Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Залеская


Алена Залеская
Алена Залеская

На 78-м годзе жыцьця пасьля цяжкой хваробы пакінула гэты сьвет старэйшая віцебская апазыцыянэрка Алена Залеская.


На пачатку 2000-х Алена Залеская кіравала гарадзкой, а потым абласной арганізацыяй АГП. Адмовіцца ад актыўнай палітычнай дзейнасьці яе прымусіла сардэчная хвароба, але не пачэсны ўзрост. Да апошніх дзён яна актыўна цікавілася ўсімі падзеямі ў дэмакратычным асяродку і заўсёды прапаноўвала дапамогу, кажа цяперашні старшыня віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімер Алексенка:

"Алена Васілеўна — адзін зь першых сябраў АГП, яшчэ з 1996 году, калі Грамадзянская партыя зьлілася з Аб’яднанай дэмакратычнай партыяй. І яна ніколі ня здраджвала партыйным прынцыпам. Зь ёй часам было складана супрацоўнічаць іншым дэмакратычным утварэньням Віцебску, таму што яна заўжды казала ў вочы, што думае, не зважаючы ні на асобы, ні на нейкія акалічнасьці".

Пад кіраўніцтвам Алены Залескай у Віцебску ладзіліся шматлікія вулічныя акцыі — і да ўгодкаў Чарнобылю, і да Дня незалежнасьці, і "Ланцугі неабыякавых людзей", калі дзясяткі людзей выходзілі ў цэнтар гораду з партрэтамі зьніклых і сьвечкамі, згадвае незалежны журналіст Уладзімер Жыгулоў:

"У Віцебску, мусіць, доўга яшчэ ня будзе такой жанчыны, якая была б здольная павесьці за сабой натоўп. Зь лёзунгамі, са званамі, пытаючыся ва ўсіх: "Дзе яны, зьніклыя Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі?" Гэта была неардынарная асоба. Яна магла зьехаць за мяжу, у Амэрыку, дзе жывуць яе дочкі. Але — не паехала."

Дзьвюх дачок Алена Залеская выгадавала практычна адна пасьля разводу з мужам. Да пэнсіі яна працавала настаўніцай матэматыкі, потым — у музэі Марка Шагала.

Віцебская каардынатарка стваранай партыі БХД Тацяна Севярынец кажа, што захаплялася Аленай Залескай ня толькі таму, што тая мела рашучы характар і цьвёрдыя палітычныя перакананьні:

"Для мяне яна была ўвасабленьнем жаноцкасьці! Яна такая была майстрыца, столькі ўмела рабіць, яна вязала, шыла, у яе заўжды былі такія цікавыя ўборы, то сарафанчык новы, то кашулька… Вельмі шкада Алены Васілеўны, няхай Божа прыме да сябе яе душу! Такіх людзей — адзінкі. Гэта чалавек, які не выносіў бруду ні ў якім увасабленьні — ні ў фізычным, ні ў духоўным. І адпавядаць ёй было насамрэч цяжка: трэба было быць патрабавальным да людзей і да сябе гэтаксама, як і яна".

Кравецкі талент Алены Залескай дужа прыдаўся: менавіта ёй належыць вынаходка бел-чырвона-белых шалікаў, якія актывісты выкарыстоўвалі часам замест сьцягоў, надзяючы на розныя акцыі. Віцебская міліцыя бывала ў разгубленасьці, бо пакараць за элемэнт адзеньня падавалася недарэчным. Але каралі і за гэта. Спадарыню Залескую неаднаразова затрымлівалі, судзілі, штрафавалі, адно што ніколі так і не наважыліся пакараць гэтую спадарыню ўжо немаладога веку турмой ці арыштам.

Барыс Хамайда не аднойчы замаўляў Алене Васілеўне бел-чырвона-белыя сьцягі, якія потым луналі над Віцебскам:

"Яна падышла да мяне, калі ўжо адчувала, што ня можа рабіць столькі ж, як раней, і спытала: "Чым я магу дапамагчы?" Я сказаў: "Алена Васілеўна, трэба пашыць сьцягі"… Яна дужа чакала пераменаў да лепшага ў жыцьці Беларусі. Я лічу, ейнае імя назаўжды застанецца ў гісторыі дэмакратычнага руху Віцебшчыны. У гэтым горадзе яна змагалася і тут засталася назаўжды".

Алена Залеская пашыла і самы першы бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ў Віцебску задоўга да таго, як яго спачатку прызналі дзяржаўным сымбалем, а потым забаранілі. Пасьля паразы ўдзельнікаў жнівеньскага путчу 1991-га году ён быў пашыты ў адну ноч, а зранку лунаў на ратушы. Алена Залеская казала, што гэта было надзвычай прыгожа, і лічыла гэты сьцяг увасабленьнем свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG