Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 78-м годзе жыцьця пасьля цяжкой хваробы пакінула гэты сьвет віцебская апазыцыянэрка Алена Залеская.

Алена Залеская ў пачатку 2000-х кіравала гарадзкой, а потым абласной арганізацыяй АГП. Пад яе кіраўніцтвам праходзілі шматлікія “Ланцугі неабыякавых людзей”, калі дзясяткі людзей выходзілі ў цэнтар Віцебску з партрэтамі зьніклых Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага.

Міліцыянты неаднаразова затрымлівалі Алену Залескую, суды абкладалі пенсіянэрку штрафамі, адно што пазбаўленьнем волі ніколі так і не наважыліся пакараць спадарыню ўжо немаладога веку, якая да апошніх дзён імкнулася захаваць сваю жаноцкасьць і прыгажосьць.

Алена Залеская была выдатнай краўчыхай, добра вязала, і на яе ўборы нярэдка аглядаліся мінакі. А яшчэ яна шыла бел-чырвона-белыя сьцягі для віцебскіх актывістаў. І самы першы бел-чырвона-белы сьцяг, які залунаў над Віцебскам у 1991-м годзе, быў таксама пашыты яе рукамі.

Менавіта Алене Залескай належыць вынаходніцтва бела-чырвона-белых шалікаў, якія актывісты выкарыстоўвалі часам замест сьцягоў, адзяваючы на розныя акцыі. Віцебская міліцыя бывала ў разгубленасьці, бо пакараць за элемэнт адзеньня падавалася недарэчным. Але каралі і за гэта, і спадарыні Залескай даводзілася шыць дзясяткі новых шалікаў замест канфіскаваных міліцыяй.

Паводле адукацыі Алена Васілеўна была настаўніцай матэматыкі. Яна ведала шмат народных песень, пераважна ўкраінскіх, бо нарадзілася ва Ўкраіне. У апошнія гады вывучала беларускую мову, але болей чытала, чымся размаўляла – па-настаўніцку строга ставілася да ўласных моўных памылак…

Старэйшая віцебская апазыцыянэрка ўзгадавала дзьвюх дачок, якія ўжо даўно маюць свае сем’і і жывуць у ЗША. Разьвітацца з маці зможа прыехаць толькі адна. Пахаваньне адбудзецца ў чацьвер. Апошняй воляй памерлай было, каб яе абавязкова пахавалі ў тым самым бел-чырвона-белым шаліку, у якім яна хадзіла на акцыі, у суды і на сустрэчы з аднадумцамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG