Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падрыхтоўчая праца для акцыянаваньня "Беларуськалію" завяршаецца”. Пра гэта сёньня паведаміў намесьнік дырэктара Фонду дзяржмаёмасьці Ўладзімер Кавалеўскі. Са слоў чыноўніка вынікае, што шматтысячны калектыў прадпрыемства фактычна адхілены ад прыватызацыі.

Намесьнік дырэктара Фонду дзяржмаёмасьці Ўладзімер Кавалеўскі назваў спэцыфічныя ўмовы акцыянаваньня "Беларуськалію" як флягмана беларускай эканомікі:

"Беларуськалій" ствараецца са 100-працэнтнай доляй дзяржавы. Мы там не праводзім льготнага продажу акцыяў работнікам прадпрыемства і прыраўнаваным да іх асобам. І таксама не праводзім абмену акцыяў на чэкі "Маёмасьць". Мы акумулюем 100-працэнтны пакет акцыяў для таго, каб пасьля можна было прапанаваць яго на дастаткова цікавых умовах інвэстару”.
Людзям паказалі на іхнае месца — хто яны такія ў нашай "усенароднай" дзяржаве...


Эканаміст Міхась Залескі лічыць: такія ўмовы прыватызацыі — гэта зьнявага для працоўнага калектыву:

“Проста людзям паказалі на іхнае месца — хто яны такія ў нашай "усенароднай" дзяржаве. Наагул, тыя ідэі, якія былі закладзеныя ў чэкавую прыватызацыю, адсоўваюцца ўсё далей і далей. І ў прававым пляне сытуацыя ўжо завершаная, то бок незразумела — да 2013 году падоўжана дзеяньне чэкаў, а самі яны не выкарыстоўваюцца і працоўныя калектывы да іх доступу ня маюць. І пра іх ніхто ўжо гаворкі не вядзе — сацыялізм забыты”.

Міхась Залескі кажа: рыхтуючы прыватызацыю "Беларуськалію", улады скарысталі досьвед акцыянаваньня Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу:

“У Мазыры існуе МНПЗ і МНПЗ+, у якім акцыянэрамі зьяўляюцца ці ня тры тысячы чалавек. І быў выпадак падчас судовых спрэчак з Расеяй, калі ўлады ўжылі на той час яшчэ магчымасьць выкарыстаньня "залатой акцыі". Цяпер гэта ўсё адсоўваецца. Сапраўды, "Беларуськалію" патрэбны нейкі буйны інвэстар. І для таго, каб пазбавіць магчымасьці ўдзельнічаць у прыватызацыі людзей не з таго кола, якое патрэбна Лукашэнку, тут яны ўжо адсоўваюцца".

Камэнтуючы новыя магчымасьці прыватызацыі, закладзеныя ў прэзыдэнцкім указе ад 19 ліпеня 2010 году, спадар Кавалеўскі найперш зьвярнуў увагу на рэзкае павышэньне апэратыўнасьці рашэньняў. Раней на продаж аб'екта вартасьцю да пяці тысяч базавых велічыняў (а гэта больш за 80% усіх аб'ектаў) абавязкова быў патрэбны дазвол ураду. Цяпер — дастаткова дазволу Дзяржкамітэту па маёмасьці. І яшчэ — упершыню ў Беларусі нерухомасьць можна будзе набываць у растэрміноўку. Але ня ўсю, удакладняе Ўладзімер Кавалеўскі:

"А толькі буйныя аб'екты, кошт якіх перавышае 10 тысяч базавых велічынь. То бок толькі тыя аб'екты, рашэньне па якіх прымае кіраўнік дзяржавы. Такія аб'екты, пачынаючы з кастрычніка 2010 году, можна будзе прадаваць на выплат тэрмінам да аднаго году".
Хаця нашы ўлады сказалі, што крызіс скончыўся, але падобна, што гэта ня так ...


Міхась Залескі лічыць, што гэтыя захады вымушаныя:

"Надта грошы патрэбныя. Тавар не знаходзіць пакупніка. І хаця нашы ўлады сказалі, што крызіс скончыўся, але падобна, што гэта ня так".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG