Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьбіраюцца да 2020 году вынесьці за межы Менску блізу двух дзясяткаў прамысловых аб'ектаў, а пэрымэтар беларускай сталіцы "закальцаваць" гарадамі-спадарожнікамі, у якія плянуюць перавабіць некалькі дзясяткаў тысяч менчукоў. Якія мэты перасьледуе глябальны праект перасяленьня?

Паводле новай рэдакцыі Генэральнага пляну разьвіцьця Менску да 2030 году, колькасьць насельніцтва ў сталіцы не павінна перавышаць 2 мільёны чалавек. Цяпер у Менску жыве амаль 20% усіх жыхароў краіны.

Як расказаў начальнік упраўленьня горадабудаўніцтва Камітэту архітэктуры Менскага гарвыканкаму Сяргей Казлоўскі, каб выправіць дыспрапорцыю, былі прапанаваныя два варыянты: пабудаваць з нуля і ў чыстым полі новы спадарожнік — альбо "ўшчыльніць" бліжэйшыя ад Менску гарады, стварыўшы там жылыя кварталы "паводле стандартаў сталіцы". Першы экспэрымэнт плянуецца рэалізаваць у Смалявіцкім раёне — у горадзе неўзабаве пачнецца ўзьвядзеньне жылога кварталу на 10 тысяч жыхароў, недалёка ад яго паўстане катэджавы пасёлак на 14 тысяч чалавек:

Сяргей Казлоўскі
"На першым этапе, а гэта 2010—2015 гады, мы плянуем рэалізаваць два экспэрымэнтальныя праекты ў Смалявіцкім раёне і непасрэдна ў горадзе Смалявічы. Другі этап ахопіць 2016—2020 гады, і ў якасьці гарадоў-спадарожнікаў папярэдне вызначаныя тыя ж, магчыма, Смалявічы (другая чарга), таму што патэнцыял тэрыторыі там дазваляе пабудаваць жылы раён значна большы, чым на 10 тысяч жыхароў. Таксама ў якасьці патэнцыйных гарадоў, дзе мы можам ажыцьцяўляць будаўніцтва, выбраныя Заслаўе, Лагойск, Фаніпаль, Дзяржынск, Рудзенск, Стоўпцы, Узда, Жодзіна".

У чарзе на атрыманьне жыльля і паляпшэньне жыльлёвых умоў стаяць 270 тысяч менскіх сем'яў. Многія чакаюць па два дзясяткі гадоў і гатовыя да таго, што так нічога і не дачакаюцца. Але, як кажуць у Менгарвыканкаме, цяпер ахвотным будуць прапаноўваць жыльлё паводле новых стандартаў у гарадах-спадарожніках. Каб зацікавіць людзей на пераезд, распрацоўваецца мэханізм ільготнага доўгатэрміновага крэдытаваньня. Праўда, масава завабіць людзей наўрад ці ўдасца: з улікам нанава стваранай інфраструктуры кошт квадратнага мэтра жыльля супастаўны зь менскімі расцэнкамі.

Таксама заплянаваны паступовы вывад зь Менску некаторых прамысловых прадпрыемстваў. Працэдура, словамі спадара Казлоўскага, таксама разьлічаная на два этапы, да 2020 года. У першую чаргу са сталіцы зьедуць 12 вытворчых аб'ектаў:

"Гэты тузін выбраны не выпадкова: пачынаючы з 2005 году, комплекс мерапрыемстваў дзеля падрыхтоўкі да іх пераносу ўжо ажыцьцяўляецца. Сярод іх: Менская друкарня кіраўніцтва справамі прэзыдэнта на праспэкце Дзяржынскага, станкабудаўнічы завод імя Кірава і завод Кастрычніцкай рэвалюцыі, прадпрыемства "Будтэкс" у Партызанскім раёне. Таксама аэрапорт "Мінск-1" і Менскі авіярамонтны завод, філіял "Менаблгазу" ў раёне вуліцы Гурскага. Пераедуць дрожджавы камбінат, гарэлачны завод "Крышталь", фабрыка "Беларускія шпалеры" на вуліцы Мельнікайце і акцыянэрнае таварыства "Сукно" на вуліцы Цэткін. Другі этап: вопытна-экспэрымэнтальны завод тэхналягічнага абсталяваньня, фабрыка "Галантэя" на Цэткін, Менскі экспэрымэнтальны фурнітурны завод са Старавіленскай, "Менскмэбля" і "Менскпраектмэбля" на Кальварыйскай".

Вядомы беларускі архітэктар Лявонцій Зданевіч вітае намеры спыніць разрастаньне Менску. Аднак пры гэтым лічыць: прымусам перасяліць менчукоў на пэрыфэрыю наўрад ці ўдасца. На яго перакананьне, каб пэрыфэрыя не імкнулася ў сталіцу, трэба ствараць умовы для працы і зарабляньня грошай ня толькі ў Менску, а па ўсёй краіне:
Тое, што зараз ківаюць на гарады-спадарожнікі — гэта ўсё кампанейшчына ...

"Я таксама лічу, што нельга паўтараць памылкі, якія робяцца ў іншых мэгаполісах. Напрыклад, Масква — ужо немагчымы для жыцьця горад. Узяць хоць бы праблему аўтамабільных затораў і г.д. Менск не павінен склікаць пад свае сьцены палову насельніцтва ўсёй краіны. Гэта сьмеху варта. Але ж чаму не разьвіваць паселішчы, якія існуюць — гарады, раённыя цэнтры? Таму што гэта можна зрабіць толькі тады, калі ў людзей будзе праца, будзе магчымасьць разьвіваць свой бізнэс. Вось у чым галоўная праблема. Чаму не разьвіваюцца нашы малыя гарады, гістарычныя гарады ў тым ліку? Бо няма працы ў людзей. Палітыка такая ў дзяржавы, што працы няма. Тое, што зараз ківаюць на гарады-спадарожнікі — гэта ўсё кампанейшчына. Вы ж зразумейце: проста так за 40 кілямэтраў людзі да ложка свайго наўрад ці езьдзіць будуць. І наўрад ці мэтазгодна адрываць бацьку ад дзяцей, маці ад дзяцей…"

Цягам апошніх 10 гадоў насельніцтва Менску павялічылася на 146 тысяч чалавек, тым часам як прырост гарадзкіх жыхароў па краіне склаў лічбу ўдвая меншую. У Менскай вобласьці, дзе і плянуецца разьвіваць асноўныя гарады-спадарожнікі, людзей стала меней на 2,8%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG