Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльду Ларысе Геніюш у Ваўкавыску будуць “судзіць”?


Сёньня ў Ваўкавыску не адбылося адкрыцьця памятнай шыльды, прысьвечанай вядомай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Шыльда зьнікла са сьцяны прыватнага дому на вуліцы Перамогі, 40. Мясцовы краязнаўца Мікалай Кавальчук, які павесіў шыльду, быў затрыманы. Яго выпусьцілі з пастарунку толькі праз тры гадзіны.

Калі побач з домам №40 на вуліцы Перамогі пачалі зьбірацца аматары творчасьці Ларысы Геніюш, яны ўбачылі на сьцяне толькі дзіркі, самой мэмарыяльнай шыльды не было. Насупраць дзяжурыла міліцэйская машына і “Волга” зь людзьмі ў цывільным. У Ваўкавыск прыехалі зь Менску паэты Уладзімер Някляеў і Міхась Скобла, краязнаўца Анатоль Белы (ён стаў галоўным ініцыятарам стварэньня памятнай дошкі), дасьледчык літаратуры Анатоль Сідарэвіч, крытык Аляксандар Фядута, былі людзі з Мастоў, Сьвіслачы, Зэльвы, Горадні.

Газавая служба абвясьціла трывогу каля дому №40 на вуліцы Перамогі

Раптоўна з сырэнай пад’ехала машына аварыйнай газавай службы. Рабочы схапіў кароткую агароджу са знакам забароны праезду і бегма кінуўся наперад, каб паставіць яе непадалёк ад дому, зь якога зьнікла шыльда, прысьвечаная Ларысе Геніюш. Такі ж знак паставілі з другога канца вуліцы, забараніўшы праезд на адцінку прыблізна двухсот мэтраў. Спынілі маршрутны аўтобус, прымусіўшы пасажыраў ісьці далей пешшу. Брыгада працаўнікоў “аблгазу” адразу пачала абыходзіць дамы, быццам бы правяраючы газавыя трубы. Гэта перш за ўсё датычыла дому №40, у падворку пачалі брахаць сабакі. І пад гэты брэх гаварылі Міхась Скобла, Анатоль Белы, Уладзімер Някляеў. Да іх выйшла гаспадыня дому і сказала, што шыльда сапраўды ранкам яшчэ вісела на сьцяне, але потым нехта яе зьняў.

У.Някляеў, А.Белы, М.Скобла каля дому, зь якога зьнікла памятнай шыльда

Някляеў: “Можа быць заўтра гэтым людзям, які ўчынілі проста вандалізм, і хай яны гэтага не разумеюць, але ім будзе — праз тое, што мы робім, — заўтра ці пазаўтра сорамна. Таму што яны ваююць ня супраць нас, ня супраць тых людзей, якія захацелі, каб тут вісела дошка, каб выйшла кніга яшчэ адна пра Ларысу Геніюш, – яны ваююць супраць будучыні. Гэта безнадзейная барацьба. Мы пераможам, пераможа Геніюш, пераможаце вы, пераможа Беларусь. Жыве Беларусь!”

Увесь час вяліся апэратыўныя відэаздымкі аматараў творчасьці Геніюш

Пасьля гэтага ля стаянкі з машынамі на вуліцы Перамогі міліцыянты папярэдзілі аматараў творчасьці Геніюш, каб яны разыходзіліся, інакш будзе лічыцца, што яны праводзяць несанкцыянаваную акцыю.

Міліцыянты папярэджваюць, старшы — падпалкоўнік Віктар Юшкевіч

Выслухаўшы міліцыянтаў, усе накіраваліся да Ваўкавыскага РАУС, каб высьветліць лёс Мікалая Кавальчука. Некалькі дзясяткаў чалавек увайшлі ў пастарунак, і неўзабаве міліцыянты выпусьцілі затрыманага. Ён выйшаў і паведаміў, што напісаў заяву аб тым, што лічыць сябе пацярпелым, паколькі шыльду Ларысе Геніюш, якую ён павесіў на прыватным доме па дамоўленасьці з гаспадарамі, зьнялі безь ягонай згоды і без дазволу гаспадароў. Міліцыянты адказалі, што лёс шыльды будзе “вырашаць суд”. Калі ён вырашыць вярнуць шыльду, яе аддадуць, а калі не, то спадар Кавальчук назад яе не атрымае.

Міліцыянты вызвалілі Мікалая Кавальчука, на вуліцу з РАУС яны выйшлі разам з Уладзімірам Някляевым

Дом, які стаіць цяпер на вуліцы Перамогі, 40 у Ваўкавыску, быў збудаваны ў вёсцы Жлобаўцы, у ім нарадзілася Ларыса Геніюш. Пра гэта паведаміў паэт Міхась Скобла. У 1948 годзе гэты дом перавезьлі ў Ваўкавыск.

З Ваўкавыску аматары паэзіі Ларысы Геніюш накіраваліся ў лес, дзе барды сьпявалі песьні, у тым ліку на яе тэксты, а паэты чыталі яе вершы, а таксама — прысьвечаныя ёй. Сьвята паэзіі адбылося пад кантролем міліцыянтаў, якія таксама прыехалі ў лес.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG