуліян Эсанж: Таму што мы — спэцыялісты. Мы — спэцыялісты ў ахоўваньні нашых крыніцаў. Мы — спэцыялісты ў падачы поўнага матэрыялу да агульнага ведама. Што тычыцца асноўных традыцыйных СМІ, дык працэс іх унутранай канцэнтрацыі давёў у некаторых
Мы — спэцыялісты ў падачы поўнага матэрыялу да агульнага ведама.
краінах да сытуацыі, у якой у адным горадзе толькі адна або дзьве дамінуючыя мэдыйныя арганізацыі і ў якой гэтыя арганізацыі хутчэй накладаюць аброць на свае крыніцы, чым даражаць імі. Гэта давяло да сытуацыі, у якой такая арганізацыя як New York Times трымае ў сакрэце істотную інфармацыю цягам году і не публікуе яе ўвогуле або публікуе адно некалькі разынак з таго, што атрымала ад сакрэтнага інфарматара, замест апублікаваць увесь матэрыял зь атрыманых дакумэнтаў.

Радыё Свабода: Чым, па-вашаму, зьяўляецца WikiLeaks.org — журналістыкай, грамадзкім актывізмам ці новым відам пасярэдніцтва між крыніцамі інфармацыі і журналістамі?

Джуліян Эсанж: Ідэя, якая стаіць за гэтым, насамрэч вельмі старая. Каб прымаць разумныя рашэньні, трэба ведаць, што ў сапраўднасьці адбываецца, а каб прымаць правільныя рашэньні, трэба ведаць і разумець, якія злоўжываньні ці пляны злоўжываньняў робяцца. Як тэхнолягі, мы разумеем, што важныя рэформы прыходзяць пасьля таго, як грамадзкасьць і палітыкі зразумеюць, што насамрэч адбываецца.
XS
SM
MD
LG