Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Цяжка перавесьці савецкую сыстэму адукацыі на эўрапейскую"


Улады заявілі пра пераход на эўрапейскія стандарты вышэйшай адукацыі —паводле гэтак званай балёнскай сыстэмы. Што гэта дасьць для студэнтаў? На гэтае пытаньне адказвалі навучэнцы гарадзенскіх ВНУ


Першы студэнт:
"Улада можа паставіць "галачку", так і будзе. Але мне здаецца, што нельга перавесьці савецкую сыстэму адукацыі на эўрапейскую. Вельмі цяжка. Яна складалася цягам некалькіх дзясяткаў гадоў, такой яна і застанецца. Патрэбны доўгі час, каб яе зьмяніць".

Другі студэнт: "Я мяркую, што гэта вельмі складана будзе зрабіць, таму што ёсьць шмат традыцый, ёсьць людзі, якія не жадаюць іх ламаць, руйнаваць. Але я лічу, што гэта будзе прычынай, што шмат людзей зьедзе з краіны, таму што нашыя дыплёмы будуць прымацца ў іншых краінах. Я цяпер магістрант, я пайшоў у Акадэмію навук, але заробкі вельмі маленькія. Я не змагу пражыць, я нават не магу здымаць кватэру, а яны не даюць інтэрнату".

Студэнтка: "Карысьць, можа, будзе ў адным — калі зьменяцца старыя стандарты, якія існуюць ва ўнівэрах. Тое, што мы вучым, адпавядае рэаліям, патрэбам, якія былі дзесяць год таму. Усё мяняецца вельмі хутка сёньня, але ўнівэр не перабудоўваецца. Ва ўсякім разе, у той сфэры, дзе я вучуся —інтэрнэт-тэхналёгіі і кампутары. Я думаю, што можа зьмяніцца — дык гэта менавіта якасьць навучаньня. Я спадзяюся, ва ўсякім разе".



Студэнт: "Я думаю, што дзяржава павінна баяцца такіх захадаў. Я ведаю шмат людзей, праграмістаў, якія хочуць зьехаць. Іх стрымлівае толькі тое, што іхнія дыплёмы не прызнаюцца за мяжой".

Іншы студэнт: "Ці ёсьць карэнныя адрозьненьні ад нашай сыстэмы адукацыі? Мы самі ня ведаем пра гэта. Мне здаецца, што ў нас усё добра, сыстэма нармальная: калі чалавек хоча вучыцца, ён будзе, калі ня хоча, то тут ніякая сыстэма, я лічу, не дапаможа. Я лічу, што тады павінна быць такая зьмена —каб нашыя студэнты змаглі выяжджаць у заходнія краіны вучыцца, вучыць мову, глядзець на замежных студэнтаў, іхні вопыт браць. Таму што цяпер гэта вельмі рэдка бывае ў нас, толькі адзінкавыя выпадкі ".

Студэнт: "Па-першае, узровень кваліфікацыі студэнтаў павінен зьмяніцца, затым — годная аплата працы пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. І, канечне ж, усе будуць чакаць дыплёму, які будзе каціравацца ня толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі".

Студэнтка: "Будзем спадзявацца, што калі гэта ўвядуць, то дазволяць выехаць за межы краіны і там гэта прыдасца. Але я думаю, што ня хутка ў нас такое ўвядуць, толькі размовы. Гэта яшчэ доўга будуць уводзіць, гадоў дзесяць — гэта дакладна".

Студэнт: "Я думаю, што чагосьці добрага гэта не прынясе і кардынальна нічога ня зьменіцца. Нейк ня вельмі верыцца ў перамены вялікія ў сыстэме адукацыі. Ня ведаю, на якасьць адукацыі, лічу, гэта не паўплывае".
XS
SM
MD
LG