Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наша Ніва" атрымала два папярэджаньні


На працягу аднаго тыдня газэта "Наша Ніва" атрымала два папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі. У загалоўках артыкулаў, у якіх былі знойдзеныя "парушэньні", фігуруе "Хросны бацька".

У папярэджаньні ад 22 ліпеня Міністэрства інфармацыі вінаваціць газэту ў распаўсюдзе зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. Падставай для абвінавачаньня стаў загаловак "Хросны бацька сканфіскаваў".

"Паводле артыкулу 244 Грамадзянскага кодэксу РБ канфіскацыяй зьяўляецца бязвыплатнае выманьне маёмасьці ва ўласьніка ў выглядзе санкцыі за ўчыненае злачынства ці іншае правапарушэньне", — адзначае Міністэрства інфармацыі. Далей прадстаўнікі міністэрства спасылаюцца на інфармацыю РУП "Белсаюздрук" аб тым, што наклад «Нашай нівы» № 25 ад 7 ліпеня 2010 году «быў накіраваны для рэалізацыі ў гандлёвыя аб’екты прадпрыемства». Адпаведна, лічыць Міністэрства інфармацыі, «канфіскацыя выданьня не ажыцьцяўлялася".

Інфармацыя, зьмешчаная ў артыкуле "Хросны бацька сканфіскаваў", як адзначаецца ў лісьце за подпісам міністра Алега Праляскоўскага, "можа нанесьці шкоду ў тым ліку і дзяржаўным інтарэсам, паколькі скажае практыку ўзаемадзеяньня дзяржавы са сродкамі масавай інфармацыі».

Другое папярэджаньне, датаванае 26 ліпеня, тычыцца артыкулу "БРСМ рэклямуе фільм "Хросны бацька". "Згодна з інфармацыяй грамадзкага аб’яднаньня "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" актывістамі згаданага аб’яднаньня 6 ліпеня ў Менску была зладжаная акцыя, зьместам якой не зьяўлялася рэкляма згаданага фільму", — адзначаецца ў лісьце. Адпаведна, лічаць у Міністэрстве інфармацыі, "апублікаваная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і ганьбіць рэпутацыю дадзенай юрыдычнай асобы".

Абодва папярэджаньні беспасярэдне тычацца нумару "Нашай нівы", які чытачы па ўсёй краіне не знайшлі ў кіёсках "Белсаюздруку", адзначае сайт газэты "Наша ніва".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG